21 ліпеня 1944 года.
Вільнюс.
Вялікаму Сталіну ура! ура! ура!
Я самы шчаслівы чалавек у свеце. Пра мяне пішуць ва ўсіх газетах Савецкага Саюзу. Мой фотаздымак размясціла мноства ілюстраваных часопісаў: як героя надзвычайнай партызанскай барацьбы ў тыле ворагаў Расіі. Толькі мне прыкра ад таго, што пра маёра як пра камандзіра нашага атраду пішуць яшчэ больш, чым пра мяне.
Маёр мне сказаў, што аб нашым геройскім атрадзе будуць складаць песні, пісаць кніжкі і можа нават вялікі фільм здымуць. А штандар нашага атраду ўжо адаслалі ў Маскву, і ён будзе памешчаны там у спецыяльным гістарычным музеі, прысвечаным барацьбе за вызваленне Расіі ад гітлераўскага нападу. Гэты штандар стане пуцяводнай зоркай для Расіі і камуністаў усяго свету.
Вельмі гэта прыемнае самапачуццё.
11 жніўня 1944 года.
Вільнюс.
Апошні раз я пісаў 21 ліпеня. Потым не меў часу, хаця было шмат цікавых рэчаў для занатавання. Цяпер распавяду троху больш.
Вось, жыву я зноў у вучыцелек. Праз два тыдні пайшоў я туды. Бабы як убачылі мяне, дык вельмі спалохаліся. А я адразу валю да майго пакоя і бачу, што дзверы адчыненыя. А я ж пакінуў іх добра зачыненымі на ўсе засаўкі і навясныя замкі.
– Хто гэта зрабіў?! – спытаўся я пагрозліва.
Марыя Іванаўна адказала:
– Нямецкае гестапа. Некалькі разоў сюды прыходзілі і аб вас распытвалі. Потым выламалі дзверы. Прывяла іх сюды нейкая прастытутка, Ірэна, якая жыла насупраць і мела з вамі нейкія справы. Гестапаўцы распытвалі ўсіх нас пра лейтэнанта Зубава, бо атрымалі аднекуль інфармацыю, што ён тут жыў і быў вядомым камуністам.
Зразумеў я, што зрабіў вялікую памылку, калі паслаў пісьмо ў гестапа, каб пакараць тую подлую Ірку. З гэтага вынікала толькі тое, што заставалася самога сябе дакараць, бо мае найкаштоўнейшыя рэчы зніклі. Толькі катарынкі немцы не забралі, таму Марыя Іванаўна ў сваім пакоі яе захоўвала. Імгненна аддала яе мне. І яшчэ адна рэч засталася ў пакоі некранутай: партрэт Гітлера, які я, выходзячы з Вільні, на ганаровым месцы павесіў. Садраў я партрэт са сцяны, шпурнуў на падлогу і нагамі патаптаў. Потым аблаяў належным чынам баб і загадаў ім тэрмінова вызваліць для мяне яшчэ адзін пакой. Я цяпер вялікая асоба і не выпадае мне жыць абы-як. А гэтыя тры бабы з дзіцёнкам могуць цудоўна і ў адным пакоі змясціцца.
Не магу я нашкадавацца свайго чамадана і ботаў. Але пісатлет і дакументы, якія перад выхадам з гораду схаваў пад абшыўкай крэсла, ацалелі.
11 лістапада 1944 года.
Вільнюс.
Баценьку свету, вялікаму Сталіну, ура! ура! ура!
Дзяржвыдат выдаў у 1.000.000 экземпляраў кніжку слыннага пісьменніка Іллі Сталінбздурга пад назвай Нязломныя. Гэта аповед пра дзейнасць нашага партызанскага атраду імя Ванды Васілеўскай. У гэтай кніжцы на першай старонцы ёсць партрэт, натуральна, Сталіна; потым – партрэт Ванды Васілеўскай, апякункі нашага атраду; потым маёра, потым мой; і нарэшце усяго нашага атрада ў розных сітуацыях: у баявым парадку, на прывале, і г.д. У кніжцы ёсць таксама 15 карт з раёнаў нашых баявых аперацый і адпаведна перароблены, а таксама літаратурна апрацаваны Дзённік нашага атраду. Але цікавей за ўсё, несумненна, апісанне нараджэння нашага атраду і яго вялікіх подзвігаў пяра Іллі Сталінбздурга. Так ужо маляўніча і прыгожа ён там нашы гераічныя бітвы з пераважаючымі сіламі гітлераўцаў апісаў, быццам і сам разам з намі змагаўся за вольнасць Расіі і свету. Так, мы можам ганарыцца нашымі савецкімі пісьменнікамі. Здольнасці ў іх незвычайныя!
Акрамя таго я даведаўся, што павінны быць зняты фільм пад той жа назвай НЯЗЛОМНЫЯ. Відавочна, што гэта будзе найвыдатнейшы фільм у свеце, асабліва каштоўны тым, што абапіраецца на цалкам праўдзівыя падзеі. Толькі ў ім Расія і ўвесь свет здолеюць убачыць, якіх цудаў адвагі і самаахвярнасці здатны дасягнуць супольна расійскія афіцэры і польскія камуністы, якіх натхняе вялікая ідэя сталінскага сацыялізму!
Будзе таксама пастаўлены пад той жа назвай тэатральны спектакль. А савецкія паэты ўжо складаюць аб нас паэмы і балады… Як бачыце: акупілася мне мая нязломная камуністычная адданасць Расіі і яе ВЯЛІКАМУ правадыру!… Яшчэ мяне шчодра ўзнагародзілі за маю адвагу і цяжкое змаганне з крыважэрнымі фашыстамі. У дні свята кастрычніцкай рэвалюцыі мне прысвоілі званне капітана і адначасова ўручылі ордэны Суворава, Кутузава, а таксама Грунвальда. Маёру ж прысвоілі палкоўніка і ўзнагародзілі ордэнамі Леніна, Сталіна, а таксама Дзяржынскага.
Читать дальше