– А да якога адрамантуеце?
– Заўтра ў гэты ж час прыйдзеш, будуць гатовыя.
Развітаўся я з імі надзвычай ветліва і пайшоў. Але вельмі быў устрывожаны, што боты дрэннымі аказаліся. Ашукалі мяне на рынку. Зрэшты і цана іх танная была.
Думаў я, думаў: што рабіць?… Нарэшце вырашыў запытацца ў шаўцоў, каб падказалі, колькі б новыя, з добрага тавару, боты каштавалі?
Назаўтра дачакаўся я вечара. Заўважыў, што ў вокнах дамка, у якім шаўцы жывуць, святло запалілася. Тады я яшчэ з гадзіну счакаў, каб ім не перашкаджаць. Ведаў, што вячэру ядуць. Потым пачак добрых папяросаў узяў і пайшоў да іх. Пачастую, дык можа будуць у лепшым гуморы.
Пачуў я, што гармонь грае. Зразумеў з таго, што яны павячэралі, таму пайшоў да іх.
– Добры вечар, панове! – кажу.
– Добры вечар! Сядай! – сказаў старэйшы шавец.
Пайшоў у кут і з-пад століка мае боты выцягнуў. Ніякага да іх шанавання не выказаў, бо нават у паперу не загарнуў. Падаў іх мне. Аглядзеў я ўважліва работу. Нават следу не знайшоў, што падэшва была адарваная. Бачна адразу, што яны добрыя прафесіяналы.
– Вельмі добра мне гэта зрабілі, – кажу. – Добрыя вы прафесіяналы.
А ён кажа:
– У прынцыпе мы гэтага не рабілі. Нам часу шкада марнаваць на такое паскудства. Хлопец чаляднік, вучань, гэта залатвіў. Давай літ для яго за працу!
Заплаціў я, а потым усіх папяросамі пачаставаў. Толькі пасля гэтага спытаўся:
– Падкажыце мне, панове, ці не маглі б вы мне самавітыя боты выштукаваць?
– Чаму не, – адказаў старэйшы шавец. – Можна. Для таго і існуем, так, напрыклад, як зубы для жавання, альбо пыса для плявання. А якія хочаш?
– Найлепшыя, якія толькі могуць быць. Бо калі паведамілі, што тыя боты дрэнныя, дык я ужо радасці ад іх мець не буду.
– Вядома, – згадзіўся шавец. – Па мокрым за два тыдні разлезуцца. Бачыш: ужо скрывіліся, наскі апалі, а абцасы ў зад пайшлі.
– Вось таму і так, – кажу я. – Зрабіце мне боты з найлепшай скуры; такія, каб былі і моцныя, і элегантныя. Колькі будзе каштаваць?
– Магу я табе пашыць боты з сапраўднага французскага шэўро – сказаў шавец. – Будуць лёгкія, зручныя, але і моцныя. А каштаваць гэта будзе 120 рублёў.
– Чаму так дорага?
– Дорага? – спытаўся шавец. – Тады не замаўляй. Ніхто цябе не прымушае. Калі хочаш мець дыхтоўную рэч, дык трэба і добра заплаціць. Зрэшты, гэта зусім не дорага. Колькі ў вас у Расіі добрыя боты каштуюць?
– Не памятаю, – адказаў я, бо не мог яму ўсёй праўды паведаміць.
– Калі не памятаеш, дык я табе нагадаю, – сказаў шавец. – Па-першае, таму у вас дыхтоўных ботаў ніхто не мае, што ні матэрыялу добрага не маеце, ні добрых рамеснікаў. Бо шаўцы вашы ў арцелях нормы вырабляюць. А вядома, як працуюць рабочыя за ўбогую жратву і ліхую плату. Так, абы работу адбыць. І гэта ваша паскудства ў Расіі, на вольным рынку, ад 700 да 1000 рублёў каштуе. А як што-небудзь троху лепшае, дык і шмат даражэй. Таму заплаціць 120 рублёў за дыхтоўны тавар і добрую працу дорага для цябе не будзе.
Умяшаўся другі шавец – той, што на гармоніку граў:
– Што ты яго вучыш? Ён сам добра ўсё ведае, але дурнем прыкідваецца. Не хоча 120 рублёў за добрыя боты заплаціць, дык няхай едзе да сабе ў сваю Маскву. Там, на вольным рынку, за такія грошы хіба толькі лапці сабе купіць. Тутэйшыя цэны – гэта ж проста рабунак. А ён пысу вароціць: задорага!
Тут я не стрываў і сказаў:
– Як рабунак? Я ж вам грашыма заплачу!
– А чаго тыя вашы грошы вартыя?… Пакуль вы тут, дык ваш рубель ідзе за літа. А як вас адсюль выкінуць, дык і за дзесяць рублёў ніхто ні літа, ні польскай залатоўкі не дасць. Тожа мне ўсталявалі курс: рубель роўны з літам! Гэта ж тое самае, як бы мы прыйшлі да вашай Масквы і зарадзілі, што польская залатоўка роўная вашым 1000 рублям. Ці ж гэта не рабунак? У вас дрэнны хлеб, атрыманы па талонах, за якім трэба ноч у чарзе стаяць, каштуе 2 рублі за кіло. А ў нас белы хлеб каштуе 20 грошай. І без аніякай чаргі…
– Што ты яму тлумачыш? – прамовіў старэйшы шавец. – Ён і без цябе гэта добра ведае, але яму такую школу наладзілі, што інакш казаць не можа, акрамя як: “У нас всё есць!… У нас всево многа!… У нас всё лучшэ!… У нас всё дзешэвле!” [1] Звыклыя сьцьверджаньні ўсіх расейцаў, якія прыйшлі на акупаваныя 6альшавікамі тэрыторыі "У нас усё ёсьць!... У нас усяго багата!... У нас усё лепей!... У нас усё таньней!".
Зрабілі з яго папугая і з’яўляецца ён “круглым” дурнем!
Тады я ўстаў. Адчуў, што болей не стрываю. Нават на сур’ёзнае “мардабіцце” ў абарону Савецкага Саюзу рызыкнуў. І ім праўду ў вочы вываліў:
Читать дальше