Прыняў я ўчора ўдзень дзяжурства і расставіў варту, каб ахоўваць казармы і сацыялістычную маёмасць ад замахаў капіталістычных агентаў. Вартоўня знаходзіцца тут жа ў казармах і я як камандзір аховы меў у ёй асобны пакойчык. Час ляцеў. Уначы я некалькі разоў пасты праверыў і чуйна стаў на варце арміі. Прыкладна а трэцяй гадзіне раніцы я пачуў стрэл. Потым другі. Узяў я двух байцоў з вартоўні і пабег даведвацца: што здарылася?… Страляў пост нумар чацверты, пры складзе правіянту, што паблізу казармаў. Прыбеглі мы туды, а вартаўнік валіць з карабіну ўверх. Мы таксама па пары разоў пальнулі на страх ворагам. Потым я пытаюся ў вартаўніка:
– Хто там?
– Сабатажнік нейкі альбо злодзей улез на ліпу і іншым адтуль падае сігналы!
Сапраўды, каля складу правіянту стаяла вялікая ліпа і нават быццам бы нейкія рухі былі чуваць у галінах на версе дрэва.
– Злазь, рэякцыяніст! – крыкнуў я пагрозліва. – Злазь тэрмінова, бо застрэлім!
З ліпы ніхто не адгукнуўся. Тады я пачаў свяціць ліхтарыкам. Але высока. Нічога разгледзець немагчыма, бо святло ў галінах гублялася. Я ізноў крыкнуў:
– Злазь, фашыст, па-добраму, бо канец табе будзе на гэтай ліпе!
А там ціха. Тады я загадаў адкрыць агонь па ліпе. Таму байцы пачалі паліць па ёй з карабінаў, а я з пісталету. Толькі галлё і лісце ўніз ляцела, але ніхто не зваліўся.
Потым я аддаў загад байцам лезці на ліпу і тую дрэнь за ногі ўніз сцягнуць. Дужа баяліся, але палезлі. Мусілі загад выконваць. Лазілі яны па той ліпе мусіць з гадзіну часу. Крычалі, галіны трэслі. І нічога…
Тым часам развіднела. Усю ліпу бачна, але нікога на ёй няма. Я кажу вартаўніку:
– Што ў цябе ў галаве скруцілася! Бачыш, што нікога на ліпе няма.
– Але быў, – кажа ён. – Быў і іншым сігналы даваў.
– Якія сігналы?
– Свістаў паціху. Я выразна чуў… Вось, калі ласка, паслухайце… Зноў свісціць!
Стаю я каля яго і прыслухоўваюся. Спачатку нічога не чуў. Але потым рэальныя свісты пачуліся. Гляджу я на вартаўніка і пачынаю разумець, што гэта ў яго ў носе свісціць, а не на ліпе. Без сумневу: так яно і было. Аблаяў я вартаўніка адпаведна і пайшоў. Напісаў асобы рапарт аб прычыне ўзнікнення фальшывай трывогі і ў поўдзень дзяжурства здаў.
Першага мая адсвяткавалі мы вельмі ўрачыста. Увесь горад быў упрыгожаны чырвонымі сцягамі, і паўсюль віселі партрэты нашага вялікага ПРАВАДЫРА Сталіна. Былі таксама партрэты Леніна, а нават і Маркса, але, ясная рэч, меншыя і меней іх было. Бо што яны значаць у параўнанні з ІМ! Зразумела, яны таксама вялікія і заслужаныя ў дачыненні пралетарыяту і чалавецтва. Але не маюць такой вялікасці ў свеце, якую б нават прыблізна можна было параўнаць з ІМ!
Удзень быў вайсковы парад і дэманстрацыя саюзаў рабочых, служачых, а таксама школ. І заўважыў, што гарадское насельніцтва з кожным разам усё болей любіць нашу вялікую Расію і Сталіна. Столькі неслі розных сцягоў і транспарантаў з пралетарскімі лозунгамі. Напрыклад: ХВАЛА ВЯЛІКАМУ СТАЛІНУ! – ІМЯ СТАЛІН – ГАРАНТ МІРУ, СВАБОДЫ І ДАБРАБЫТУ! І буржуазія таксама пачынае патроху ўсведамляць сабе патрэбу ўстанаўлення сталінскага сацыялізму. Інакш не можа і быць!
Увечары пайшоў я на мітынг у клуб чыгуначнікаў. Туды можна было ўвайсці толькі работнікам клубу, чыгуначнікам, афіцэрам і некаторым запрошаным гасцям. Па дарозе да мяне Ліпа наблізіўся. Бачу я: п’яны зусім. Але трымаўся на нагах добра. Не кожны б заўважыў нават, што ён п’яны.
– Віншую з нашым пралетарскім святам! – крычыць мне.
А я кажу яму:
– Доўга вы мусілі чакаць, каб вам было дазволена гэта свята адзначаць.
– Чаму? – спытаўся ён.
– Ну як жа, – адказваю. – Пакуль нас тут не было, дык капіталісты, напэўна, не дазвалялі вам у гэты дзень святкаваць. Хутчэй, яшчэ большыя нормы працы накладалі.
– Вось ты і памыляешся, – сказаў ён. – І без вас мы гэта свята рабочых адзначалі. І яшчэ як!… Зараз дык і паглядзець няма на што.
Дзіўна мне было гэта пачуць, але няма чаго размаўляць. Мусіць, памяць у яго адшыбла пасля гарэлкі. Бо выжлукціў ён не меней як з вядро вадзяры.
Ліпа спытаўся ў мяне:
– Куды ідзеш?
– На мітынг, – адказаў я. – Будуць розныя цікавыя рэчы прамаўляць. Адзін прамоўца спецыяльна ў гэтыя дні нават з Масквы ў Ліду прыехаў.
– Ну і я з табой, – паведаміў Ліпа. – Пацікаўлюся, як у вас такія мітынгі ладзяцца.
Не вельмі мне хацелася з ім ісці, але не выпадала адмовіць. Таму пайшлі разам.
Людзей сабралося шмат. Поўны зал. І паўсюль нашы пралетарскія правадыры на партрэтах вісяць і розныя такія рабочыя лозунгі бачна. Словам, вельмі прыгожа і ўрачыста.
Читать дальше