7 лістапада
Сёмага лістапада пад паяданне сёмгі нарадзілася ты. Ты — сука не сібірская. Ты — сука не аўстралійская. Ты — сука не азербайджанская. Ты — сука не афрыканская. Ты — сука не гандураская. Ты — сука аблачынная. Ты — сука сацыялістычная. I не трэба ўзгадваць Жанну д'Арк. Я ведаю, што нявыхаваны. Здагадваюся, што параноік. Але на тваіх пазногцях інфантыльны гной. Чуеш, як Гоя Фейхтвангер мяне вітае? Гэта таямніца фомкавая. Я твой апошні факір. Я буду калоць рапірай. А потым зробім у Парыжы пір.
Памятаеш тры радкі, што я напісаў у 1996 годзе:
На станцыі метро Кастрычніцкая
Я шукаю сваю рэвалюцыю з чырвонымі вуснамі
Знайшоў. Цяпер, як шаман, бадзяюся з бубнам па Менску і гучна грукаю. Злобна весялюся і сумую. Мус з бадуна п'ю.
***
На плячы свеціцца зорка. А праз фортку шлангі цягнуцца да норкі. I людзі п'юць чырвоны ліманад. На машынах вязуць дынаміт. Вароны лётаюць шампанскімі коркамі. Я чытаю ліст сябра з Комі. Я калыхаюся, як прафесійны шкіпер. Капялюх пернікавы нацягваю на вушы. Нехта крычыць: «Шухер!» Халодныя промні падаюць на зямлю кроплямі. Мікробы танчаць з лямантам мамантамі. Я ўзгадваю маці.
Па вулках носіцца песня бубна. Каханне бурбуліцца. Гэта я расшаманіўся! Заплюшчвайце вочы! Заціскайце вушы! Я пад вокнамі каханай пратанчу рытуальны танец!
***
Недзе ля вогнішча ты смяешся і жартуеш. Як кажуць, мяне няма. Я б навёў манеры. Рыпелі б нервы. Усе плавалі б на пірогах. А так невядомыя мне папуасы ходзяць вакол цябе і складаюць ля тваіх ног падарункі. Трэба ім павыдзерці рукі. Так некалі сказаў хан Пашкевіч. Я яму падару ката Пашку. Будуць яны есці кашку. А ты, гадзіна, адпачывай пакуль. Я рыхтую для цябе залатыя кулі. Буду страляць з гранатамётнага лука.
8 лістапада
«Усе мужчыны — гады», — гэтыя словы расплыліся па маім пакоі, як атрута з марэлевым смакам, як грузінская гарбата з лімоннікам, як пах наркатычнай цыгарэты. Цяпер жыву гадам і ўзгадваю, што і ты нарадзілася ў год Змяі.
Алілуя! Снарады ў маёй валізе зілавыя. Будуць яны выць, як мілыя тонныя пчолы. Я радасна жвакаю дыню. Будзе над горадам вялікі дым. Вырадкам будзе адзін альпійскі дом. Я хлопец модны. Потым схаваюся на афрыканскае дно. Буду пісаць оды.
9 лістапада
Ты аддаляешся. Ша! Я гэта адчуваю. Па артэрыях чўхаюцца чукчы. Узнікае жаданне распілаваць сябе на дзве паловы, выцягнуць вар'яцкае сэрца і аддаць яго сабакам. Я — нябожчык. Я — мёртвы паэт. Я ляжу ў труне і спяваю песні маторам. Пад маім галаўным уборам гудзе бор. Я выцягваю з робы свечы. Я падару сусвету фарных матылькоў. Але чаму так марудна ператраўліваецца яд? Выдры ў вачах - як групавы палавы акт. Не — не буду рабіць тэрактаў. Дайце напісаць апошні тэкст. Гэта будзе мой апошні тэст. Апошні тост. За смерць!
***
Ніколі не вер маім слязам. Замкі на залах. Я злосны, калі іду па холе. Я злосны, калі мне холадна. Я злосны, калі мне голадна. Слёзы — гэта сонечныя блісы, што асвятляюць мой твар. Гэта — салёная вада, якая выліваецца з мёртвых азёраў. Гэта — смех з цябе. Я — каўбой. Гэта — тамагаўк над шханавай ракой.
Хо Шы Мін мяне блаславіў. Я міны кладу на шашу. Шолах лёду на далонях. Кладзіся. Я іду.
***
Словы, думкі, вершы — гэта мае прывіды. Я стаю з віламі. Я раскладваю іх. Перад гэтым адпілоўваю ім галовы. Гарачы свінец заліваю ў рот. У перапынках адпачываю і жвакаю торт. Я запіхваю трупы ў ложак, хаваю ў валізы і кнігі. Размалёўваю свой пакой тваімі вобразамі. У язвах ёсць свая прыгажосць. Жорсткая ноч. Узгадваю гарачыя вусны, цёплае лета і чырвонае віно. Так хочацца апрануць дыктатарскае паліто. Перад вачыма літыя прынтэры. Я рарытэтны дыктар .
10 лістапада
Я раптам захацеў пісаць аб прыгожым вершамі, казкамі і кветкамі. Ша! Але гэтае прыгожае я запхаю ў рагожу. Рагатаць буду. Скуру буду здымаць. Будца будзе мне дапамагаць. Сонца апусціцца на мае далоні, і я панясу яго, як ліхтар. Яно апынецца ў пляшцы ліхой. Блыхой. Бляха будзе блішчэць, як гной. I не дзіўна, што ля нашага дома з'явіліся кіпарысы і пальмы... Іх высадзілі тубыльцы. Я буду глытаць фінікавыя пальцы. Цеплыня ляснецца.
Але ты знікла...
***
Я паднясу да тваіх вуснаў крывавыя вішні. Будуць падаць шыны. Ты — сатканая з вятроў і кветкавых пялёсткаў - падары толькі ўсмешку, позірк і цень. Але будуць падаць шыны. I шыны, шыны, шыны. Нашы, нашы, нашы.
***
Дыназаўраў прымі на палянцы. У фляжцы сядзяць атручаныя плямы падбароддзя. Гэта Радзімаю. Але Наталі мяне гукам гэтага дня. Заслані мае вочы вуснамі сваёй яшчаркі. Згубі тут на некалькі гадзін усе рэаліі, траекторыі і вектары. Каб свяціла нервовая зялёная свечка. Каб мароз перапаўзаў з кончыкаў пальцаў на падлогу, а столь асвятлялася нашым скрыжаваным ценем. Тут жывуць сінія птушкі, што спяваюць пра далёкую выспу, вясёлыя марскія хвалі і пухкія аблачынкі.
Читать дальше