Перавага візуальнай павзіі самая відавочная перад друкаваным прадуктам. Так, кожны маляваны верш зазвычай утвараецца ў колькасці аднаго экзэмпляраў, той час як большасць друкаванай стравы робіцца тысячным, соценным і нават мільённым накладам. У вырабе сінтэзаваных шэдэўраў мне не перашкаджаюць карэктары, рэдактары, левыя мастакі і друкары. Тут я — Бог, князь і фабрыка па вытворчасці бессмяротнага.
Дарэчы, акцыяй на «Шостай лініі» я засведчыў поўны адыход ад «сапраўдных ідэалаў» Бум-Бам-Літа. Бо як ні сумна, сярод дваццаці ўдзельнікаў суполкі, акрамя мяне і яшчэ аднаго-двух чалавек, з сінтэзаваным мастацтвам сёння не працуе ніхто. Ідэалогія і дзейнасць Бум-Бам-Літа аказаліся рэчамі амаль несумяшчальнымі. Сваёй акцыяй я падкрэсліў сваю індывідуальнасць. Я рухаюся накірункам, уздоўж якога няма творчых сябрукоў. Ні адзін з былых паплечнікаў суполкі не падтрымаў майго блюзнерства над сцягам. Я са сваім швейцарам-палкоўнікам Мітрычам разадраў сімвал еднасці. Фетыш, выкананы з фарбаў, клею і тканіны, я кінуў да падножжа Галгофы. Цяпер дома над маім гуашавым партрэтам вісяць ашмёткі бумбамлітаўскай эры. Некаторыя наіўныя людзі ўсё яшчэ па старой звычцы стараюцца ўціснуць мяне ў межы сваёй традыцыйнай свядомасці і ў клетку беларускіх авангардыстаў, але ў іх нічога з гэтага не выпякаецца. Урэшце, ёсць індывіды, якія пачынаюць прыгадваць, што зрэдку ў прыгарадзе Менска сустракаюць безназоўную бронзавую скульптуру, якая вельмі нагадвае Зміцера Вішнёва. Так, тую акцыю і дагэтуль замоўчваюць. Але ж мая актыўная дзейнасць пераблытала ўсе планы бюракратаў ад мастацтва.
У падрыхтоўцы да акцыі ў галерэі «Шостая лінія» я выціснуў з сабе самыя-самыя лепшыя імпульсы натхнення. Мокры ад поту, стомлены ад недасыпання, за палову гадзіны да свайго зорнага часу я з жахам думаў аб правале, які няўмольна насоўваўся. Прывезеныя вёдры, што вельмі пэцкаліся, трэба было напаўняць зямлёй і засаджваць кактусамі. Таму мы (я і мой швейцар-палкоўнік Мітрыч) ліхаманкава перакапалі ўсю пляцоўку перад галерэяй. Здзіўлены вартаўнік не ўцяміў, якое паскудства мы ўтварылі. Ён, здаецца, прыняў нас за рамонтнікаў водаправоднай сістэмы. Некалькі чалавек, што дачасна завіталі на маю акцыю, назіралі за землянымі работамі з вялікай цікавасцю і, мабыць, думалі, што ў сценах «Шостай лініі» ўтвараецца піраміда Хеопса.
Расфарбаваць маё цела я прымусіў Юрася Барысевіча. Ён настолькі захапіўся маляваннем, што перарэзаў чырвонай фарбай маё горла. Але гэтая рана часткова дазволіла адпачыць ад надакучлівасці наведнікаў, бо многія прымалі мяне за сапраўдны мастацкі прывід.
Было ў галерэі і шаманскае грукатанне бонгаў. Музыкі з біг-бэнда Васіля Коназа збацалі нешта зусім сакральнае і джунглевае. Здавалася, што са столі падаюць агромністыя какосы. Я ўдзячны гэтым энтузіястам культуры. Каб не яны, можа, і абарваўся б апошні ланцуг кракадзілаграфічнага дзейства.
Мой імідж фармавалі не толькі палоскі грыму, але і экзатычная вопратка. Так, боты былі адметныя - шнураваныя, зацёртыя, з дзіркай на правай падэшве. У пару сваёй маладосці яны нагадвалі абутак амерыканскіх пехацінцаў. Дзеля іх рэстаўрацыі спатрэбіліся сіняя гуаш і вялікі пэндзаль. Чмялі і змеі нарадзіліся на старой чорнай скуры. 3 гэтага моманту мае ступні будуць абараняць маляваныя целаахоўнікі.
Выбар штаноў быў не менш адказнай справай. Мне патрабавалася нешта надзвычайнае. На самым дне куфра для бруднай бялізны я адшукаў некалі шыкоўныя шырачэзныя велюравыя штаны. Калісьці я сам іх выкройваў, бо жадаў мець акіянскую вопратку. Я хацеў, каб ад маіх крокаў вакол уздымаліся марскія хвалі і пылавыя завірухі. Каб народ бачыў: вось шкандыбае паэт Зміцер Вішнёў! Да аднаўлення і ўпрыгожання штаноў прычыніліся алычовыя аксельбанты. Іх я садраў з камуністычнага сцяга. Я адсек галаву штандару камуністаў. Зямліста-чырвоная, з фекаліямі алею, каўбасы і чарніцаў, з ціхім хрыпам яна закацілася пад канапу. Ведалі б пра гэта бальшавікі-рэвалюцыянеры!.. Але ж гэтак я адпомсціў за рэпрэсаваных і расстраляных творцаў! За паэтычнага афрыканіста Гумілёва! Таму першы расшкамутаны мной сцяг быў менавіта бальшавіцкі, а не бумбамлітаўскі. Праўда, падобныя ўчынкі не перашкаджаюць мне і дагэтуль крычаць пра сваю поўную апалітычнасць. 3 першага пакаранага смерцю сцяга я зняў цудоўную блішчастую махру рэвалюцыйнай паэзіі. Юрась Барысевіч, калі даведаўся аб гэтым вандалізме, абвінаваціў мяне ў нерашучасці: «Ты зняў не галаву — скальп. I хаваешся пад ім». Але ён памыліўся. Ён не меў рацыі! I наогул, шлупай ты, Юрасік, у афрыканскую дрыгву!
Читать дальше