Пасьля такіх гісторый мы, напалоханыя, браліся за заняткі з новымі сіламі.
CF. Зь ліста Толіка. Пра пляцкарт і купэ
<...> але калі ў вас наперадзе ноч у пляцкартным вагоне, можаце згуляць у гульню «адгадай мяне». Хто з навакольных мужычкоў будзе храпці ўва сьне? Вунь той, дварф-мацак з шырокай сківіцай і кучаравымі перадплеччамі? Ці той, ветлівы бледны пэнсіянэр? Альбо той сьціплы, з залысінамі, у мятай палатнянай кашулі, падобны да сэрыйнага забойцы? Я сыграў, і мне выпаў пэнсіянэр. І ён ня толькі хроп, але нават аднаго разу прамармытаў «мама». Ну а калі вы набылі квіток у купэ, дык рыхтуйцеся да горшага. Паверце хаджаламу! У адгадайку можна нават не гуляць: храпці будзе менавіта той з вашых спадарожнікаў, які пшыкае зараз бляшанкай зь півам. Празь піва ягоны грозны подых зробіцца асабліва духмяны, а стварыць яшчэ лепшую канцэнтрацыю смораду дапаможа другі спадарожнік. Ён неспакойна зашчоўкне дзьверы, баючыся легендарных разбойнікаў, якія выкрадаюць па начох чаравікі. Пахі не турбуюць яго, бо гэныя каштоўныя чаравікі самі зьяўляюцца магутнай крыніцай, і ягоны нюх прытуплены. Трэці спадарожнік, нэрвовы й сіне-жылісты, абавязкова захоча апусьціць на вакно чорную заслону, каб яго не трывожылі ліхтары, што праплываюць звонку. Заслона будзе заядаць, і вам прыйдзецца змацаваўшы сэрца яму дапамагчы. І вось вы ўжо скурчыліся на кароткай верхняй паліцы, слухаючы аглушальны храп, задыхаючыся, у апраметнай цемры. Падобна да пекла? Так. Толькі ня ўздумайце выходзіць вонкі праветрыцца: вярнуцца назад будзе ўдвая цяжэй <...>
D0. Аповед Коліка. Пра вінаватага чалавека
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у астрозе сядзеў сумны чалавек з конскім тварам, тоўстымі зморшчынамі на лобе і шырокімі пазногцямі. На пытаньні пра прычыны зьняволеньня ён цёр лоб, мяў зморшчыны нібы цеста, гаротна ўздыхаў і прызнаваўся, што адправіў аднаго малойчыка да продкаў. Нічога дзіўнага ў гэтым не было, Колік і сам ня вельмі шанаваў малойчыкаў, але з нуды ён стаў да сумнага чалавека прыглядацца й выпытваць ненадакучліва пра абставіны. Чалавек спачатку аднекваўся, адмоўчваўся, але з часам, як гэта бывае зь людзьмі замкнёнымі і дзіклівымі, прызвычаіўся да Коліка, даверыўся безумоўна дый распавёў пра сябе ўсё, што ведаў. З самага юнацтва памятаў ён сябе зусім не зламысным, але наадварот – сьмірным і сарамлівым. Саромеўся ён самых розных рэчаў: уласнае непрыгожасьці, нядбайнасьці, нясьмеласьці, а калі аднойчы ўпоцемку наступіў на галоднага бяздомнага шчанюка – упершыню выразна ўсьвядоміў сябе вінаватым. Гэта ўсьведамленьне зацьвярдзела й шчыльна засела ўсярэдзіне ягонае галавы, быццам у загадзя падрыхтаванай адтуліне, і з таго часу ўжо не пакідала яго. Ён адчуваў віну літаральна за ўсё: за няшчырасьць аднагодкаў, за хваробы бацькоў, за цяжарнасьці дзяўчат, за нелюбоў начальнікаў, за мізэрнасьць чыноўнікаў, за сьмерць акварыюмных рыбак, за нявыхаванасьць сыноў, за пажар на першым паверсе, за бессаромнасьць урада, за атлусьценьне жонкі, за хлусьлівасьць міністраў, за пляўкі на лесьвіцы, за азонавыя дзіркі, за мат на сьцяне, за стагнацыю юстыцыі, за паламаную лаўку. Калі б я наведваў зь імі выставы, хіба зламалі б яны лаўку? Калі б я пазьбягаў дэзадарантаў-антыпэрсьпірантаў, хіба зьявіліся б дзіркі? Калі б я хадзіў на дэманстрацыі, няўжо не расквітнела б юстыцыя? Але час быў беспаваротна выпушчаны, і зь непазбыўнага засмучэньня пайшоў чалавек здавацца ў турму за ўсе свае правіны й злачынствы. Жандары яго зь некаторым спачуваньнем выслухалі, але ў турму не прынялі й далі накіраваньне да псыхааналітыка. Псыхааналітык аказаўся малойчыкам у акулярах і футравай камізэльцы, кульгавенькі; ён практыкаваў гештальт-тэрапію і адразу ж падступіўся да вінаватага чалавека з аналізамі. І зьмеркаваў вінаваты чалавек: адпраўлю-ка я гэтага малойчыка кволенькага да продкаў! Адным болей, адным меней, а мяне затое пакараюць нарэшце па заслугах. Схапіў ён скрыню для аналізаў і ну малойчыка дубасіць! Малойчык хворанькі тут жа душу на неба і выпусьціў, а вінаватага чалавека пабілі бізунамі і забралі ў астрог.
D1. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра практыку і тэорыю
Дырэктару нашае школы, які вёў шматлікія прадметы, часьцяком і самому назалялі ўсе гэтыя лекцыі, задачкі і нікчэмныя дыктоўкі, і ён аб'яўляў вольныя практычныя заняткі. Мы сустракалі іх радаснымі воклічамі – нягледзячы на адмысловую строгасьць і структураваньне, яны ніколі не бывалі маркотныя. Мы наўзахапкі прапаноўвалі ідэі, і часам дырэктар сапраўды дазваляў нам абіраць самастойна, але звычайна ён сядаў за стол, сьціскаў галаву рукамі, і праз хвіліну абвяшчаў тэматыку і плян дзеяньняў. Прыкладам: пошук межаў і ўмоў ператварэньня ўсьмешкі ў грымасу. Мы па чарзе старанна расьцягвалі ў усьмешках раты, замяраючы кожны мілімэтар зруху куткоў вуснаў і кожны градус расчыненьня сківіцы, заносілі дадзеныя ў табліцы і будавалі па іх падрабязныя рознакаляровыя графікі. Або: фіксацыя моманту наступленьня візуальнай старасьці. Мы шукалі самую новую парту й прымаліся драпаць яе сьцізорыкам, уважліва назіраючы, як яна праходзіць усе ступені паскрэбанасьці й парэпанасьці да поўнае і адназначнае састарэласьці. Або: даследваньне мэханізму ўзгараньня лютасьці. Колькі разоў у залежнасьці ад надвор'я і часу сутак трэба абазваць сеньёра Рунаса доўбнем, каб ён абразіўся і ў гневе ўскочыў? Усе ўрокі мы выконвалі скрупулёзна і зь вялікім натхненьнем, і дырэктар не шчадзіўся на выдатныя адзнакі.
Читать дальше