C5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра энэргію расстаньняў
Мой брат Валік у маладосьці быў сапраўдны падлюга. Калі звычайнаму хлопцу ад дзяўчыны патрэбныя цялесныя асалоды, ці каханьне, ці сямейныя ўюты, дык Валіку патрабавалася расстаньне. Спачатку закахацца, потым расстацца, а на атрыманай энэргіі намаляваць карціну. Прычым безадказнае каханьне яго не задавальняла, ані ў той, ані ў іншы бок – толькі ўзаемнае. Сам ён захапляўся імгненна, але не ў звычайных прыгажуняў, якія яму былі нудныя нібы чэрствы хлеб, а ва ўсялякіх незвычайных панначак, прыкладам, з крывымі зубамі, ці з валасамі на твары, ці прышчавых, ці з празьмерна шырока расстаўленымі вачыма. Такія дзяўчыны часта аказваліся асабліва безабаронныя й захапляліся Валікам сьмяротна, тым болей што ён быў харошы тварам, разумны ў гутарцы і бадзёры ў ложку. Ён завабліваў іх партрэтамі, наўпрост у трамваі: ці ня будзеце ласкавыя папазіраваць? А ў самога ўжо была арэндаваная кватэра на месяц. Партрэты выходзілі дыхтоўныя, хоць ён пісаў іх лёгка й хутка, дарыў тым небарачкам, а галоўнае натхненьне пакідаў на растаньне. Калі адчуваў, што пара, то аб'яўляў няшчаснай: даруй! Сёньня наш апошні дзень. І прыдумляў падставу: у мяне жонка й дзеці, ці я гей, ці я заразіўся сьнідам, ці яшчэ якую-небудзь лухту. І пачыналася бура! Дзяўчына пакутавала, зьнемагала, а Валік лавіў хвалю, цешыўся, напітваўся. І ўжо потым, па памяці, пісаў такі партрэт, што дух займала!
Мы з брацікамі казалі яму не аднойчы: досыць паскудзтваў! Пераадолей брыдкую прыхільнасьць! Але ён толькі пасьмейваўся. І што мы маглі зрабіць? Мы скардзіліся таце, і тата кожнага разу нас супакойваў: кіньце, ня перабольшвайце, з узростам пройдзе. І сапраўды, прайшло, і нават занадта. Дарэмна мы спадзяваліся на пляменьнікаў: з гадамі дзяўчыны абрыдлі Валіку канчальна. Калі мы насядалі на яго, ён адмахваўся і цьмяна казаў, дзей узяў ад іх усё, што яны маглі даць, і цяпер пераключыўся на больш тонкія крыніцы энэргіі – прадметы. У тую пару ён жыў ужо сам па сабе, у хаце наводшыбе, і мала меў зносінаў з намі, але яго час ад часу можна было пабачыць з саначкамі, на шляху да сьметніка, а на саначках заўсёды стаяла нешта, загорнутае ў коўдру. Партрэты больш не пісаў, а пісаў натурморты, дзіўнае прыгажосьці й сілы, якія прымушалі ўздрыгваць. Адну са сваіх сталых працаў ён прысьвяціў тату: «Партрэт табурэта». Чысты, пачуцьцёвы, працяты пяшчотай і сьветлай тугою – ад яго нават у поўнага падлюгі бягуць па хрыбце мурашкі і блішчаць сьлёзы. Ад яго хочацца стаць лепей.
C6. На адвароце партрэта. Пра апошні дзень
«Нам заставаўся разам адзін дзень.
Мы накінуліся адно на аднаго, мы лашчылі адно аднаго, мы ўгрызаліся, мы ўпіваліся, мы ўсмоктвалі кожную рыску, але целы такія канечныя.
Мы сьнедалі й абедалі, і нам здавалася, што ў нас яшчэ столькі часу.
Мы размаўлялі, але думкі такія канечныя.
Мы глядзелі кіно, а потым шкадавалі, што змарнавалі дзьве каштоўныя гадзіны.
Мы ўспаміналі, мы сьвяціліся, мы сьмяяліся.
Мы плакалі.
Мы выкурылі цыгарэту.
Калі ж скончацца гэтыя бясконцыя паўгадзіны! Якой-небудзь музыкі!
Апошнія пяць хвілін, унутры так пуста, а ўсё вакол павялічылася, выпучылася.
Апошні погляд у вочы.
Бывай.
Бывай.»
C7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра велізарны скарб
Калі мы былі маленькія, нас час ад часу апаноўвала жаданьне шукаць скарбы. Спачатку мы ўяўлялі сабе некалькі казачных месцаў, у якіх мог хавацца скарб: у яловым лесе, прывалены замшэлым трохкутным каменем; у склепе старадаўняга будынку, умураваны ў мэтровы цагляны мур; на беразе возера, пад пяском, на лініі месячнай дарожкі. У нашым горадзе й ваколіцах было ўдосталь падобных месцаў, і мы днямі напралёт бяз стомы махалі рыдлёўкамі пад задаволенымі поглядамі грыбнікоў, дворнікаў і рыбакоў. Мы не журыліся вельмі доўга, але патроху зажурыліся: за разбойніцкімі камянямі ўдавалася знайсьці толькі іржавы дрот, у купецкіх сьценах – толькі сатлелае пакульле, у пірацкіх затоках – адны трухлявыя дошкі. І мы надоўга закінулі шукаць скарбы, на ўсю зіму. Але потым, калі зноў прыйшла вясна, і мы значна пасталелі, мы зразумелі: яліны, падвалы ды куфары – гэта для прасьцякоў. Багацей жа прадбачлівы схавае скарб там, дзе ніхто не здагадаецца. І мы ўзяліся за пошукі з новымі сіламі. Шукалі ў сініх сьмецьцевых баках, аблупленых і сьлізготных, на пыльных верхніх паліцах бакалейных крамаў, між шпаламі трамвайных рэек, пад пешаходнымі сьвятлафорамі, на старых цыганскіх вогнішчах, у пясочніцах дзіцячых садкоў, на вытаптаных сабачых пляцоўках, на агароднінных базах за бочкамі з агурочным расолам. Вынікі прыкметна палепшыліся – цалюткія падарункавыя скрыначкі, прыдатныя да працы напільнікі, спартыўныя сьвісткі, скруткі махеравага прадзіва – але паўнавартасныя скарбы па-ранейшаму хаваліся ад нас. Роспач пакрысе авалодвала намі, і ўжо амаль была авалодала, як раптам, нечакана і без аніякіх прычынаў, у самым выпадковым месцы, нас асьвятліла азарэньне! Выпадковае месца аказалася звычайнае і непрыкметнае, у куце гасьцёўні, паміж канапай і крэсламі, і мы зьнерухомелі там, захоплена пераглядваючыся: мы канчальна зразумелі, што скарб знаходзіцца менавіта тут, прама вось тут. Аднак яго не было відаць, і празь некалькі хвіляў кожны з нас пачаў па-свойму тлумачыць гэтую нябачнасьць.
Читать дальше