Алена замест таго, каб суцешыць, супакоіць яго, заплакала, пачала дакараць, што ён завёў сабе маладую, што круціць з сакратаркай, дамоў прыязджае з пустымі штанамі... Гэтыя словы яго вельмі ўразілі і абразілі. Доўга не мог заснуць. А тут яшчэ заводскія клопаты, размова з намеснікам міністра, бязладдзе вакол. Халадэча і няўтульнасць...
У галаве нібы засела думка-стрэмка: што рабіць? Дзе выйсце? Міжволі згадаў бацькаў аповед: калі яго наважыліся турнуць з партыі, з крэсла першага сакратара райкама, ён з Лабанаўкі, катануў у Маскву да Георгія Малянкова. І той абараніў, дапамог. А куды кінуцца яму, Георгію Акапяну? Ні ў Мінску, і тым больш у Маскве, яго ніхто не чакае. Яшчэ згадалася размова з бацькам пра “чорны след” Малянкова на Беларусі: разгром, які ён учыніў партыйным кадрам у 1937 годзе. Бацька не даслухаў, рашуча замахаў рукамі: “Брахня, сынок! Цяпер панавешалі сабак і на Сталіны, і на яго саратнікаў. Малянкоў прыязджаў тады з Якаўлевым. Дык таго праз год расстралялі. А Малянкоў пайшоў на павышэнне. Вось так, душа любезны. Сталін разбіраўся! Ведаў, хто чаго варты.
АД АЎТАРА. Як і ў ранейшых раманах, дазволю сабе публіцыстычнае адступленне.Каларытная постаць бліжэйшага сталінскага паплечніка Георгія Малянкова мяне ціквіць даўно. Яшчэ ў дзяцінстве, калі чытаў газеты, якімі былі абклеены сцены нашай хаты, часта кідалася ў вочы ягонае прозвішча, мурлаты тмвар на фотаздымках. А потым, калі пасля смерці Сталіна, нашмат скарацілі падаткі — Малянкоў тады быў старшынёй Савета Міністраў СССР, рабіў даклад,— народ усю сваю ўдзячнасць скіраваў на яго. Вось тады мае аднавяскоўцы пачалі куляць за ягонае здароўе поўныя шклянкі, якія ахрысцілі “малянкоўскімі”.
У трагічным 1937 -м загадчык аддзела партыйных органаў ЦК Малянкоў прыязджаў у Мінск разам з Якавам Якаўлевым, які загадваў аддзелам сельскай гаспадаркі ЦК. Мне давялося чытаць стэнаграму пленума ЦК Кампартыі Беларусі, які адбыўся 29 ліпеня 1937 года. Усіх прамоўцаў госці з Масквы закідвалі пытаннямі, не давалі гаварыць.Вось яскравы прыклад. Выступае старшыня Слуцкага акрвыканкама Жолудаў. Якаўлеў перапыняе яго, называе “польскім шпіёнам” і робіць выснову-прысуд:
“Я думаю, что таким людям нечего делать ни в ЦК Белоруссии, ни в нашей партии.
Предсдатель: Есть такое предложение — предложение тов. Яковлева проголосовать. Кто за то, чтобы предложение т. Яковлева прииять? Прошу проголосовать. Прошу опустить. Кто против? Нет? Ваш партийный билет.
Жолудов. Я не знаю. Я апелирую к пленуму, разберутся, конечно, но я вредитель, так, по-видимому, получается…
Яковлев: Так получилось.
Жолудов: Я вредителем никогда не был. Я вышел из пролетарской семьи, боролся на фронтах. Ну что же…— \отдает партийный билет\.
З 24 выступоўцаў на пленуме 20 былі расстраляныя, сярод іх тагачасны
Першы скратар ЦК Васіль Шаранговіч, першы беларус на гэтай пасадзе,
Да яго нашымі партыйцамі кіравалі небеларусы. У тым годзе КПБ страціла 40 працэнтаў сваіх членаў. Былі расстраляныя сотні савецкіх, гаспадарчых кіраўнікоў, вайсковых камандзіраў, навукоўцаў і пісьменнікаў.
Здараюцца ў гісторыі дзіўныя, ракавыя супадзенні. Роўна праз год 29 ліпеня 1938-га Якаў Якаўлеў быў расстраляны як вораг народа: “за что боролся, на то и напоролся.” А Малянкоў неўзабаве стаў сакратаром ЦК, у жніўні 43-га ўзначаліў Камітэт пры СНК СССР па аднаўленні разбуранай гаспадаркі ў вызваленых ад фашыстаў раёнах. Праявіў на гэтай пасадзе выдатныя арганізатарскія здольнасці.
Гнеў таварышаў–хаўруснікаў дагнаў Георгія Малянковаў 1961 годзе: за грубыя парушэнні Статута партыі, сацыялістычнай законнасці і антыпартыйную фракцыйную дзейнасць яго выключылі з КПСС. Памёр Малянкоў у 1988–м на восемдзесят сёмым годзе жыцця.. Нездарма кажуць: пакуль тоўсты сохне, дык худы здохне. Дарэчы, доўга жылі і бліжэйшыя паплечнікі Сталіна — Молатаў і Кагановіч. Няўжо не мучылі іх згрызоты сумлення?
Георгій Акапян з цяжкасцю падняўся, прычасаў парадзелыя кучары, у якіх з кожным днём усё большала сівых нітак-валасінак: няўмольны час ткаў сваё павуцінне. Скрушна падумалася: тады быў суровы час, але і зараз не лягчэй. Адно, што не страляюць, не адбіраюць партбілеты. Затое самі партыйцы кладуць іх на стол, самі пускаюць сабе кулю ў лабаціну. Паклікаў сакратарку, спытаўся, хто яму тэлефанаваў.
— Званіў ляснічы Акуліч з Белай Гары. Праз паўгадзіны будзе яшчэ тэлефанаваць.
— Паклічце галоўнага інжынера, намесніка па будаўніцтве...
Читать дальше