Вакол толькі й гавораць пра новыя цэны. Балбатні зашмат, а спрвы няма. Таму і тавару, і харчу няма.
19 снежня. Серада.Сёння зімовы Мікола. Кажуць, што да Міколы зімы не бывае ніколі. Сёлета так яно і ёсць. Раніцай упершыню марозік скокнуў за дзсяць градусаў— слупок ртуці застыў на рысе 12. Неба чыстае. Гэта ўзрадавала. А дзень хмарны, ветраны. Няўтульны. І тлумны. Як і ўсе ранейшыя. Хутчэй бы скончыўся гэты год! Год няпэўнасці. Безалабернасці. Нестабільнасці. Год самых даўжэзных чэргаў. Гэткіх чэргаў, мусіць, не было ніколі. У вайну па картках мінімум атрымлівалі. Тады болей працавалі. Лайдакоў было меней. А цяпер лайдакі маюць грошы. Стаяць у чэргах.. Усё скупляюць. Павысіць цану урад баіцца. Таму вакол татальны дэфіцыт. Дэфіцыт — галоны герой дня.
Учора Еве патэлефанавала знаёмая: з дзесяці гадзін будуць прадаваць касцюмы мужчынскія і ватныя коўдры. Каб ні кому іншаму не казала. Угаварыла мяне пайсці ў магазін. Пазваніў намесніку, што затрымаюся. Прыехалі без чвэрці дзесяць. Народ ужо тоўпіўся перад уваходам. “А што будць даваць?”— гучным хрыпатым голасам папытаўся чырвонатвары мужчына. Усе маўчалі. — Ёлкі-маталкі! Дык чаго ж вы стаіце? Раз не ведаеце”. — “Цяпер такая завядзёнка. Трэба пастаяць, каб увайсці ў магазін. Празяваеш — усё расхопяць”. — адказала сталага веку кабета ў акулярах. Пэўна, пенсіянерка. Побач з ёй быў высокі малады мужчына. Мусіць, сын, бо яны ўвесь час ціха перамаўляліся між сабою.Вітрыны вялізнай крамы былі завешаны шторамі. Чырванатвары нецярпячка зірнуў у шчыліну між імі. “Сядзяць. Савяшчаюцца. Нешта махаюць рукамі. Думаюць, як нас абдурыць”— хмыкнуў вясёлы чалавек. Але ніхто не заўсміхаўся. Нарэшце дзверы адчынілі, натоўп хлынуў у краму. Злева ўмомант вырасла чарга па коўдры. Ева пацягнула туды. А справа ўзнік натоўп, які прагнуў апрануць новыя касцюмы. Перада мной стаяла жанчына з малым хлопчыкам, дапытвалася ў суседзяў, што тут будуць даваць? Ёй патрэбна куртачка малому. Пачула, што ў гэтым аддзеле ёсць толькі мужчынскія касцюмы і штаны розныя, адразу пацянула малога ў іншую чаргу.
Дзябёлая прадаўчыца, растапырыўшы рукі, стрымлівала прагных пакупнікоў — гэтак страымліваюць, адганяюць гурт авечак, не хапала толькі грозных воклічаў: “Шкыра! Куды лезеце? Пайшлі назад!” Кабета ў сінім фірмовым халаціку запускала ў аддзел па пяць чалавек. Калі адзін пакупнік выходзіў, то зайсці прасіліся двое. Іншы раз кабета праяўляла акт міласэрнасці і прапускала дваіх. “Грыша. Хадзі прымерай,”— клікала сына жанчына ў акулярах. “Грыша коўдру прымервае”, — рагатнуў нехта. Усе вакол засмяяліся. Нарэшце і я з касцюмам нырнуў у кабіну для прымеркі. Цёмна-шэры гэдээраўскі гарнітур сядзеў на мне даволі шчыгульна. Хацеў параіцца з Евай. Каб яна зірнула прыдзірлівым жаночым вокам, але народ нецярпліва падганяў, літаральна дыхаў у патыліцу. Прачытаў яшчэ раз цэтлік, міжвлі падумаў: больш якасныя тавары з ФРГ запаланілі ўсю Нямеччыну, таму гэдээраўскія спіхнулі бедалагам пераможцам. Можна доўга апісваць, як стаяў у чарзе ў касу, з малаткастым і сярпастым пашпартам, каб даказаць, што я не які небудзь навалока ці набрыдзь, а тутэйшы, мінчук. Дабалбаталіся!
А ў Маскве ідзе з'езд народных дэпутатаў. У першы дзень моцна ўрэзала Гарбачову сімпатычная чачэнка Сажы Умалатава: “Вы должны уйти ради мира и спокойствія…” Сур'ёзна сказана! І дэпутаты — 426 прагаласавалі за ўключэнне пытання аб недаверы прэзідэнту, але большасць — 1200 выказалася супраць. Пакуль што Горбі застаўся. Ды ці надоўга?
31 снежня 1990. Панядзелак. Апошні дзень года белага Каня. Цяжкі быў год. Ажыятажны попыт, бясконцыя чэргі, няпэўнасць у заўтрашнім дні, расчараванасць у сацыялізме, у марксізме-ленінізме. Нядаўна нават у Сафіі вырашылі дэманціраваць помнік Леніну, які стаяў на плошчы яго імя. Мусіць, неўзабаве пачнём гэта рабіць і мы.
Што Новы год рыхтуе? Якія сюрпрызы і падарункі? Добрага, відаць, нічога. А вось вайна на Бліжнім Усходзе можа разгарэцца. Саддам Хусейн цвёрда стаіць на сваім: Кувейт не аддамо. Канфілкт вельмі сур’ёзны. Затое астролагі супакойваюць: год Казы — пад знакам жанчыны абяцае быць спакойнейшы, дабрэйшы, здаравейшы. Так хочацца гэтаму верыць!
Прыемная навіна: уступіла ў строй другая лінія Мінскага метро — шэсць станцый. Хоць адна добрая навіна.
І яшчэ штрых. Учора ў гандлёвым цэнтры купіў пляшку каньяку. Ды не абы-якога, называецца “Лучезарный”, кошт 38 рублёў. На этыкетцы — 26 р. Новая цана — камерцыйная. Чаргі не было, скрынак шмат, думаў, пітво будзе стаяць доўга. Дудкі! Сёння не было ўжо ніводнай бутэлькі. А давалі ж па талонах. Значыць, ёсць у людзей талоны і грошай не шкадуюць. Разумеюць: рублі худзеюць з кожным днём”.
Читать дальше