Бравусаў радаваўся, што яшчэ можа прылашчыць жонку, што з ёй, з Марынай, зведаў нязнаную раней асалоду ад блізкасці з любімай жанчынай. А колькі ў яе было ласкі і пяшчоты! Пасля лазні Марына гатова была цалаваць мужа ўсяго з галавы да ног. І ён толькі на згоне жыцця зведаў, што такое мужчынскі аргазм: раней ён лічыў, што гэтае пачуццё могуць реражываць адно жанчыны, дый то вельмі рэдка.
Уранні, пасля ночы кахання, Марына аж свяцілася ад радасці, пякла дранікі, Бравусаў даставаў пляшку тапалёўкі — дзесьці вычыта, што вельмі карысная настойка гарэлкі на таполевых почках. Выпівала з дзесятак кропель і Марына, а гаспадар куляў поўную чарку, з асалодаю паўтараў словы Якуба Коласа:
— А нашча чарачку кульнуць, усё адно, што ў рай зірнуць…
Марына не пярэчыла, але сама поўнай чаркі не выпівала ніколі, ні ў якім застоллі. Ушчувала і Бравусава, бо той у кампаніі часцяком перабіраў норму.
— Калі будзеш куляць па поўнай чарцы, той жонка табе неўзабаве не спатрэбіцца. Як і палова падушкі. Будзеш спаць адзін. А як палову чаркі кульнеш. дык і на жонку не забудзешся.
Бравусаву жончыны ўшчуванні былі , як мёдам па душы: значыць, яна хоча спаць з ім, дзяліць падушку напал. І ён пачаў стрымліваць сябе ў застоллі, болей налягаў на закусь, чымся на пітво. Жанкі пачалі ставіць яго ў прыклад сваім мужыкам-выпівохам, якія не ведаюць ніякай меры, гатовы заліцца гарэлкаю.
Марына апошнім часам упадабала адзначаць Новы год. Усёй душой ёй хацелася верыць праўдзівасці народнай прыкметы: калі весела сустрэнеш Новы год, дык увесь год будзе вясёлы і шчаслівы. Таму яна рыхтавалася да навагодняга свята з вялікім хваляваннем. У райцэнтры накупляла цацак, рознакаляровых шарыкаў, зайцоў, птушак. Зноў жа адной з прычын гэтага было тое, што ў дзяцінстве пра святочную елку-прыгажуню Марынка Сахута магла толькі марыць. І вось цяпер яе мара збылася. Але пад елку не магла яна класці падарункі для сваіх дзяцей, унукаў, — бо не мела іх. Гэта была яе незагойная рана, якая смылела заўсёды, адно прыціхла ў апошнія гады: радасць кахання прыглушыла застарэлы боль адзіноты.
Моцна ўзрушылі Марыну гібель Сырадоева, самагубства Косці Вароніна, таму гэты Новы год ёй хацелася сустрэць асабліва ўрачыста, каб у наступным годзе нічога падобнага перажыць не давялося. Вядома ж, яна сказала пра сваё жаданне мужу.
— Хвакцічаскі, ета правільна. Новы год варта сустракаць па-людску, весела. Невядома, колькі іх засталося ў нашым чысленніку, — міжволі ўздыхнуў Бравусаў. — Можа, запросім Мамуту з Юзяй? Ці, можа, да сына ў Белую Гару пойдзем. Уранні вернемся. Прагуляемся троху.
— У сына, пэўна, будзе свая кампанія. Маладыя, усе граматныя. Сучасныя. А мы з табой ужо старыя. Можа, я пагавару з Юзяй? Ці мы да іх, ці яны да нас.
— Добра. Запрашай іх. А калі яны захочуць, каб мы прыйшлі, то сходзім. Мы ўсё-ткі маладзейшыя. Кабанчыка заколем. А другога пазней. Праз пару месяцаў. Пеўніка засяку. А то яны б’юцца. Не падзеляць чубатак, — рагатнуў Бравусаў.
Апошнім часам Марына пасябравала з Юзяй і цяпер зразумела, што ў яе няма сябровак. Яны ўсе павыходзілі замуж, параз’ехаліся, разляцеліся па свеце, адзінае ў яе было апірышча — бацькі і браты. Бацькоў ужо няма, брат застаўся адзін, ды і той далёка. Марына неадкладна правяла перамовы. Юзя з радасцю адгукнулася на прапанову — сустрэць Новы год разам, але запрасіла суседзяў да сябе.
Бравусаў, пачуўшы пра гэта, задаволена ўсміхнуўся:
— Ну што?! Хвакцічаскі, усё так, як я і прадбачыў.
— Ты ж у мяне мудры, — ласкава пацалавала Марына мужа, радасная ад прадчування свята.
Пасля візіта Марыны закіпела работа ў доме Мамутаў. Юзя рыхтавалася варыць халоднае, ці, як у Хатынічах казалі, — сцюдзень. Гаспадар вырашыў схадзіць на ферму, купіць там у ларку пляшку гарэлкі, высечы невялікую елачку — лес там чысцейшы ад радыяцыі. Ларок працуе толькі да абеду, таму выбраўся ў дарогу пасля сняданку, засунуў у кішэню зялёную сетку, за пояс маленькую сякерку. Пайсці заманулася паўз Бесядзь, хоць гэты шлях даўжэйшы на добрую вярсту. Калі праз вёску будзе кіламетры са тры да фермы, то паўз ракі — чатыры з гакам.
Выбраў гэты шлях таму, што даўно не меў ладнай праходкі, усё тупаў па двары, па хаце, а хацелася падыхаць свежым марозным паветрам, мабыць, і нукліды ў замерзлай зямлі сядзяць і не рыпаюцца. Дый снегам іх прысыпала. Праўда, снегу вобмаль, затое льга ісці куды заўгодна. Сёння можна, а заўтра ўсхопіцца завея і замяце ўсе дарогі і сцежкі. А сцежак гэтых усё меней вакол вёскі: няма каму хадзіць ды ездзіць.
Читать дальше