Маёр жа, які быў не такі прастадушны, падазрона глянуў на Анаклету.
Зачыніўшы дзверы, Анаклета пабег у залу, крыху адхінуў фіранку і зірнуў у акно. Усе ўтраіх, а Анаклета ўсім сэрцам ненавідзеў кожнага з іх, спыніліся на ганку прыкурыць цыгарэты. Анаклета назіраў з вялікай нецярплівасцю. Пакуль яны былі ў кухні, у Анаклеты ўзнік план. Ён прывалок з разарыя тры цагліны і паклаў іх у канцы дарожкі, што вяла на вуліцу. Ён зларадна ўяўляў, як яны ўсе ўтраіх паваляцца, нібы тыя кеглі. Калі нарэшце яны рушылі да машыны, што стаяла перад домам Пендэртанаў, Анаклета такзасмуціўся, што нават з прыкрасці ўкусіў вялікі палец. Потым ён хуценька прыняў перашкоду, баючыся, каб хто іншы не трапіў у прыгатаваную ім пастку.
Той вечар прайшоў як звычайна. Пендэртаны і маёр Лэнгдан паехалі на танцы ў «Полаклуб», дзе весела бавілі час. У Леаноры, як заўсёды, не было адбою ад маладых лейтэнантаў, а ў капітана Пендэртана з’явілася магчымасць выйсці на веранду і, апынуўшыся ў спакойнай абстаноўцы, расказаць за шклянкай віскі сваю новую гісторыю аднаму афіцэру з артылерыстаў — вядомаму жартаўніку. Маёр засеў у фае са сваімі старымі прыяцелямі і ўвесь час прабавіў размовамі пра рыбную лоўлю, палітыку і поні. Назаўтра з раніцы мелася быць паляванне з прынадай, і Пендэртаны разам з маёрам Лэнгданам паехалі дадому ў адзінаццаць гадзін. У гэты час Анаклета, пабыўшы нейкі час каля гаспадыні і зрабіўшы ёй укол, ужо быў у ложку. Ён заўсёды ляжаў у ложку, падпёрты падушкамі, як пані Элісан, хоць гэта было так нязручна, што ён ніколі не мог добра выспацца. Сама Элісан у гэты час драмала. Маёр і Леанора былі ў сваіх пакоях і ў поўнач ужо моцна спалі. Капітан Пендэртан, карыстаючыся спакойнай гадзінай, засеў за працу ў сваім кабінеце. Як на лістапад, ноч была цёплая, і ў паветры адчуваўся гаючы пах сосен. Ветру не было, і на газонах нерухома ляжалі чорныя цені.
Прыкладна ў гэты час Элісан Лэнгдан абудзілася ад дрымоты. Яна толькі што бачыла дзіўныя і выразныя сны пра сваё дзяцінства і пасля іх неахвотна вярталася да рэальнасці. Але супраціўленне было дарэмнае, хутка яна зусім прачнулася і вось ужо ляжала, углядаючыся ў цемру. Элісан заплакала, але ёй здавалася, што гэта не яна так ціха і нервова рыдае, а нейкая таямнічая пакутніца недзе там, далёка за домам. Апошнія два тыдні былі вельмі цяжкія, і яна часта плакала. Па-першае, ёй было забароненападымацца з ложка, бо доктар сказаў, што наступнага прыступу яна ўжо не вытрывае. Аднак яна не была высокай думкі пра свайго ўрача і ў душы лічыла яго старым вайсковым канавалам-балваном, якога даўно ўжо трэба прагнаць са службы. Ён выпіваў, хоць быў хірург, і аднойчы ў спрэчцы з ёй даводзіў, што Мазамбік знаходзіцца на заходнім, а не на ўсходнім узбярэжжы Афрыкі, і не прызнаў сваёй памылкі, пакуль яна не прынесла атлас; наогул, яна не надавала асаблівай увагі яго думкам і парадам. Яна жыла ўвесь час у трывозе, і два дні назад ёй так захацелася пайграць на піяніна, што яна паднялася з ложка і пайшла ўніз, калі Анаклеты і мужа не было дома. Яна трохі пайграла і атрымала ад гэтага вялікае задавальненне. Вяртаючыся ў свой пакой, яна вельмі паволі падымалася па лесвіцы, і, хоць надта стамілася, усё абышлося.
Думка, што трапіла ў пастку,— бо цяпер яна мусіла чакаць, пакуль паправіцца, каб здзейсніць свае планы,— была не на карысць лячэнню. Спачатку яны запрасілі сядзелку, але тая і Анаклета не ладзілі паміж сабой, і праз тыдзень яе ўжо больш не было ў доме. Элісан увесь час прыходзілі ў галаву розныя неверагодныя ўяўленні. У той дзень недзе па суседству крыкнула дзіця, як звычайна крычаць захопленыя гульнёй дзеці. Яна ж з незразумелым страхам падумала, што дзіця трапіла пад машыну, і загадала Анаклету хутчэй бегчы на вуліцу, і нават калі той запэўніў яе, што дзеці проста гуляюць у хованкі, Элісан не змагла пазбавіцца ад трывогі. А два дні да таго ёй здалося, што пахне дымам,— значыцца, у доме пажар. Анаклета аблазіў увесь дом, агледзеў кожны закутак, а яна ўсё не магла супакоіцца. Ад любога нечаканага шуму ці якой-небудзь дробязі яна плакала. Анаклета ўжо згрыз да мяса пазногці, а маёр стараўся як мага радзей бываць дома.
Цяпер, апоўначы, калі яна плакала ў цёмным пакоі, узнікла новая галюцынацыя. Яна глянула ў акно і зноў убачыла цень чалавека на газоне за домам Пендэртанаў. Ён стаяў амаль нерухома, абапёршыся аб сасну. Назіраючы за ім, яна ўбачыла, як ён пайшоў па газоне і ўвайшоў у дом праз чорны ход. Ёй раптам прыйшла ў галаву жахлівая думка, што гэты чалавек, што краўся, нібы злодзей,— яе муж. Ён прашмыгнуў да жонкі Уэлдана Пендэртана, нягледзячы на тое, што сам Уэлдан быў дома і працаваў у кабінеце. Яе ахапіла такое моцнае абурэнне, што розум ужо не мог яе спыніць. Ад гневу ёй зрабілася млосна, яна паднялася з ложка і пайшла ў ванную, дзе яе званітавала. Потым яна накінула на начную сарочку паліто і ўсунула ногі ў чаравікі.
Читать дальше