Элісан крыху памаўчала, каб стрымаць хваляванне ў голасе, і потым спыталася:
— Дык што ты бачыў у сне?
— Неспакойны сон,— ціха адказаў Анаклета.— Нібы трымаў у руках матылька. Калыхаў на каленях Кэтрын. Раптам — сутаргі. А вы спрабавалі адкрыць кран з гарачай вадой.— Анаклета адчыніў скрынку з фарбамі і разлажыў перад сабой паперу, пэндзлікі. Ад агню яго бледны твар заружавеў, а ў цёмных вачах засвяціліся чырвоныя водбліскі.— Потым... Замест Кэтрын на каленях я трымаў адзін з чаравікаў маёра, што я павінен быў чысціць двойчы на дзень. Чаравік быў поўны слізкіх, толькі што народжаных мышанят, яны курчыліся і лезлі з чаравіка, а я стараўся не выпускаць іх, каб яны не распаўзліся па маім целе. Фу! Гэта было як...
— Змоўкні, Анаклета! — перапыніла яго Элісан, скалануўшыся.— Калі ласка!
Анаклета пачаў маляваць, а яна глядзела на яго. Ён памакнуў пэндзлік у шклянку, і ў вадзе расплылося бледна-ліловае воблачка. Ён з задуменным тварам схіліўся над паперай і потым адзін раз адарваўся, каб зрабіць лінейкай некалькі замераў на стале. Як мастак Анаклета валодаў вялікім талентам — яна была ўпэўнена ў гэтым. У іншых сваіх мастацкіх пачынаннях ён таксама дасягнуў пэўнага майстэрства, але па сутнасці яно было пераймальным, і ён быў у гэтым выпадку амаль, як сказаў бы Морыс, малпачкай. А вось у яго акварэлях і малюнках прыкметна адчуваўся ён сам. Калі яны жылі ў гарнізоне паблізу Нью-Йорка, ён пасля абеду ездзіў у горад, каб наведаць Саюз студэнтаў прыгожых мастацтваў. I яна з гонарам, хоць і без здзіўлення, назірала, як многія наведвальнікі выстаўкі, наладжанай студыяй, не адзін раз вярталіся да яго карцін.
Работы Анаклеты былі адначасова прымітыўныя і вытанчаныя, і гэта нейкім дзіўным чынам зачароўвала гледача. Але яна не здолела пераканаць яго ў неабходнасці паставіцца да свайго таленту з належнай сур’ёзнасцю і працаваць з адпаведнай стараннасцю.
— Асаблівасці сноў,— ціха сказаў Анаклета,— гэта дзіўная рэч, калі падумаць. Папалудні, на Філіпінах, калі падушка вільготная, а ў пакоі свеціць сонца, сон — аднаго віду. А вось на Поўначы, ноччу, калі падае снег...
Але Элісан ужо зноў ахапіў яе звычайны неспакой, і яна больш не слухала, што гаварыў Анаклета.
— Скажы мне,— раптам перапыніла яна Анаклету.— Калі ты быў сёння раніцай не ў настроі і сказаў, што збіраешся гандляваць у Квебеку бялізнай, ты меў на ўвазе што-небудзь канкрэтнае?
— Ну, а як жа? — адказаў ён.— Ведаеце, мне заўсёды хацелася ўбачыць горад Квебек. I, на маю думку, няма нічога больш прыемнага, чым мець справу з прыгожай бялізнай.
— I гэта — усе твае планы,— сказала яна. У яе голасе не хапала пытальных інтанацый, і ён не адгукнуўся.— Колькі ў цябе грошай у банку?
Анаклета на нейкі момант задумаўся, трымаючы пэндзлік над шклянкай з вадой.
— Чатырыста долараў і шэсць цэнтаў. Хочаце, я здыму іх з рахунку?
— Не цяпер. Але яны могуць нам спатрэбіцца пазней.
— Напрамілы бог,— усклікнуў Анаклета,— не турбуйцеся. Ад гэтага ніколечкі не палепшае.
Па ўсім пакоі ружавелі водсветы агню і мітусіліся трывожныя цені. Гадзіннік абазваўся кароткім хрыпам і адбіў тры гадзіны.
— Гляньце,— раптам сказаў Анаклета. Ён скамячыў паперу, на якой толькі што маляваў, і кінуў. Потым сеў у задуменнай позе, абхапіўшы падбародак далонямі, і ўтаропіўся ў чырвонае вуголле ў каміне.— Паўлін, такога жудаснага зялёнага колеру. З адным вялізным залатым вокам. А ў ім гэтыя адлюстраванні нечага такога малюсенькага і...
Намагаючыся знайсці патрэбнае слова, ён падняў руку, злажыўшы разам вялікі і ўказальны пальцы. Ад рукі на сцяне за яго спіной лёг вялізны цень.
— Малюсенькага і...
— Гратэскавага,— закончыла фразу Элісан.
Анаклета адразу кіўнуў у знак згоды галавою.
Але калі ён зноў узяўся за працу, нейкі гук у ціхім пакоі ці, можа, успамін пра тое, якім тонам яна сказала апошняе слова, прымусіў яго павярнуцца.
— О! Не трэба! — усклікнуў ён. I, рвануўшыся ад стала, ён перакуліў шклянку з вадой, і яна, зваліўшыся з каміна, разбілася ўдруз.
***
У тую ноч радавы Уільямс быў у пакоі, дзе спала капітанава жонка, не больш як гадзіну. Усю вечарынку ён прастаяў на ўскрайку лесу. Калі большасць гасцей пайшла, ён сачыў за капітанавай жонкай праз акно ў зале, пакуль яна не пайшла на другі паверх класціся спаць. Потым ён зайшоў у дом, як гэта рабіў раней. I зноў пакой быў заліты ясным і срэбраным святлом месяца. «Пані» ляжала на баку, абхапіўшы авальны твар не вельмі чыстымі далонямі. На ёй была атласная начная сарочка, а пакрывала было сцягнута да пояса. Малады салдат сеў на кукішкі каля ложка. Адзін раз выцягнуў руку і памацаў пальцамі слізкую тканіну яе сарочкі. Зайшоўшы ў пакой, ён азірнуўся. Нейкі час ён стаяў перад камодай і разглядаў флакончыкі, пухоўкі і розныя іншыя туалетныя прылады. Адна з іх,— пульверызатар, зацікавіла яго. I ён паднёс яго да акна і агледзеў са здзіўленнем на твары. На стале стаяў сподак з недаедзенай курынай нагой.
Читать дальше