«Я кашу еў смачную і кісель піў... Во!.. Тата перадаў. — У пастанні ў яго — хлеба дзве кулідкі. — Тата прасіў, каб не дакучалі дактарам — двору каб ішлі. А яшчэ так мне сказаў: «Беражы матку!» I я даў слова берагчы цябе... Ты ў нас адна такая».
«Сынок, гэта ж — якая?»
«Добрая... Пра ўсіх нас думаеш, клапоцішся».
I я — давай зноў прабівацца да Граські. Дык мяне сам доктар не прапусціў. Повар, праўда, яшчэ хлеба вынес. Я хустку зняла з галавы, увязала прыпасы. Хлеб з малаком — гэта ўжо яда. Яно ж, якая ні кароўка — многа дае малака ці мала, а малако. З хлебам — аб'ядзенне!
Выйшлі на шашу, толькі спусціліся ўніз, яшчэ да першага мосціка не дайшлі — абганяе нас машына. Салдаты едуць. Поўны кузаў... I Жэня прыпусціў наўпагон. Я крычу яму:
«Сыночак, не рві ты маё сэрца — дойдзем і так, без пад'ездкі».
А ён — сваё:
«Мама, спыні машыну — хачу ехаць з салдатамі... Спыні, мама!»
«Будзеш за машынамі кідацца, у другі раз не вазьму да бацькі! — Дастала з хатулька той кусманчык мяса. — Бяры... Падмацуйся, а то не дойдзеш. Беражы сілы. Машыну ты ўсё роўна не дагоніш».
Во, угаманіўся мой хлопец. Прыдыбалі двору. Я лягла, ногі гудуць. А ўсёй мне лёгка, радуюся: таго-сяго прынесла ж дзецям. Раненыя паабяцалі, што збяруць яшчэ хлеба з пайкоў... Былі ж і такея, каторыя есці не бралі. Хлапечык, што ўнізе ляжаў, на тых жа нарах, дзе і Граська, толькі салодкі чай піў I Граська хлеб не еў, нос і палова рота ў бінтах, дзірачка малая, дык ён булён цадзіў, чай, кампот.
Назаўтра — я зноў там, у шпіталі. Пабыла троху, пагаварылі — мне дрэнна стала. Ужо, праўда, сама выйшла, не чакала, пакуль выведуць. Як толькі аддыхалася, санітарка павяла ў кухню, дала есці. Якраз абед раненым разносілі. Я супу пасёрбала і аладзій з кісялём з'ела. Зноў стала прасіцца да Граські. Не пусцілі. Медсястра падышла і сказала, каб я праз два дні наведалася. Але дзе ж я вытрымаю столькі — пераначавала і ранічкай патэпала знаёмай дарогай. Прыбралася — кофту вышываную надзела, спадніцу чорненькую. Ужо мае ўборы святочныя. Прыйшла... А яму якраз перавязку рабілі. Пасядзела. Во — пусцілі. Ён мне і кажа:
«Левая рука — не правая... Дома ўсё буду рабіць. Пабачыш, іграць буду!»
Я маўчу. I ўжо не плачу, трымаюся. Думаю: «Які ж ні ёсць, а бацька дзецям... Хутчэй бы двору вяртаўся!»
«Ты ўжо глядзі, не перажывай за нас — лячыся, — супакойваю яго. — Не награўся шчэ?.. Чаго табе рупіць гэтае гранне? Сыны, вуна, растуць — яны, от, калі якая бяседа, сыграюць. А мы ў скокі пусцімся — не ўсё ж нам плакаць!»
Пагаварылі так... Ды стала ж мне зноў млосна — і я паехала паўз сцяну. Якраз медсястра лякарствы прынесла, угаворвала гэтага хлапечыка, што на ніжняй палаце, выпіць зелле нейкае, жоўтае. Дык яна і падхапіла мяне, не дала ўпасці. Нашатыру дала нюхнуць — і вярнулася памяць. Граська глядзіць на мяне і маўчыць. Вывелі мяне з палаты. На табурэцік села, да сцяны прысланілася. Доўга сядзела. Троху палепшала — і я стала да Граські прасіцца. Доктар заступіў праход — сур'ёзна так, строга кажа:
«Вы не шкадуеце сябе... Дамоў, дамоў! Пабачылі салдата свайго — і не замінайце нам яго лячыць. Набярыцеся цярпення — ён здаровы вернецца к вам... Здаровы!»
Ды я не паслухалася — зайшла пад акно і глядзела праз расколатую шыбінку, гаварыла з Граськам.
I на трэці дзень была там — карціць жа праведаць. Гэты раз за мной ужо медсястра сачыла — стаіць і шпрыц трымае. Мне дрэнна зрабілася — яна тут жа і ўкалола ў вену. I вывела... А яны з Граськам так умовіліся, што трэба яму з'ехаць як найхутчэй з Прапойску. Угаварылі: значыць, ёй нялёгка, на руках дзяцей куча, выбіваецца з сіл — не трэба яе мучыць, няхай дзяцей глядзіць. I ён мяне папрасіў каб я сабрала хоць паўкіло масла.
«За два дні, думаю, управішся, — кажа. — Масла да чаю — якраз добра: укіну лыжачку ў шклянку, яно растопіцца...»
Пераканаў мяне. I я збіраю масла: падаю карову, малако заллю ў гарлачы, а тады сустойчык зніму ўвечары. Слоік паўлітровы ў лесе знайшла, гэты слоік і запоўніла за два дні. Управілася. Прыбегла ў шпіталь, радая.
«Да Масарэнкі, — кажу. — Як ён тут?»
Дзяжурная сястра адказвае:
«Учора вывезлі яго... У Рослаўль ажно».
Я і абамлела... Зноў і нашатыр нюхала, і ўкол мне рабілі. Як толькі адлігнула, лепей стала — завыла на ўвесь іх двор. Ваенурач падышоў:
«Ну што вы плачаце?.. Слабыя, ходзіце сюды кожны дзень, сябе толькі мучаеце. А ў вас — дзеці... Мы правільна зрабілі, што мужа вашага адправілі. Ну што ў вас ёсць?.. З чаго вам жыць?»
«Карова нас ратуе. I лес: грыбы, ягады...»
Читать дальше