— Або-о, дзе ж я табе гарэлкі вазьму? Сам жа бачыш: не жыву — мадзею... Не да градусаў мне, — спавядалася цётка. — Няма з чаго іх гнаць, усё голад падчысціў.
Шчырым прызнаннем ад паліцая ніяк не адкараскацца — яму трэба пляшка сівухі! У цёткі ж нават і грама не было самагону і за гэта паліцай пакараў яе так: загадаў «дзяжурыць» пры іх управе — на працягу ўсяго тыдня забяспечваць вадою гарнізон, ці, як яшчэ называлі паліцэйскую ўправу «куратнік». Па тым часе гэта была страшная кара, такое дзяжурства. I адмаўляцца не было як — загад!
Цётка начэрпала вады ў тры бочкі-асінаўкі, апусціла ў іх накрыўкі — старыя днішчы ад гэткіх жа бочак, каб вада не так выплёсквалася на грэблі, умошчанай тапорнікам. Я напрасіўся паехаць разам, і цётка ўзяла мяне з сабою.
Худзенькая «манголачка», белагрывая кабылка, напаўсілы цягнула рыпучыя калёсы. Віхлястае задняе кола чаплялася вобадам за грабёнку драбін. Метровы канец трайні зручна тырчаў ззаду калёс, і я, ухапіўшыся за бочку, стаяў на ім — цікаваў за колам-крывуляй, баючыся, каб не саскочыла з восі... За вёскай ужо, ля могілак, дагналі знаёмага паліцая. Ён не ішоў — плёўся нага за нагу, і такі быў п'яны, што ледзьве трымаўся на нагах. Да ўсяго яшчэ і спяваў — выкрыкваў штосьці незразумелае, лухту нейкую. Кабылка, здаецца, і тая збаялася — затупала шпарчэй.
Дзень быў проста выдатны: бязветрана-ціхі, сонечны. Не хацелася верыць, што паўсюль на зямлі нашай лютуе вайна і што недзе паміраюць людзі. На шашы было тлумна: над лесам плыў удушлівы, смуродны пах спаленай газы, неаціхны машынны гуд рэзаў слых. Калі мы паварочвалі ў «куратнік», я на свае вочы бачыў браніраваную калону зялёных, з чорна-белымі крыжамі, танкетак... Рухалася калона ў бок Чэрыкава, на ўсход.
Вароты адчынілі нам пасля таго, як вартавы прыдзірліва ашнарыў фурманку і зазірнуў нават у бочкі. У глыбіні двара цётка запыніла каняку. Распараныя, у белых халатах дзецюкі — кухонны нарад — пачалі няспешна завіхацца ля фурманкі. Бочкі здымалі стаўма, асцярожна, каб не расплёхаць ваду, і неслі іх да кухні.
На пляцы, акурат насупраць казармы, нямецкія служакі-прыхвасні бавілі час: з ёмкім бярозавым пацурабакам у руках стаяў паліцай-таўсцяк, а наўкруг яго — астатняе войска, свабоднае ад варты. Кожны выставіў нагу за круг, усярэдзіне якога і завіхаўся таўсматы, цікуючы, на чыю б нагу абрушыць пудовы цяжар. I ўжо той, хто зловіць разіньку і атрымае ўдар па выстарчаным за круг ступаку, мусіць спешна хапаць злашчасны пацурабак, станавіцца ў круг і віжаваць, пакуль і не надарыцца момант церабнуць такога ж, як і сам, разяваку... Нішто сабе забава, адразу відаць — фашысцкая.
Паліцай Мітрэй з ахвотай падключыўся ў «гульню», а праз колькі хвілін ён ужо качаўся па ўтравелым лабяку пляца і енчыў ад болю.
Бацька сказаў мне:
— Бачыў, які дамкрат з «эмтээса» прынёс? Ён нам, от, і паслужыць... Пакуль дажджоў няма і да балацявіны можна падступіцца, паспрабуем з рамай управіцца. Толькі б зрушыць аграмадзіну з месца, падняць з твані й падкласці лагі, а там яна лёгка пойдзе. — Мы ўжо аднойчы падступаліся да рамы з рускага, яшчэ даваеннага выпуску артылерыйскага цягача. Тады мяне шэршань так у лоб садануў быццам хто малатком агрэў. Гняздоўе давялося распароць, і цяпер ужо шэршняў там няма. — Сагітуем Івана, — разважае бацька. — Ён паможа.
— Учора ад Жэніка ліст атрымалі, піша, што апошні экзамен здасць і прыедзе дамоў, — радую гэтай навіной бацьку. — Можа, якраз сёння заявіцца.
— Не мог мне раней згадаць пра пісьмо? — даволі строга спытаў бацька.
— Вы ж на ферму пайшлі.
— А-а... Ну добра.
Артцягач, які салдаты-акружэнцы знарок, каб не дастаўся ворагу, утапілі за грэбляй у дрыгвяністай балацявіне, раскурочылі эмтээсаўцы. Помню іх «студэбекер». Машына колькі дзён стаяла ля балацявіны, а над поплавам увесь гэты час гуляў разгоністы погалас — грукалі часта і няроўна: то глуха, бы пад зямлёй, то грымотна-рэзка, захлёбіста. Карацей, усё, што можна было забраць — адкруціць або адламаць, эмтээсаўцы забралі... Нам засталася рама, і мы яе прытарабанілі да магазіна. Праўда, патрацілі на гэта не адзін дзень, як разлічвалі, а бадай увесь тыдзень.
Везлі раму не тое каб на каняку якім — на сабе: адным канцом яна ляжала на самаробнай тачцы з коламі ад кулямёта «максім», другім — на перадку ад звычайных калёсаў. Самы меншы з нас, Коля, не меў яшчэ і дзесяці гадоў. Старэйшы — бязрукі бацька наш, інвалід: асколкам ад нямецкай міны яму абсекла нос — якраз дзюбачку, выбіла зубы; увесь левы бок ушчэнт спаласаваны, а два маленькія асколкі дасяглі лёгкіх і назаўсёды аселі там. Іх бачыў я на свае вочы падчас рэнтгенаскапіі: бацьку трэба была даведка для інваліднай камісіі, а я правяраўся пасля застуды. Медсястра засланіла сабой экран апарата. Мне хацелася паглядзець на бацькаву грудную клетку, і я ціхенька абышоў асадзіста-тоўстую, бы ступа, жанчыну, уцяміўся вачыма ў экран і ўбачыў: акурат на лёгкіх чарнелі, усё роўна як шрацінкі-нулёўкі, дзве чорныя кропачкі... Калі бацька стаў адзявацца, я падышоў і крануў яго ў тым самым месцы, дзе «кропачкі», спытаў:
Читать дальше