— Ці вы не чулі, што Смерць сядзіць у табакерцы?
— Не, не чулі.
— Дык мы вам сёння пакажам, як гэта здарылася, што Смерць сядзіць у табакерцы.
— Што вы за людзі?
— Мы скамарохі.
Голыя людзі пачалі хрысціцца і спалохана пазіраць на скамарохаў.
— Чаго вы спалохаліся? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ксёндз нам гаварыў, што вы... што вы... што вы...
— Што хто мы?
— Баімся сказаць...
— Гаварыце! Мы ж не кусаемся... Мы не ваўкі, не авадні і не камары...— сказаў цар скамарохаў.— Ах вы, бяззубыя! Ах вы, авечкі! Не можаце пакусаць пана і ксяндза!
Людзі пачалі ўцякаць ад скамарохаў, а здалёку крыкнулі да іх:
— Ксёндз гаварыў, што скамарохі — чэрці!
Здзівіліся скамарохі, што тут жыве такі цёмны, прыбіты і пужлівы народ, які ў гэтай глушы нават не чуў пра Смерць у табакерцы. Калі панскія парабкі зніклі за ўзгоркам, цар скамарохаў сказаў:
— Зараз сюды з'явіцца пан, а можа, і ксёндз. Бо людзі пабеглі ў маёнтак сказаць, што на панскае поле чэрці прыйшлі. Давайце наладзім для іх спектакль — зусім новы. Я толькі што прыдумаў.
— Без рэпетыцыі? — запытаўся Юрка Дратва.
— Тут і рэпетыцыя не патрэбна. Я зраблюся богам, а вы ўсе — ангеламі. А там самі пабачым, што рабіць далей.
Скамарохі апрануліся ў доўгія белыя кашулі, прычапілі ззаду папаратнік замест крылляў, на галовы на сунулі абручыкі, абклееныя сярэбранай паперай. Сам ён надзеў на галаву гаршчок, абклеены залатой паперай. Прывязаў сабе да твару льняную бараду, абкруціўся ўвесь бялюткім кужалем і ўрачыста сказаў:
— Я бог, а вы мае паслухмяныя ангелы! Ты, Люсенька, мой найлепшы ангел! Станавіся каля мяне з правага боку і пабачыш, што тут зараз будзе. Саўка і Юрка, між намі кажучы, хутчэй падобны да чарцей, чым да ангелаў.
— А ты, пан бог,— зазлаваўся Юрка Дратва,— выглядаеш, як той Піліп, што выскачыў з канапель.
— Не як Піліп,— паправіў яго Саўка,— а як пудзіла, каб вераб'ёў пужаць.
— Ціха вы,— смяяўся цар скамарохаў,— не шануеце мяне ні як свайго цара, ні як свайго бога, ні як свайго паэта.
Дзіда-дзед сказаў:
— Гэта вельмі кепска. Бо хто плюе ў сваю вясну, будзе мець неўраджайную восень.
Сказаўшы гэта, Дзіда-дзед павёў фурманкі з бэбахамі і жывёлу ў бярэзнік. Ледзь паспеў ён гэта зрабіць, як з боку маёнтка паказалася карэта, запрэжаная чацвёркай людзей. У карэце сядзелі пан і ксёндз, абодва худыя, у падранай вопратцы.
Цар скамарохаў дастаў з кішэні дзве бяроставыя табакеркі і закамандаваў:
— Пойдзем насустрач карэце!
Праз дзве хвіліны яны сустрэліся з карэтай. Ксёндз і пан саскочылі з карэты і давай з дзівам паглядаць на скамарохаў.
— Гэта вы скамарохі? — запытаўся пан.
— Гэта вы бязбожнікі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў адказаў:
— Скамарохаў мы толькі што спалілі на нябесным агні, а вецер панёс іх попел на мхі і балоты, на пустыя лясы. Мы моцна загневаліся, калі ўгледзелі, што скамарохі-чэрці паганяць вашу святую зямельку.
— А вы самі хто будзеце? — запытаўся пан.
— Вы манахі? — запытаўся ксёндз. Цар скамарохаў растлумачыў:
— Я бог, а гэта мае ангелы...
Пан і ксёндз кінуліся перад імі на калені і ў адзін голас узмаліліся:
— Даруй нам грахі, божанька літасцівы... Цар скамарохаў гнеўна сказаў:
— А чаму вы бедных людзей так мучаеце? Чаму вы ім есці не даяце?
Спалоханы ксёндз пачаў вінаваціць пана:
— Пан па скупасці нікому есці не дае. Ён хавае крупінку на злую гадзінку.
Спалоханы пан пачаў вінаваціць ксяндза:
— Гэта ксёндз сказаў, што трэба пасціцца, бо пост — да раю залаты мост.
— I ніхто ў вас не памірае? — запытаўся цар скамарохаў.
— Ніхто, божанька літасцівы, у нас не памірае ўжо каля двух год,— сказаў ксёндз.
— Так, так, божа салодкі,— дадаў пан.
— Ах, вы дурныя і хітрыя! — загневаўся яшчэ больш цар скамарохаў.— Голадам морыце людзей! Бязбожнікі вы! Грэшнікі вы! У пекла я вас кіну! Вы хоча цемець вечных дармовых парабкаў?
— Ой, ой, ой...— узмаліўся пан.— Строгі бог гасподзь, і за лучынку знойдзе прычынку, каб накрычаць...
А ксёндз біў сабе кулаком у грудзі ды шаптаў:
— Даруй, божанька... Даруй, божанька... Даруй, божанька...
— Уставайце з каленяў і садзіцеся ў карэту! Ксёндз і пан так зрабілі.
— А мы, божанька, іх вазіць не будзем,— сказалі людзі, што валаклі панскую карэту.
— Ваша нежаданне вазіць паноў мяне вельмі радуе,— сказаў цар скамарохаў.— Значыць, ліха вас доўга няньчыла... Гэта добра! Злазьце, пан, ксёндз, з карэты!
Пан і ксёндз паслухаліся.
— А вы, людзі бедныя, лезьце ў карэту! Людзі селі ў карэту.
Читать дальше