Вясна.
Дазваляецца чытачу маляваць вясну па свайму густу.
Салоўка спявае.
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна сваімі спевамі давала натхненне (як даўней гаварылі) песнярам усіх краёў зямлі.
Пакаленне за пакаленнем ткала шматмільную плахту вякоў, а салоўка ўсё спяваў ды спяваў, дыктаваў вершы рамантычна настроеным юнакам. Істужкаю гэтых вершаў можна аплятаць галу зямлі, як гліняны гляк дротам. Калі не верыце — папрабуйце!
Ці варта чапаць гэту маленькую шэрую птушачку?
Яна вясной атуляе музыкай наш бярэзнік, брызгае ў месячную павуціну гучным вадаспадам разнастайных трэляў.
Тады здаецца, што зоркі падаюць у хмызняк і звіняць срэбрам і шклом.
Тады здаецца, што салаўіная песня застывае на лузе кроплямі расы, дыяментамі радасных слёз.
Тады здаецца…
Кожнаму ўсё па-свойму здаецца.
А месяц — чырвоны, чырвоны. Вясновую ноч крывавіць. А часам ён сіні або іншага колеру.
Бывае месяц выглядае, як серп, як падкова, напамінае жывёліну, выстаўляе рукі, як чалавек, на хвойку ўзлезе.
Гэта ўсё залежыць ад аўтара.
А вочы ў яе робяцца таемнымі, вабнымі, а твар — бледны.
Вечная, яна марыць аб вечным ім.
А ўсяму гэтаму вінават салоўка.
Ці варта чапаць гэту маленькую птушачку?
Мы і не думаем чапаць.
Наш сказ аб такім салоўцы, які спявае нават узімку.
Тры гады таму назад.
Летняя раніца. Сонца лезе гарэзліва ў акно. Не дае спаць. Тупат ног па тратуарах. Людскі гоман. Нядзеля.
На вуліцы рух.
Па кроках, па гутарках, якія чуваць праз ценкія драўляныя сцены маёй кватэры, пазнаю большасць маіх суседзяў і суседак з прадмесця.
Праходзяць каля майго акна дзве старыя дзевы: панна Вікторыя і панна Канстанцыя. Яны гутараць аб «пончках з кавай», якімі даўней карміліся. У галасах шасцідзесяцігадовых «панн» аддуваецца апетытнасць, імкненне да асалоды. Мне здаецца, што бачу іхнія шамкаючыся, слінявыя зморшчаныя губы і галодна-жаласныя падслепаватыя вочы.
Цяпер яны абедаюць у сталоўцы нейкай дабрачыннасці і патрохі жабруюць па суседзях.
Панна Вікторыя — пані, у якой панна Канстанцыя служанкаю ўжо гадоў трыццаць.
Панна Вікторыя часам заходзіць да мяне па «бжонтак» (кіпяток). Лічыць мяне «пожондным» чалавекам і стараецца адшліфоўваць, каб я зрабіўся «гжэчным» (далікатным).
Першыя правілы «гжэчнасці» ўжо ведаю, я павінен ёй казаць не проста «дзень добры!», а «дзень добры, панна Вікторыя!». Тады яна робіць «кніксен» і ўсміхаецца як пятнастоўка.
Пасля такога «свецкага этыкета» панна Вікторыя хоча мне пачытаць французскі раман — у знак пашаны да маёй асобы. Я рознымі хітрыкамі кожны раз выкручваюся ад такіх сеансаў.
Часта яна мне робіць заўвагі, што першы кланяюся панне Канстанцыі (а не панна Канстанцыя мне) і служанцы таксама кажу: «дзень добры, панна Канстанцыя!»
— Так не выпадае, — іртуецца панна Вікторыя. — Першым чынам, нязручна пану (гэта значыць, мне) наймітцы (Канстанцыі) кланяцца і называць яе паннай.
Па-другое — я, мабыць, не здолен успрымаць навукі добрага тону, бо не такога пахаджэння, як панна Вікторыя.
На гэта яна мне робіць тонкія намяканні, аднак удастойвае пашанай і кліча «до покою». Яна хоча паказаць свае дваранскія паперы з фамільным гербам.
Я кожны раз адмаўляюся, кажу, што веру ёй на слова. Яна гэтым вельмі незадаволена.
— Нех пан зобачэ, — не адстае яна.
Разнастайны стукат ног каля майго акна.
Ціхае шарканне яшчэ адной пары далікатных асоб — яшчэ дзве старыя панны, дзве сястры Браванжыцкія. Даюць прыватныя лекцыі французскае мовы.
Абедзве — высокія, ценкія, у чорных даўгіх польтах і чорных капялюшах. Яны падобны да старых ксяндзоў.
Абедзве закаханы ў маладога прыгожага ксяндза і гавораць цяпер аб ім з няменшым апетытам, чымся ранейшыя «панны» аб «пончках з кавай».
Такіх дэвотак праходзіць шмат каля маёй кватэры. З кантычкамі ў руках ідуць у касцёл, які знаходзіцца недалёка ад маёй кватэры, за могілкамі.
Звоняць званы.
Медзяныя гукі то жаласліва-пакорліва, то пагрозна-прызыўна клічуць у «божы дом».
Я пачынаю падбіраць біблійныя тэксты пад спеў званоў. Нічога не выходзіць. Даўгія радкі псальмаў ніяк не ўкладваюцца ў адсечаныя рытмы «глін-глан, глін-глан», што расплываюцца з-пад званіцы. Куды лягчэй падбіраць пад гэтыя гукі смешныя дрындушкі. Якраз званы хуткім тэмпам пачынаюць вырабляць:
Читать дальше