Усё гэта я збіраю для кнігі. Бо я табе пісала, што хачу напісаць кнігу. Але вельмі цяжка і марудна пішацца. Усё, як мне здаецца, вельмі сумна, нудна і па-ідыёцку. I ты, калі прачытаеш, будзеш смяяцца з маёй тупасці.
А ты дарэмна так часта сварышся са сваім Дзімам. Глядзі, а то ён не зразумее, што ты яго такім чынам выпрабоўваеш, і зусім кіне цябе. У нас тут падобнае было ўжо з Валькай.
Слухай, на вус матай, але не млей. Карацей, падабралася ў нас кампашка хадзіць на дыскатэкі. I не толькі нашы. А і іншыя хлопцы, якія да гэтага тусаваліся на "П'яным дворыку". Адзін з іх круціць музыку на дыскатэках, класны дзі-джэй, кажуць. I зваць яго зусім па-тусовачнаму — Бобо, Вовік, значыць. А вока на яго паклала наша Валька. Здаецца, і ён на яе. Дык вось. Паклікаў ён раз усіх на свой дзень варэння. Але не ў дыскатэку, і не дамоў нават, а на прыроду. Паелі шашлыкоў, шампануліся. Некаторыя нават добра падпілі. Бобо таксама. А калі вярталіся, ён прапанаваў заехаць на "П'яны дворык", дабавіць шампуні, пакруціць музыку. Узяў бутэльку шампанскага, ды не "Советского", а нейкага італьянскга. Я не помню назвы. Адкаркаваў і пусціў па кругу. 3 горла. Ведаеш, як гэта праціўна — піць шампанскае з рыла. Ты яго туды, а яно...
Карацей, булькнула Валя шампанскага, а Бобо ў гэты момант палез да яе цалавацца. Яна ж як фыркне, усё шампанскае з рота на ягоны твар і паляцела. Усе выбухнулі рогатам. Бобо спачатку разгубіўся, а пасля як размахнецца... Але не ўдарыў. Мо перадумаў, а мо думаў толькі папалохаць. А Валя хацела, мусіць, бараніцца і пляснула яму па твары ў адказ і як заплача... Карацей, на гэтым і канец іхняй любоўнай оперы. Валя так больш з ім не сустракаецца. Хоць, кажа, калі даведаецца яго тэлефон, і калі набярэцца храбрасці, пазвоніць яму і папросіць прабачэння, хоць, кажа, і не ведае, за што.
А Дзіма ў цябе клёвы, калі верыць тваім пісьмам, і нават не лезе цалавацца, пакуль ты сама яму не дазволіш. Але глядзі. Не злоўжывай гэтым, і не цалуйся, калі шампунь п'еш, а то губы папухнуць, або Алекс паб'е іх з-за рэўнасці. I як гэта ты іх абодвух, гэткіх красаўцаў, утрымліваеш каля себе? Што, ласкавае цялятка з дзвюх цыцак ссе? Але ж ты, здаецца, не надта ласкавая. Помни и не забывай Правила такого: Если любишь одного — Не люби другого...
Я хачу даслаць табе азбуку кахання, каб ты, калі будзеш адказваць на мае першыя (у пачатку пісьма) пытанні, магла карыстацца ёю. Альбо ў класе пісьмы свайму Дзіму пісаць.
Азбука ёсць у двух варыянтах. Вось некаторыя яе знакі. Калі ты зацікавішся, прышлю поўнасцю.
! Пачатак кахання. 0-0-0 Ён цябе кахае.
!!! Заядлае каханне. 0-0-1 Не кахае.
!!!? Я вас кахаю, а вы? 0-0-2 Раўнуе.
!! Не магу забыць. 0-1-0 Напіша пісьмо.
?!?? Прапанова. 0-1-1 Кахае з першага позірку.
?? Забудзься пра мяне. 0-2-2 Ты яму падабаешся.
?! Раўную. 0-3-1 Хоча ўбачыць вечарам.
!!? Я вас кахаю. 0-3-2 Правядзе дадому.
??? Дазваляю пацалаваць. 1-2-1 Хоча пацалаваць.
?!!? Ненавіджу. 1-3-0 Яго кахае іншая.
???? Пацалуй мяне. 1-3-3 Хоча пагаварыць.
!?! Я вас паважаю. 2-0-0 Не можа прызнацца.
...?... Усё скончана. ?!? Здрада.
На гэтым, бадай, усё, навін больш няма.
Пішы, чакаю адказу, як мужык сваю заразу (жонку — гэта прыкол)."
"Прывет, Анжэла!
Гэта я. У мяне ўсё ОС. А ў цябе? Апошнім часам я ўпадабала групы МФ-3, ЕN і Gmа, а яшчэ Лінду. А ты? Я стала шмат чытаць пра музыкаў і спевакоў. Дык вось, ці ведаеш ты, што Раман Рабцаў тры гады хадзіў за нейкай Аксанай, якая яму падабалася? Але не прызнаўся, а з-за нераздзеленага кахання пачаў пісаць музыку.
Як у цябе складваецца з Дзімам? Я, праўда, не разумею: ты што, забылася пра Рамана? Ці ты проста выкінула яго з галавы? Калі так, то дарэмна, бо хлопец ён клёвы, і нашыя дзяўчаты нездарма па ім сохнуць. Тома-Тона, праўда, ужо страціла надзею, ён на яе нуль увагі. I плаваюць начоўкі зараз без руля і без вятрыл. Ці мо ты выбрала такую тактыку: нічога не гаварыць і нават не згадваць пра свае да яго пачуцці? Каб не сурочыць. I каб такім чынам узмацніць ягоную цікавасць да сябе. А ён, дарэчы, пытаўся пра цябе, пытаў, ці не перадавала тая задавака (ты, значыць) яму прывет. Уяўляю, што было б, каб нехта сказаў, што ў цябе ўжо ёсць іншы, і што Дзіма цябе за калені лапае, а яшчэ гамбургерамі падкармлівае. А мо і праўда сказаць?
Мне спадабаўся Мішка. Ён такі сімпатычны, добры, разумны. У яго светлыя валасы і блакітныя вочы. Уяўляеш? Сустракала яго і ў мінулым годзе. Але зараз ён стаў яшчэ прыгажэйшым і больш прывабным. Ён таксама спрабуе пісаць. Напісаў, дакладней, аднавіў некалькі гістарычных легендаў. А яшчэ ён класна іграе на гітары. 3 ім мы аднойчы вечарам, падмануўшы бацькоў, збеглі ў "Макдональдс". Класна пасядзелі, толькі там аказалася шмат знаёмых, і нам не ўдалося расслабіцца. Мы пайшлі ў парк. I ён іграў на гітары. Для мяне. Пасля мы цалаваліся. Каля гадзіны. Нашы губы проста анямелі, але мы не маглі спыніцца. Ён па гараскопу Казярог. Я таксама. I гэта мяне асабліва трывожыць. Бо Казярогі вельмі падобныя па характару адно на аднаго. 3 часам гэта можа дзейнічаць на нервы. Але ўсё адно ён мне падабаецца. Разумееш, як гэта дзіўна, калі ўсе думкі сканцэнтраваны на адным чалавеку? Гэта часам нават перашкаджае. Аднак усё роўна прыемна. Раніцай устаю, мыюся, снедаю і ўяўляю, што і як робіць у гэты момант ён. Іду ў школу — тое ж самае. Вечарам не магу доўга заснуць — зноў думаю пра яго. А мо гэта і ёсць першае каханне? Рамантычнае і крыху самотнае, як і належыць? Бо яно ж першае. I з гэтага моманту пачынаецца тая рыса, якая дзеліць маё жыццё на "Да яго" і "3 ім"? Не магу ўявіць, як жыла я раней без гэтых вачэй, без ягонай усмешкі.
Читать дальше