Писал не писатель,
Писал не поэт,
Писала девчонка
Тринадцати лет"
"Добры дзень, Анжэла!
Я вось вярнулася з санаторыя і пішу табе. Я вельмі засумавала па тваіх малюнках і жартах. Дарэчы, ты класна выглядаеш на фота. Каб ты прыслала яго раней, я ўзяла б у санаторый, усе хлопцы былі б твае.
У санаторыі была два тыдні. Праз тры дні перазнаёмілася практычна з усімі хлопцамі. У суботу мы з Ленай класна патусаваліся на дыску. Там мы пазнаёміліся з 2 хлопцамі: Гуліверам і Ліліпутам. Нам надаела дыскатэка, і яны прапанавалі пайсці да нас. Мы, вядома, згадзіліся. Прыйшлі да нас, хлопцы, як заўсёды, папрасілі чаго-небудзь пагамаць. I пачалося. Сталі мы адно аднаго карміць: Гулівер карміў мяне, як сваю Глюмдалькліч, а я яго. Ён такі зайчык. Ён мне ў першы ж дзень спадабаўся. Ну, карацей, на трэці дзень я з ім ужо цалавалася. Калі ён дазваляў сабе нешта большае, разумееш?, я пыталася ў яго: "Ты што, толькі са мной, ці наогул ў натуры такі нахабны?" На што ён адказваў: "Не, я лічу, што я не нахабны. Але калі ёсць магчымасць нечага дабіцца, я стараюся не ўпусціць". Разумееш?
Пасля ў Лены быў дзень варэння. Да нас завалілі хлопцы з гітарай, у тым ліку Гулівер і Ліліпут. Прыняслі 8 бутэлек піва. Мы прывалілі ложкам дзверы, каб ніхто не зайшоў. Ігралі на гітары, піва было, хлопец быў, што яшчэ трэба! Кайфавалі. Пасля пайшлі на вячэру. А тады пачалося самае галоўнае. Калі прыцямнела, завалілі хлопцы. Мы пачалі гуляць у карты на фанцікі. Хлопцы разгаліліся амаль да трусоў, а мы з Ленай толькі пару рэчаў скінулі. Калі прышлося выкупляць свае рэчы, то Коля, які быў загадчыкам — загадваў нам свае жаданні, такое выдумляў, што ў нас ажно жываты ад рогату балелі, і губы ад цалавання панапухалі.
Хутка ўсе набілі аскому, перасталі гуляць у карты. Нехта прапанаваў круціць бутэльку. Не ведаеш, што гэта такое? Селі мы кружком, і кожны па чарзе круціў на падлозе пустую бутэльку. Да каго яна павернецца сваім горлам, таго і павінен пацалаваць круцельшчык. Мне чамусці найбольш выпадаў не Гулівер, а Ліліпут, ад чаго Лена засердавала, і мы выкінулі бутэльку. Але ж нацалаваліся ажно да кружэння галавы. Пасля і гэта надаела, і мы разышліся па ложках. Зноў цалаваліся. I не толькі. Мой Гулівер быў у трусах — яшчэ не апрануўся пасля фанцікаў... Уяўляеш? Я толькі падумала: "Во быў бы нумар, каб гэта ўбачыла дакторка ці сяструха", як і сапраўды пачуўся стук у дзверы. Мы ледзь не ўмлелі, калі дзяжурная зайшла ў палату. Але нічога не заўважыла.
Вось, здаецца, і ўсё, чым я магу пахваліцца пра свайго санаторнага хлопца.
Ты пісала, што з Алексам ела ў "Макдусе" гамбургеры, а з Дзімай у кіно чысбургеры, ці мо наадварот, мо я пераблытала ўсё, бо ты мяне са сваімі кавалерамі таксама заблытала. Але не вельмі задзірайся, бо і ў нас "Макдуху" на праспекце адкрылі. Праўда, калі адкрывалі, то ледзь не падушылі людзей. Спачатку і мы туды палезлі, але пасля паразумнелі (гэта Сашка, які быў з намі, вывеў нас) і не сталі душыцца, а то ў гэтай таўканечы не толькі духі дастаць маглі, але і попку раздушыць, ці ліфон ад натугі мог бы лопнуць. Затое мы праз тыдзень класна там пасядзелі, Сашка загадзя месца дастаў. Так што і мы можам гамбургнуцца, а не толькі ты. I мы таксама не адны, з намі хлопцы былі, і таксама яны частавалі. I нават пасля не прасілі адплаты пацалункам.
Пра наш клас магу сказаць адно: усе хлопцы як былі заклапочаныя, так і засталіся. Танька, як заўсёды, выкаблучваецца перад хлопцамі. Жана бегае за Колем. Надзя сядзіць з прышчавым Сашкам. Аня стала крутая, хоць з яе крутая, як з мяне балерына.
Апранаецца яна па-калгаснаму. Людка стала трохі дурнаватай і псіхаватай.
Вось і ўсё.
Люблю, цалую, паважаю і не забываю. Не забывай і ты сваю Наташку."
"Прывецік, Анжэльчык!
Ці ведаеш, хто табе піша? Так, гэта я, Зіна! I адразу просьба да цябе, каб не забылася.
?шібюл обьла шеахак ыт огак ,ышіпаН
?ебяС
.ышіпан удўарп ікьлоТ
?арбоД
А тады я табе напішу. I таксама праўду. Толькі ты адкажы мне:
а) ці знайшла ты сабе хлопца?
б) апішы яго.
в) вашыя адносіны.
г) дзе і калі вы пазнаёміліся?
д) як вы кахаецеся?
Я нядаўна была на дыскатэцы, дык ледзь не звар'яцела. Усе п'яныя. Бр-р-р... Смурод ад іх, не прадыхнуць. Там з Валяй адбылося нешта непрыемнае. Яна так чакала гэтага моманту, так рыхтавалася да яго, так марыла і мроіла пра яго і на табе — такое расчараванне... Пайшлі мы танцаваць-тусавацца. Скакалі, ажно пот градам сыпаўся. А калі музыка сціхла, нейкі п'янаваты бэйбус падскочыў да Валі, схапіў яе за галаву і пацалаваў у губы. Нібыта з падзякай за танец. А ад яго ж і перагарам, і дымам смярдзела, і спацелы ўвесь. Бр-р-р. Валю ледзь ваніты не ўзялі, ледзь адплявалася. Вось табе і першы пацалунак, якога не давай без кахання...
Читать дальше