А чаму вы свой школьны магазінчык называеце "туалетам"? Ці мо гэта вы туалет называеце "магазінчыкам"? Каго ці што вы там прадаяце? Падзяліся вопытам.
Ну, здаецца, я тваё пісьмо разабрала па палічках і па костачках. А зараз трохі пра сябе і ўсіх нашых раскажу. Па матэматыцы ў мяне ў гэтым трыместры з усіх ацэнак стаіць толькі 5 "троек". На канікулы баба Ганна (матэматычка) задала нам 15 нумароў рашаць. Калі мы пачалі абурацца, яна нам адказала: "Вось будзе перапынак, тады і абурайцеся хоць да вечара." Разумееш? Новы год мы яшчэ класам не адзначалі.
А што гэта ў цябе за малюнак? Гэта, напэўна, цябе хлопец цалуе? Намалюй мне і ў наступным пісьме што-небудзь, добра?
Перадавай прывет Іры і Руслану і падрабязна апішы іх. I няхай яны сваёй рукой мне таксама што-небудзь напішуць.
Чакаю хуткага, проста хуценькага, як найхутчэйшага адказу.
Твая Верка."
"Прывет, Анжэла!
Спяшаюся табе напісаць, бо ў нас тут такое, такое... Такі прыкол, што не ведаю, з чаго і пачаць. Ты, вядома, не забылася пра Рамана, калі пішаш, што прысніла яго. Ну, таго, дзікапрыўскага, што навічок наш. А навічок-то аказаўся ого-го! Ты б бачыла, што тут у нас адбывалася апошнімі днямі. Уся школа, а не толькі наш 7 "А", проста як звар'яцелі. А ўсё з-за таго, што ДзіКапрыа, Рамана, значыцца, застукалі, калі ён у класе пасля ўрокаў гэтую прыпыленую Тому-Тону кудлашыў. I хто б мог падумаць? Што ён у ёй знайшоў? I не проста кудлашыў, не проста за калені лапаў, як цябе твой Дзіма. Ён ведаў, куды трэба лезці. I ўсё гэта застукала класуха. Не ведаю, чым і скончыцца. Але напішу табе. Чакай.
А каб ніхто чужы, нават твае продкі, не маглі прачытаць, давай будзем карыстацца нашым пісьмом. Я паспрабую аднавіць свае здольнасці. Чытай і кумекай.
Я алатыч ёавт омьсіп ышатаН з ."Б"7 анЯ ылаб імьлев ,анелўіздз отш ыт кат акгёл ясалыбаз арп анамаР і отш шеялавзад ебяс аз анелак .ьцапал анЯ алісарп імьлев анзябардап ьцасіпан арп юавс ,улокш арп йовс ,салк арп .умізД А — аня арп ,йовс об аня ав есў яынйат ыварпс асалк алзелў шпел аз .хышні йЁ авакіц ьцанўарап укўонатсба ў міавс есалк і ў .міавт
Ну, вось табе і задача. Нават не адна. Кумекай. Апошнім часам у мяне чамусьці бывае вельмі паганы настрой. Часам так дрэнна, што ажно ўзнікае жаданне падпаліць школу, але тады я на ўсю моц запускаю "Матацыклетку" альбо "Істэрыку", і злосць адыходзіць. "Агату Крысці" я проста абагаўляю. А ты? Школу то я не падпалю, не бойся. А вось нейкі жартун нядаўна пазваніў у міліцыю і сказаў, што нашая школа замініравана і хутка ўзляціць у паветра. Уяўляеш? Не, ты поста не можаш уявіць, што там пачалося. Усіх выгналі на вуліцу. Панаехала міліцыі, ўсё перарылі, перакапалі, але нічоа не знайшлі. Затое заняткаў больш не было. Жартаўніка таксама не знайшлі, хоць да гэтага часу настаўнікі ўсіх падазроных выклікаюць у настаўніцкую і вядуць допыты. У вас такога не бывае?
Прывет. Твая Верка."
"Анжэла, добры дзень!
Ты мо мяне не ведаеш?
На К. моя фамилия,
На Н. меня зовут,
На А. подруга милая,
Но скрою, кто мой друг.
Табе Верка пісала, што давала тваё пісьмо чытаць Наташы з 7 "Б"? Я і ёсць Наташа. Пішу табе на каранціне: у нас па ўсім горадзе школы пазачыняліся на 2 тыдні. Дык мы з Кацяй гуляем, забаўляемся. Сумна і нудна. У школу хочацца. У школе ў мяне таксама нямала прыколаў.
У нас Лёнік зусім з глузду з'ехаў. Раней яму Лорка падабалася (мо і зараз падабаецца). Але за мной ён усе перапынкі бегае, падыходзіць упрытык і... ну, сама разумееш... Добра, што я хутка бегаю. На ўроках усе рэчы з парты сцягае. I так на мяне пазірае, так пазірае, як мыш на крупы галоднымі вачыма, проста не ведаю, што рабіць, што думаць. Яшчэ ў дадатак яму нехта назвяздзеў (выбачай за гэтае слова), што я паслала яго на хутар, матылёў лавіць. Дык ён зусім азвярэў. Калі бачыў мяне, пачынаў хапаць за любое месца. У мяне аж сінякі з'явіліся, іх маці ўбачыла, калі я мылася ў душы. Давялося маніць, што гэта я на фізкультуры пабілася. Затое я яму назаўтра так адпомсціла, што ён дзесятаму закажа: стукнула па назе, а пасля і вышэй. Больш не лезе, хоць і агрызаецца, што нічога, перажыве, бо ад слова бывае больш балюча, чым ад рук. А я яму кажу, што вырас да неба, а культуры так і не навучыўся.
Я зайздрошчу табе, што ты маеш хлопца: шчасліваму і ў сне шчасце сніцца. Відаць, твой Дзіма і сапраўды клёвы, калі ты так захоплена пра яго пішаш. А ці ўмее ён цалавацца? Бо ты пра гэта не напісала? Ці ты сама яшчэ не цалуешся? Мо там, за мяжой, гэта на прынята? Але я недзе чытала, што замежныя хлопцы больш дасведчаныя за нас і больш наглыя. Так што ты свайму Дзіму пакуль што дазваляй не ўсё. Цікава, а старыя, то значыць, продкі твае пра Дзіму ведаюць?
Читать дальше