Паплылі начоўкі,
Поўныя красы.
Гэта нашай Тоны
Толькі дзве касы...
Дык вось, Анжэла даведалася пра запіску Рамана да Томы. Іншая на яе месцы і ўвагі не звярнула б — ці мала запісак хадзіла-насілася па класе, а яна ўзнегадавала: "Як? Закаханыя запіскі гэтым начоўкам!? Ну, ужо не, выбачайце!.."
Калі хочаш пасварыцца, дык скажы, што кахаеш...
I Анжэла помсліва згадзілася ехаць з бацькамі...
Сваю ж лепшую сяброўку Веру папрасіла, заклінаючы:
— Ты мне, Верык, пішы. Часта пішы... Пра ўсё пішы.. Каб я не сумавала... I каб... каб... каб пра начоўкі забылася...
"Добры дзень, Анжэла!
Добра, што ты нармальна даехала ў сваю заграніцу, а то я пачала баяцца, ці не згубілася ты па дарозе, так доўга не было ад цябе пісьма. Але добра, што ўсё добра, і што ты напісала.
У нас тут усё ў асноўным у N. Праўда, пасля твайго ад'езду і пасля тваёй заявы-пагрозы: "Ну глядзі, Тона, каб твае начоўкі не перакуліліся і не патанулі", быў невялікі перапалох. Але пасля ўсё супакоілася. Начоўкі нават узрадаваліся, што ты з'ехала, і працягваюць плаваць, не ведаючы, куды прыстаць-прычапіцца. То да Рамана кінуцца, то да Віціка вяслуюць. А яны абодва (ці абое?) іх адфутбольваюць, вось і не ведае наша Тома-Тона, дзе яе прыстань.
А як ты там уладкавалася? Яшчэ нікога не закадрыла? Напішы хутчэй. Не тамі...
А яшчэ, пакуль ты там не занятая іншымі справамі, я маю да цябе просьбу. У расійскім маладзёжным часопісе "Бумеранг" я прачытала пра ручку-арганайзер, не бойся, не пра тое, пра што ты падумала. Гэта такая клёвая рэч з электроннай запісной кніжкай, калькулятарам, календаром. I ўсё гэта запакавана ў адну звычайную шарыкавую ручку. Націскаеш на кнопку, і адчыняецца вечка, на якім знаходзіцца экран. Трошкі ніжэй — кнопкі. Імі можна хутка і спрытна запісаць патрэбны адрас хлопца, "забіць" яго ў памяць. А яшчэ можна скласці дакладны графік спатканняў, запомніць патрэбныя дні нараджэння. А на ўроках матэматыкі займацца вылічэннямі, у вольны ж час — скласці расклад заняткаў па англійскай мове. А яшчэ маецца каляндар, гадзіннік. Разумееш, як клёва? I называецца ручка "Тiger Data Реп". Калі табе натрапіцца, то купі не толькі сабе, а і мне, бо ты ж зараз павінна быць багачкай. За мяжой жывеш, капусту грызеш. Дарэчы, а колькі капусты атрымліваюць твае бацькі? На ўсе твае прыхаці хапае?
Твая Вера."
"Прывецік, Анжэльчык!
3 радасцю і зайздрасцю чытала тваё пісьмо. Ты так пішаш пра хлопцаў, што можна падумаць ты там адна такая прыгажуня пісаная, проста-такі зех-бомба. Як я зразумела, у цябе ўжо хлопец ёсць? У цябе там шырокае кола сяброў (іх больш за сябровак?). Відаць, Дзіма у цябе пад жалезным каблуком, калі ты пішаш, што ён за табой, як нітка за іголкай. А чаму тады ён кінуў цябе адну, калі вы вярталіся з музея? Я не разумею Дзіму: раз ён табе пазваніў і папрсіў прабачэння за гэта, значыць, ты яму бясспрэчна падабаешся. Тады навошта яму падкалваць цябе, што ты падабаешся Араму (ці мо Дзіма толькі з ветлівасці пазваніў і папрасіў прабачэння)?
Увогуле, у наступным пісьме апішы ўсё падрабязна. Не саромся напісаць пра іншыя падобныя выпадкі, калі яны, вядома, былі. Бо мне цікава, якія паміж вамі адносіны. Ці ты толькі ўсё гэта выдумляеш? Каб цану сабе набіць? Гэта ты ў нас была бясцэнная, таму і з'ехала ў сваю загарніцу, каб там мець цану. А якая ў капусце твая цана?
А наконт заклапочаных хлопцаў у нашым класе, ты маеш рацыю. Яны такія і ёсць: усё стараюцца дзяўчат зачапіць, а на перапынках і да мяне колюцца. Так што ты на ўсе 100 працэнтаў праўдзіва падмеціла, хоць і даўно ужо з нашага класа з'ехала.
А зараз — будзь здарова, дзеўка, жадае табе Верка.
Не лянуйся, пішы, бо гультайства — пачатак усіх бедаў. I пра Дзіму не забудзься."
Анжэла цяжка прывыкала да замежнага жыцця. Не магла асвойтацца з новымі парадкамі і распарадкам свайго побыту. Мовы чужой яна не ведала, а англійскай у віцебскай школе не надавала асаблівага значэння. Як быць з вучобай? Бацькі спачатку разгубіліся — ці то ў нармальную замежную школу аддаць, ці ў англійскую — няхай сабе цяжэй будзе, затое англійская ўсюды і заўсёды спатрэбіцца. Але заўпарцілася Анжэла. I каб не было чарговай істэрыкі, аддалі ў рускую — пры расійскім пасольстве ў вялізным горадзе, у блізкім прыгарадзе якога працаваў Анжэлін тата.
Клас, як і школа наогул, быў зборным: дзяўчаты і хлопцы не толькі з Расіі, Украіны, Малдовы, а нават з Балгарыі, В'етнама, Югаславіі і іншых краін. Было весела і цікава. Паступова Анжэла асвоілася, прывыкла і нават на англійскую пачала налягаць з усёй сілы, бо нездарма кажуць: трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца.
Читать дальше