А найбліжэй да нашае хаты жыў мой дзед па бацькавай лініі Ясь з бабай Гандзяй. Ваду з іхняга калодзеся, ажно восілка ад вядра так скурчвала пальцы, што не разагнуць, даводзілася насіць і мне, метраў за трыста, і гразкай вясной, і гарачым летам, і марасістай слотнай восенню. А зімой, кудасна-снежнай, з непралазнымі гурбамі ля платоў і глыбокай барханістай беллю на сцежцы, вада ў вядры пакрывалася шархоткай скарынкай лёду, які ўсмак смакталі мы замест марожанага, якога гадоў да дзесяці не толькі не каштавалі, а і слова такога не чулі. У дзедавай хаце найчасцей ратаваўся я ад галоднага буркатання ў жываце, цішком, каб не бачыў ашчадны дзед, атрымліваючы з рук спагадлівай і шкадаўлівай бабы то акрайчык хлеба, то лустачку паляндвіцы, ад смаку якой і дагэтуль ледзь не млею, то пахкі яблык. Тут упершыню ўбачыў я другі наш хутарскі цуд — прывезены аднекуль, ці не з арміі, маім дзядзькам Міхасём "паціфон" і некалькі бліскучых кружэлак, якія ад драпання па іх тонкай кароткай голкай, якую даводзілася мо сотню разоў вастрыць, выдавалі такія цудоўныя песні, што ажно душа заходзілася ад замілаванасці.
Адгэтуль бацька мой выцікаваў на далекаватым надворку ўвішную Мазанянку, з якой і пабраўся ў чэрвені 1944 года. Але не паспелі і каравай падзяліць, як на другі дзень вяселля бацьку разам з гарманістым Васілём Кулікоўскім і 86-гадовым Сергіевічам забралі немцы ў нясвіжскую турму, свае ўдалі, — за сувязь з партызанамі. Як шукала яго і ў Баранавічах, і ў Нясвіжы мая маці, як хацела выкупіць за каравайныя грошы, як цудам выбавіўся ён з нямецкіх лап, мо напішацца, дасць Бог, прыгодніцкая аповесць...
Тут жа, хата да хаты, жыў мой дзядзька Мікалай са сваімі сынамі Колікам, маім найпершым заступнікам у выпадку чаго і найлепшым павераным у маіх таямніцах, і Мішкам. Тут гулялі мы ў хованкі, тут рабілі "буды" — нашы першыя блакітныя гарады, то ў зямлі, то над ёй, хто з дубцоў, а хто з цыбуроў высокай травы, навыперадкі: хто больш мудрагеліста...
Няма ўжо ні нашых "будаў", ні нашых садоў, ні нашых хат, з якіх, калі верыць напісанаму, усе мы выйшлі, і ў якія, калі зноў жа верыць жартаўнікам-зласліўцам, не ведаем як вярнуцца, няма і саміх гаспадароў, і многіх са старэйшых і маладзейшых за мяне маіх аднахутаран. Хай пухам будзе ім тая зямелька, у якой спачывае цялесная абалонка іхняга непаўторнага і неўтаймоўна-стваральнага няўрымслівага духу і добрай, спагадлівай душы.
Мае сённяшнія згадкі пра іхнія часам дзівакаватыя адметнасці зусім не ад таго, што няма больш пра што ўспомніць. Не і не. Проста нязвыклае лягчэй запамінаецца і больш уражвае. Мае ж аднахутаране былі найперш і найбольш шчырымі працаўнікамі, клапатліўцамі, рупліўцамі. А што мяне дагэтуль неспатольна дзівіць, дык гэта найвышэйшая іхняя нязмушаная і без прынукі, самая што ні на ёсць натуральная цяга да калектыўнасці. Танцы, ігрышчы (сяброўскія застоллі ў складчыну) — разам. Зажынкі, дажынкі (калгасныя) — разам. Дакопкі — таксама. Я ўжо не кажу пра непаўторныя па дпсціпнасці і вясялосці, па песеннасці і тэатралізаванасці вяселлі, радзіны. I дзе ўсё гэта дзелася з рассяленнем па вёсках? А тым больш па гарадах, дзе ад людзей няма куды плюнуць, а такіх адзінокіх і адасобленых нідзе больш не стрэнеш.
А ці трэба, каб новым было?..
Ціха і бязлюдна на маім Язаўцы сёння.
Ці не таму гэткая падзялененая разнатраўем дарога, што няма ног, каб выгладзіць яе і выплескаць? Ці не таму курыцца яна пылам-пяском, сыпучым, як пытляваная мука, якую каштавалі мы некалі толькі на Вялікдзень ці на Коляды, калі маці дазвалаяла сабе спячы белуюбулку? А раней жа тут была толькі сцежка-дарожка, зарослая густым спарышнікам і шырокалістай бабкай, з пратаптаным-выплесканым у іх бялесым паскам і павыбіванымі вазамі глыбакаватымі каляінамі, па якіх у час грозных тады навальніц цурчэла ў ярашову лагчыну нябесная вада, а ў разводдзе віраваў ручаінамі расталы снег.
Я падыходжу да той мясціны, дзе ў вішнёвай засені, якая кішмя кішэла ад пчол, стаяла нашая хата, перасыпаная ў 1946 годзе, калі бацька праз два гады, дзень у дзень, вярнуўся з шахтаў, з купленай у Рудаўцы за 23 пуды збожжа.
3 хваляваннем ўзіраюся ў бульбяны палетак, густа зарослы, нягледзячы на ліпеньскую шматдзённую сухмень, ядраным бульбоўнікам і дудкамі даволі рэдкай, хоць і высокай ганарыстай лебяды. Дзе ж яна, дзе тая мясцінка, тое котлішча, на якім мая пупавіна, мая сыноўняя повязь з жыццядайнай мацярынскай утробай была схавана-закапана?
Читать дальше