Ад аднаго толькі слова «мора» Тані зрабілася свяжэй на сэрцы.
— Ты чаму пра гэта пытаешся?
— А таму, што хачу табе прапанаваць... Тут ёсць магчымасць... Адзін чалавек з машынаю... Я з ім наперадзе, ты з Сашам ззаду...
Таня падсунула сабе крэсла, села, бо адчувала — аслабелі ногі ад радасці. Люба з падазрэннем паглядзела на яе праз свае акуляры — ці не чарговы ўдар лёсу зваліў Таню з ног.
Але Таня ўсміхнулася Любе, паказваючы ўсмешкаю, што ўсё ў парадку.
— Ты што, анёл з неба? — усміхнулася ў трубку Таня.— Ды гэта мая мара, з Сашам — да мора... А ты не жартуеш? Што там за чалавек з машынаю?
Вера крышку памаўчала.
— Ты сёння вечарам будзеш дома?
— Буду.
— То я зайду, растлумачу.
Вечарам Вера сапраўды прыйшла, і Таня як убачыла яе — ахнула. Вера адрэзала сваю касу, і цяпер на галаве ў яе была модная прычоска, на ёй быў белы імпартны касцюм, туфлі на платформе, уся Вера выглядала як абноўленая, памаладзелая.
— Касу адрэзала! — склала перад сабою рукі Таня.— Але не шкадуй, добра зрабіла, ты цудоўна выглядаеш, божа мой, якія тояцца ў нас, у жанчынах, рэзервы, а мы пра іх і не здагадваемся!
— Праўда?
Здаецца, Веры гэта было вельмі важна, хоць раней Таня не заўважала за ёй какецтва.
— Кепска, што ў цябе няма тэлефона,— гаварыла Вера, праходзячы ў пакой.
Сашы не было дома, недзе бегаў па двары. Яны ўселіся на Таніну канапку, і Вера загаварыла:
— Я па тэлефоне з табою не жартавала, ёсць магчымасць паехаць на поўдзень... Не буду цябе інтрыгаваць, раскажу, з кім і як...
Вера, здаецца, наважылася нешта расказаць Тані, але раптам запнулася, нібы шукаючы слоў, якімі гаварыць далей, зачыніла і адчыніла белую лакавую сумачку, пакруцілася, шукаючы ёй месца, кінула на стол.
— Адным словам, адзін чалавек хоча выйсці за мяне замуж,— Вера засмяялася,— пардон, жаніцца са мною...
— Дык гэта ж здорава, Верка,— узрадавалася за сяброўку Таня.
— Разумееш?.. Слухай, як мне новая прычоска, ніяк не прывыкну, праўда хораша? — дакранулася Вера пальцамі да сваіх валасоў.
— Цудоўна, ты разам са сваёй касою скінула гадоў дзесяць!
— Значыцца, мне цяпер трыццаць сем, яшчэ можна замуж... Смех смехам,— Вера перастала ўсміхацца,— але разумееш... Гэта ў маладосці выходзяць замуж лёгка, бяздумна, мне мая сяброўка, Оля Гарадзецкая, казала, што яна за свайго Кіма некалі выйшла толькі таму, што на ўсім пляжы ў яго быў самы лепшы загар!..— I тут жа зноў зрабілася сур’ёзная.— Ён удавец, мае дзвюх дачок, адна ўжо замужам, другая жыве з ім... Ну, і ў мяне Ірына... I мая дарослая, не сёння-заўтра замуж...
— Вось бачыш,— перабіла Веру Таня,— замуж выйдзе, ты адна застанешся, так што калі знаходзіцца чалавек, то не ідзі, а бяжы...
Вера ўздыхнула, пакруціла галавою.
— Разумееш, у яго ўжо свае прывычкі, у мяне — свае... Каб на старасці гадоў не апраставалосіцца, не шкадаваць потым... Мы з табою жанчыны незалежныя, не прывыклі, каб намі камандавалі, а там — мала што...
— Нешта ты надта цвяроза разважаеш, ну, а каханне, каханне ў вас ёсць? — спытала Таня.
Вера паціснула плячыма:
— Хто яго ведае... Не ведаю, ці гэта каханне, ці так... Прыемна, што нехта яшчэ глядзіць на цябе...
— Хто ён?
— Выкладае фізіку ў політэхнічным... Кандыдат навук... Вось ён і заве на поўдзень... Але я не хачу адразу ўдваіх, быццам ужо дала згоду... Хачу больш прыгледзецца да яго... Паедзем з намі... Возьмем дзве палаткі, я буду з табою спаць, а ён — з Сашам.
Таня весела засмяялася.
— А захоча ён? Навошта яму такі баласт — мы з Сашам?
— Захоча, я ўжо з ім гаварыла, каб не захацеў, то я точна за яго не пайшла б, бо гэта значыла б, што ён эгаіст... А так... I ты да яго прыгледзішся, скажаш мне, ці варта...
— Ну, ведаеш...
— Дык згодна?
— Я на поўдзень вельмі хачу, мяне доўга ўгаворваць не трэба, так што...
— Так што!
I яны паехалі.
Верын жаніх, Уладзімір Міхайлавіч, вёў машыну. Быў ён невысокага росту, хударлявы, з вусікамі, у якіх прабіваліся сівыя валаскі, з жывымі цёмнымі вачамі, нейкі надта зграбны — і ў фігуры, і ў вопратцы — джынсы, тэніска,— і ў энергічных, дакладных рухах. З першага знаёмства, з першай размовы Таня зразумела, што чалавек ён разумны. Яна часам задумвалася: а наогул што такое розум чалавечы? Колькі ведала мужчын і адукаваных, і нават таленавітых, відных, часам на высокіх пасадах і, далібог, не разумных. Бо калі мужчына пазёр, калі вельмі нясціплы, калі пашляк, балбатун, хлус, то цяжка назваць яго разумным пры ўсіх іншых станоўчых якасцях.
Уладзімір Міхайлавіч не гаварыў глупства, жарты яго былі прыстойныя і дасціпныя, адчувалася, што акрамя сваёй фізікі ён цікавіцца і іншымі з’явамі жыцця — калі зайшла размова пра раман вядомага пісьменніка, які апошнім часам чытала ўся інтэлігенцыя, ён выказаў пра яго і сваю думку, і, як здалося Тані, даволі арыгінальную.
Читать дальше