Пазіраючы на ўсё гэта, Таня хацела верыць, што ўсё ў жыцці падпарадкуецца самым лепшым законам, гармоніі, логіцы, усё, што мучыць нас — выпадковае, не вартае ўвагі, ёсць найвышэйшы сэнс жыцця, і ўсе яны ідуць да гэтага найвышэйшага сэнсу, і некалі дойдуць, а раней за ўсіх, напэўна, той, хто здолее ўзняцца над дробным, нікчэмным. З высокай вышыні сонца відаць нават тады, калі на зямлі ўжо цёмна.
Яна абірала бульбу на абед, Вера ляпіла катлеты з купленага фаршу, Уладзімір Міхайлавіч рыхтаваў свае рыбацкія прычындалы — зноў збіраўся ісці ў мора з рыбакамі, як да іх падбег хлопчык гадоў пяці, у квяцістых трусіках, аб’явіў Тані задыхана:
— Цёця, вашага Сашку б’юць!
Яна кінула нож, падхапілася, пабегла за малым у бок зялёнага мыса. Чула, што і Уладзімір Міхайлавіч бяжыць за ёю. Скора ён перагнаў яе, раней, чым яна, апынуўся на пустым беразе і ўжо хапаў, лавіў за рукі высокага бамбізу, які выкідаў наперад кулакі, стараючыся дастаць імі Сашку. Саша не кідаўся на свайго ворага, а толькі ўхіляўся ад удараў, засланяючы локцямі твар. Пакуль Таня падбегла, Уладзімір Міхайлавіч ужо моцна трымаў бамбізу, не даючы вырвацца і ўцячы, а Саша размазваў па твары кроў, якая цякла з носа.
— За што, чаго, за што ты яго! — крычала Таня ў твар высокаму хлопцу, якога трымаў Уладзімір Міхайлавіч. Хлопцу было гадоў шаснаццаць, ён быў на галаву вышэй за Сашу, у сініх плаўках, загарэлы, з непатухлай яшчэ злосцю ў зялёных вачах. Ён задыхана вырываўся з моцных рук Уладзіміра Міхайлавіча, але той не выпускаў яго.
— За што пабіліся? — напусцілася Таня на Сашу, думаючы, што зрабіў ён нешта кепскае, калі ўвёў у такую злосць бамбізу.
— Ён згубіў ласту,— паслужліва растлумачыў хлопчык, які паведаміў Тані, што б’юць Сашу, і прывёў іх на месца бойкі.
— Якую ласту? — павярнулася да хлопчыка Таня.
— Во такую,— паказаў той на зялёную, як у жабы, гумавую лапу, што ляжала на камянях.
Скора Таня і Уладзімір Міхайлавіч высветлілі прычыну бойкі.
Гэты вялікі хлопец меў ласты і маску, Сашу вельмі хацелася паплаваць з гэтаю маскаю і ластамі, хлопец даў яму сплаваць, і вось Саша згубіў ласту.
— Дык ты за гуму! Біць чалавека! — Уладзімір Міхайлавіч выпусціў рукі хлопца, нібы яму агідна зрабілася да іх дакранацца.
Прыбег бацька гаспадара ластаў — у майцы і шараварах, якія звісалі ніжэй тоўстага круглага жывата.
— Што такое, што такое,— накінуўся ён на Уладзіміра Міхайлавіча.— Сталы мужчына і біць хлапца.
— Ніхто не біў вашага хлапца, гэта ён... вунь, меншага за сябе скрывяніў,— стрымліваючы гнеў, адказаў Уладзімір Міхайлавіч.
— За што, чаго біўся? — напусціўся бацька на сына, але той толькі шморгаў носам.
— Саша ласту яго згубіў, ён за ласту біў Сашу,— зноў ахвотна растлумачыў пяцігадовы сведка ў квяцістых трусіках.
Толькі цяпер, здаецца, убачыў бацька высокага хлапца маску і адну ласту, якая ляжала на камянях.
— Забірай,— загадаў ён і замахнуўся на сына. Хлопец адхіліўся, сагнутаю ў локці рукою закрыў твар, абараняючыся ад удару, але бацька не ўдарыў, і сын хуценька падняў з камянёў сваё дабро.
— Марш дадому!
Хлопец патупаў у бок сваёй палаткі, бацька — за ім.
— Колькі гаварыў — не давай нікому,— пачулі яны злосны голас гаспадара шаравараў і майкі.
— За гуму!.. Біць чалавека!..— не мог супакоіцца Уладзімір Міхайлавіч. Ён абняў Сашу, які ўсё яшчэ размазваў кроў па твары.— Ідзі ўмыйся,— павёў яго да мора.— I пакажы, дзе ты плаваў.
Больш чым гадзіну ныраў Уладзімір Міхайлавіч там, дзе плаваў Саша, і знайшоў тую ласту, занёс гаспадару. А назаўтра паехаў на машыне ў Піцунду і прывёз Сашу маску і ласты — новенькія, прысыпаныя нечым белым, як талькам.
У Тані ўсё перавярнулася ўсярэдзіне.
— Уладзімір Міхайлавіч, колькі гэта каштуе, я заплачу,— палезла яна ў свой кашалёк.
— Кіньце,— узяў яе за руку Уладзімір Міхайлавіч.— Гэта мой падарунак Сашу.
Таня стрымлівалася, каб не заплакаць. Яна бачыла, як радаваўся Саша, як вачыма, поўнымі любові і адданасці, глядзеў на Уладзіміра Міхайлавіча. Здаецца, яна толькі цяпер зразумела, чаго пазбаўлены яе сын,— вось такой мужчынскай абароны, такой мужчынскай увагі, ласкі, адчувала сваю віну перад сынам, што сама не магла як след яго абараніць, даць яму ўсё, што неабходна хлопчыку ў яго ўзросце.
— Чаму ты мне не сказаў, што табе так хочацца тыя ласты, хіба я табе не купіла б? — папракала яна Сашу, абсалютна ўпэўненая цяпер у тым, што каб сын папрасіў, то і купіла б.
— Ага, у цябе заўсёды няма грошай,— сказаў Саша.
Читать дальше