Потым выняла лісткі з другога канверта.
— «Я ўся цяпер жыву паэзіяй, сябе знаходжу ў ёй, толькі сама не ўмею напісаць такіх цудоўных рэчаў...»
— «Я цяпер чытаю вершы Леапольда Стафа. Ці ёсць на свеце што-небудзь больш цудоўнае, і колькі ў іх мудрасці, велічы, хараства...»
А тут яна перапісала цэлы санет Леапольда Стафа — «Трыумф».
Паэзія — шчыт, паэзія — зброя, паэзія — мудрасць, хараство. Хіба можна і тут не звязаць пляменніцу і цётку, Феліцыю і Алаізу Пашкевічаў? Ці не яна, паэтэса-рэвалюцыянерка, перадала па спадчыне сваёй пляменніцы і самаахвярнасць, і сумленнасць, і гэтую вось любоў да паэзіі?
Успаміналіся словы роднай сястры Алаізы Пашкевіч — Караліны Пашкевіч, з якой я сустракалася ў Польшчы, у вёсачцы Франін, каля Лодзі, гады за два перад спатканнем з Марыяй Шлягер.
«Наша Фэля па Лізе 1 1 Алаізу Пашкевіч у сям’і звалі Ліза.
пайшла,— гаварыла тады Караліна Пашкевіч.— Такая ж была шчырая, адважная... I толькі яны ў роднай зямлі пахаваныя...»
Быць пахаванымі ў роднай зямлі, гэта для ўсіх членаў сям’і Пашкевічаў было не менш важным, чым жыць на ёй. Гэта я ўжо ведаю са сваіх даследаванняў. Аднак лёс параскідаў іх магілы па свеце. I сапраўды, толькі Алаіза і Фэля Пашкевічы знайшлі свой спачын на радзіме.
Я расказваю пані Марыі, дзе пахавана Феліцыя, малюю помнік на магіле Цёткі, побач — курганкі Фэлі і Алі.
— Як бы хацелася туды прыехаць, хоць паглядзець на Фэліну магілу,— гаворыць Марыя Шлягер.
— Я магу прыслаць вам вызаў... Думаю, дазволяць вам прыехаць,— прапаную я.
— Дзякуй... Я падумаю,— схіляе галаву гаспадыня.
Яна перабірае, складвае фотакарткі, лісты. Паціху гаворыць:
— Ведаеце, а ў мяне не прайшло адчуванне, быдта мы дакрануліся да таго свету... Усё ляжала пад такім цяжкім пластом забвення...
— Прабачце, калі я вас патрывожыла,— сказала я.— Мне не хацелася прычыняць вам непакой...
— Што вы, што вы,— запратэставала пані Марыя.— Мы не маем права забываць... Мы мусім помніць... Вайна зноў вісіць над намі... Зноў вісіць...
— Ну, будзем спадзявацца...
Назаўтра я ад’язджала ў Кракаў. Уратаваны ад фашысцкага разбурэння Кракаў з яго Вавелем, Сукенніцаю, помнікам Адаму Міцкевічу, з Ягелонскім універсітэтам, які памятае яшчэ Каперніка з Торуні, Францыска Скарыну з Полацка, у галерэях якога яшчэ таіцца голас Алаізы Пашкевіч, дзе на сценах у бібліятэцы вісяць партрэты прафесароў, закатаваных у фашысцкіх канцлагерах, спаленых у Асвенціме.
За акном цягніка праплывалі польскія гарады, трубы польскіх заводаў, фабрык, плылі лясы і пералескі, сінімі стужкамі віліся рэкі. Я думала пра час, які бяжыць так імкліва і звязвае, нібыта петлямі, мінулае і сёння, сёння і заўтрашні дзень, пра час, які плыве, ні на міг не спыняючыся, так скора ператвараючы будучыню ў мінулае.
Па вагоне бегала дзяўчынка гадоў чатырох — сінія вочкі, светлыя кудзеркі, дзіцячая чысціня і пяшчотнасць твару. Яна то станавілася на пальчыкі, каб глянуць у акно, то зазірала ў вочы пасажырам, быдта хочучы паказаць сябе, то шчасліва бегала па калідоры.
Цягнік кіраваўся на поўдзень, да Кракава.
Кракаве мне пашанцавала. Я знайшла новыя, дасюль невядомыя дакументы Алаізы Пашкевіч — запоўненыя яе ўласнаю рукою анкеты Ягелонскага універсітэта на летняе паўгоддзе тысяча дзевяцьсот восьмага года і на зімовае паўгоддзе таго ж года. У гэтых анкетах былі цікавыя, невядомыя дасюль, падрабязнасці і звесткі. Шмат новага дазналася я і пра рэвалюцыйную арганізацыю акадэмічнай моладзі «Спуйню», да якой належала Алаіза Пашкевіч, пра польскую артыстку Ірэну Сольскую, чыю студыю наведвала Цётка.
Падыхала і наветрам Закапанэ, якое некалі лячыла лёгкія Цёткі.
I падчас усёй паездкі помнілася мне спатканне з Марыяй Шлягер, мая прапанова паслаць ёй вызаў, разам з ёю пабываць на Фэлінай магіле.
Дома, у Мінску, я пачала чакаць ад яе пісьма. Яго не было доўга. Нарэшце канверт з Польшчы.
«Не першы гэта ліст, які я пішу да пані, але першы, які высылаю,— пісала мне Марыя Шлягер.— Пасля вашага прыезду, пасля нашай сустрэчы мяне апанаваў псіхоз вайны. Так моцна адчула я прысутнасць той, мінулай, і жах перад магчымасцю новага пекла...
Маю адзін спосаб адведаць магілу Фэлі, і грэх ім не пакарыстацца, але зараз я не маю ні фізічных, ні псіхічных сіл...
Пасля візіту пані купіла «Анталогію беларускай паэзіі». Колькі ў ёй болю... Усё зразумела...»
Ліст быў сумны, як і наша сустрэча ў Варшаве. Ліст быў напоўнены памяццю мінулай вайны і страхам перад новай.
Читать дальше