З гэтага дня, як толькі Сяргей прыходзіў дадому, маці пачынала з ім гаворку пра яго жаніцьбу як пра нешта смешнае і недарэчнае.
— Дык дзе ж вы будзеце жыць, сынок? — яхідна пыталася матка.
— Можна ж і ў нас жыць, адзін пакой табе, другі нам... Большы табе...
— Глядзі, сынок, як ты скора матчыну кватэру падзяліў, а можа, я не хачу жыць з нявесткаю, можа, я сама яшчэ замуж выйду, раней не хацела айчыма табе прыводзіць, а калі ты ўжо і сам жэнішся...
— Ну, не хочаш, каб у нас жылі, ноймем пакойчык,— адказваў Сяргей.
— А ці ведаеш ты, сынок, колькі каштуе наняць пакойчык, жывеш за матчынай спіною, цаны грашам не ведаеш.
— Нічога, я ж працую, і Іна працуе,— адказваў Сяргей.
— Колькі вы там зарабляеце! На мяне не спадзявайся, я табе кааператыўнай кватэры не пабудую, Інкін бацька ёй таксама нічога не дасць, усё, што мае, у горла лье...
Во якую радню падсоўваў ёй сынок, а радня гэта, Інкін бацька, ужо з ёю як са сваячкаю, пазаўчора падышоў у двары — няголены, з расхрыстанаю грудзінай, у руцэ вядро пустое, і падміргвае:
— Можа, зойдзем, кума, да мяне, па чарцы зробім?
— Я не п’ю,— адрэзала яму тады Тося.
Так што ад такога бацькі дзеці помачы не дачакаюцца.
— А мы, мамуська, у нашых продкаў нічога прасіць не будзем, без іх абыдземся,— адказваў Сяргей мацеры.
Іншым разам матка падступала з другога боку:
— Сынок, можа, у цябе з гэтаю Інаю... Ну, разумееш... А ты хлопец чэсны, хочаш грэх прыкрыць, калі так, то прызнайся...
Сяргей смяяўся.
— Мамачка, ты не ведаеш Іны, нічога ў нас з ёю не было!
— Дык ці вочы твае асляпіла, сынок, не мог знайсці лепшую?!
I калі матка яшчэ раз назвала Іну макакай, сын выйшаў з хаты, так бразнуўшы дзвярыма, што аж пабелка пасыпалася.
Цэлы дзень праплакала тады Тося, што ні рабіла, а слёзы плылі і плылі з вачэй. «Вось і гадуй дзяцей, аддавай ім усё, а яны табе...»
Не магла суняць плачу...
Ажаніўся Сяргей з Інаю. Не было вяселля з белаю сукенкаю, з белым вэлюмам у маладой, з таксі, абвітым стужкамі і кветкамі, распісаліся, нанялі пакойчык недалёка ад той вуліцы, дзе раней жылі. Там у чалавека памерла жонка, а меў ён кватэру на тры пакоі, у адзін і пусціў маладажонаў. Зацятая матка нават павіншаваць не прыйшла. «Калі ты, сынок, такі, калі матку ў грош не ставіш, калі нейкае саплівае дзяўчо табе даражэй за яе, дык і жыві з ёю, паглядзім, ці надоўга цябе хопіць»,— гаварыла сама сабе Тося.
Яна засталася адна ў сваёй двухпакаёвай кватэры і раптам убачыла, якія доўгія бываюць восенню вечары, як доўга цягнуцца два выхадныя дні. Бывала, па магазінах бегаеш, абед гатуеш, у кватэры прыбіраеш, бялізну мыеш, то туды, то сюды, работа і работа, а цяпер яе як і няма — на адну ці многа трэба, на адну і абед гатаваць не хочацца, бутэльку малака вып’еш альбо так што пажуеш з кулака, і прыбіраць у хаце няма чаго — сама, адна, не насмяціш, і мыць на адну — колькі той бялізны.
«Вось і добра, вось і адпачну пад старасць»,— цешыла сама сябе Тося, але спакой і радасць не прыходзілі, часцей і часцей падступала туга.
Да сына не хадзіла, не хацела бачыць нявестку, памятала, як сама нагаворвала на яе, як жа пасля гэтага пойдзеш да нявесткі ў хату, яшчэ выгане такую свякруху.
А Сяргей часам забягаў да мацеры.
— Ну як, мамулька?
Пакруціцца, забярэ што-небудзь сваё — лыжы, кніжку, спяшаецца, з маткаю і пасядзець ужо няма часу.
Ад людзей дачулася, што Іна паступіла ў інстытут, у політэхнічны, будзе вучыцца на інжынера.
— Які з яе інжынер! Знайшлі інжынера,— казала яна суседкам,— яе ж з-за стала не будзе відаць, ды каб інжынерам быць, трэба мець галаву!
Сама Тося мела за спіною ўсяго чатыры класы, жыццё пасля вайны было цяжкае, мусіла рана пайсці працаваць і таму надта паважала людзей, якія паканчалі інстытуты. А пры слове «інжынер» перад ёю наогул паўставаў прыгожы і надта разумны мужчына. А тут раптам нявестка, Іна.
Час ішоў, сын дадому не вяртаўся, наадварот, па ўсім, што даходзіла да Тосі, можна было меркаваць, што жывуць маладыя дружна.
Мінула два гады. Тося так і не прывыкла жыць адна, усё больш і больш тужыла, а маладыя, можна сказаць, аселі ў тым пакоі. Нейкі сусед, маючы злосць на гаспадара, у якога жылі Сяргей з Інаю, напісаў на таго ў выканком заяву, што вось, маўляў, лішнія метры ў чалавека, здае плошчу кватарантам.
З выканкома прыйшлі на абследаванне, убачылі, што сігнал правільны, і выдалі Сяргею законны ордэр на пакой у кватэры гаспадара.
Ад людзей дачулася Тося, што скора яна будзе бабка, пацвердзіў гэта і Сяргей, неяк заскочыўшы да маткі ўвечары.
Читать дальше