Аптэка нумар тры — напроці гастранома.
Недзе з паўдарогі да іх прыбіўся сабака. Да рук ён не ішоў. Дзеці вытраслі яму з кішэняў сухія, перамешаныя разам з пяском, крошкі ад хлеба, ён паднімаў галаву, нюхаў і адбягаўся назад.
Дзяцей было двое. Большы, рабаваты, у вылінялай і зашытай ззаду, каб не звальвалася з галавы, пілотцы, меў год дзесяць, меншы — у кароткіх парточках на адной шлейцы — год шэсць.
Яна,— худая, шчуплая грудзьмі, як няспелае дзяўчо,— вяла за вяроўку маладую сытую карову з адным скручаным рогам.
Яны ішлі на ўсход сонца. Белым шляком перад імі ляжала шаша, звужваючыся і прападаючы за глухім паваротам. Белаю ад пылу была трава ў канаве, белаю ад цвету была грэчка — з аднаго боку шашы, з другога — шастала пераспелымі каласамі і, мусі, асыпалася падгарэлае і таксама белаватае жыта; у ім асталіся глыбокія выезджаныя машынамі дарогі — жыта на іх не ўставала.
Белаватым было і выцвілае за дзень неба. Толькі на грудках млеў і здалёк выдаваў сіваватым малады хвойнік. I зводдаль шашы над шэрым будынкам нечага хутара цямнела гушчынёю зялёнага лісця высокае дрэва.
Да хутара асталося яшчэ якое паўвярсты. Кабета спяшалася туды — смажыла, ёй хацелася піць, а там павінен быць калодзеж, і падаіць карову, і папрасіць хлеба, хоць дзецям,— да малака.
— А чаму ў каровы дзве нагі і яшчэ дзве? — раптам спытаў меншы, босы, як і ўсе яны: яго парэпаныя ногі былі тонкія, як цвікі.
— Бог даў.
— А чаму мне не даў?
Яна маўчала, яна думала пра тое, што блізка фронт, што ўчора з гарадка немцы пачалі вывозіць людзей, усіх начыста, што да дня над гарадком ляцелі нашы самалёты — нізка, як ляцяць з выраю пташкі,— знак, што скора будзе цяпло.
— Ну, чаму? — хлопчык забег наперад і задраў галаву, каб глянуць ёй у вочы.
— А дзе ж яны ў цябе будуць расці?
Хлопчык змоўк. Ён, мусі, думаў: папраўдзе, дзе яны будуць расці?
Кабета абярнулася — большага нідзе не было відаць. Над шашою віхор круціў белы пыл, у канаве падлятала зжоўклая газета, нібы скакала вялікая жаба.
— Ах, божа, дзе ж ён? — неспадзявана яна аж крыкнула і спалохалася свайго крыку.
— Там, у тлубе...
— У якой трубе? Ну, стой! Чаго ты?..— Карова тузанула разам з вяроўкаю кабету, махнуўшы галавою назад.
— Вунь там,— хлопчык паказаў рукою туды, дзе на павароце абапал шашы бялелі цэментовыя слупкі — каля аднаго, пахіленага, стаяў, задраўшы нагу, той самы чорны сабака.
Напаследак яна ўцяміла, што там, пад шашою, на завароце, ёсць труба.
— Толічак, сынок, падбяжы, пакліч,— сказала яна, а ў самое аж схаладзела ў грудзях,— каб хаця не напароўся на што: цяперашнім светам недалёка да бяды.
Пляскаючы босымі нагамі па цвёрдай сцежцы з краю шашы, Толік пабег; вецер задзіраў даўно не стрыжаны яго чубок.
Яна глядзела яму ўслед, вецер слязіў яе зеленаватыя, сухія вочы.
Гэтага, меншага, яна знайшла ўлетку сорак першага, як пачалася вайна. Выйшла з хаты палоць гарод і пачула, што за плотам, за кустом цёмнага язміну, нехта ікае. Падумала спярша, што падалося, але разгарнула куст і ўбачыла па другі бок рэдкага частакола яго: ён сядзеў у высокім горкім палыне — мурзаты, з набрынялым тварыкам — і ўжо не плакаў, змогся, толькі ікаў. Яму было тады гадкі тры. Ён прыблукаў сюды недзе з вакзала, адбіўшыся ад маці.
Яна завяла яго ў хату, абмыла спухлы ад плачу тварык і панесла на вакзал, схапіўшы за руку і свайго — баялася пакінуць аднаго дома.
На Мінск яшчэ адыходзіў астатні цягнік: за ім беглі, як звар’яцелыя, людзі, з тамбура, дзе начаплялася бог ведае колькі, нехта ўпаў і ўжо не падняўся, ляжаў на рэйках, бытта мяшок; на пероне заенчыла, абхапіўшы рукамі пукаты жывот, цяжарная маладзіца, яе падхапілі пад пахі і павялі ў вакзал.
Толікавай маці яна так і не знайшла. Паказала яго нават парадзісе — тая ляжала на шырокай лаве ў пустой пачакальні, ззелянелая ў твары, заплюшчыўшы вочы, губы ў яе запякліся, на карычняватым ілбе дробнаю расою выступіў пот. Старэнькая кабета трымала ўкручанае ў нейкія наспех парваныя анучы дзіця. Маладзіца расплюшчыла выцвілыя, невідушчыя вочы і заенчыла: «Ах, дзіцятка маё!» У яе была гарачка. Толік заплакаў, ад страху, вырабляючыся з рук.
З дзецьмі яна вярнулася дахаты. Назаўтра раненька, яшчэ толькі паказвала на дзень, у гарадок прыйшлі немцы. Толік застаўся ў яе.
Вяроўку зноў тузанула карова — над ёю віўся, як прывязаны за нітку, авадзень.
— Ну, стой! Чаго ты? — кабета глядзела ўсё туды, на заваротак. Дзеці ўжо беглі назад: большы каціў перад сабою скат — знайшоў, пэўна, у трубе. Скат падскокваў на ямках — шашы ніхто не раўняў і не правіў усю вайну. Высалапіўшы язык, канаваю за дзецьмі бег сабака. Тонкі азадак яго заносіла ўбок.
Читать дальше