Вячаслаў Адамчык
Дзень ранняе восенi
Яны iшлi ўдвух выкатанаю нячутна-пругкiмi веласiпедамi сцежкаю ля шэрых нямогла нахiленых да вулiцы платоў. Стаяла лета, блiзкае да восенi. Можна было ўжо есцi яблыкi. Быў спас: дробна i весела званiлi ў белай царкве, што стаяла на грудку сярод мястэчка i была вiдаць адсюль, з прымесця. За царквою, за густа-цёмным навалам прысад, хаваўся раймаг, таксама белы. Яны iшлi туды: там недзе было людна, гармiдарна, густа, у нешта адно мяшалася людская гаворка. На плошчы перад царквою лёгка патрэсквалi i траслiся па бруку чырвона-слiзкiя «Явы» з каляскамi; ад ветравога шкла, суха мiльгаючы, адсвечвала сонца.
А тут была цiшыня, бязлюднасць i пустая вулiца. Цёмна цвiлi пад нечымi глухiмi вокнамi чырвоныя вяргiнi.
Яны iшлi ўдвух: бацька — высокi мужчына, чырвона-здаровы ў твары, у карычневым касцюме з шырокiмi, не па-цяперашняму, штанамi, i сын — востры плячыма i худы, як хрушч, падлетак у выцвiлай кепцы з пераламаным брылём i ў вялiкiх чаравiках.
З нечага падворку высунулiся i наглядзелi iм услед, цвёрда расставiўшы ногi i цяжка склаўшы на нiзкiм жываце рукi, дападныя бабы ў белых, насунутых на лоб хустках. Яны ведалi ўсё, мусiць, яшчэ з учарашняга вечара, калi ў самую крайнюю хату, да Iвана Ходаса, за якой пачыналiся неабгароджаныя, з павыварочванымi плiтамi жыдоўскiя могiлкi i быў канец горада, прыйшоў гэты падлетак.
…Быў сiнi прыцемак, цёпла жаўцелi за сполахам цiхага бэзу чужыя вокны.
У хаце вячэралi. Горка пахла i рэзала ў вочы свежа нашаткаваная капуста з алеем. Ад маладое празрыстае картоплi вiлася i мяшалася сырая пара. Над параю трасла, разганяючы яе, скрылiкам замучанага вялага сала чарнявая дзяўчынка з тоненькай белаю шыяй. Круглы тварык яе слiзка блiшчаў ад тлушчу.
Ходас сядзеў нiзка на табурэтцы, шэраю, глухою спiнаю да дзвярэй, i нават не павярнуўся. Гаспадыня, круглая ў плячах, у абвiслай, няроўнай у падоле, сукенцы, гладканогая, зачынiла за хлопчыкам дзверы, перастала жаваць i спытала:
— А ты да каго ж?
Валасы яе, рыжыя, сабраныя недзе ззаду, на патылiцы, у тугi вузел, адсвечвалi мяккаю жаўцiзною золата — i хлопчык, жаласна шкадуючы, падумаў, што яна прыгажэйшая за маму, зморшчаную, худую ў твары, з тонкiм ротам, некалi таксама прыгожую, маладую на фатаграфii з тым салдатам, валасы ў якога гладка зачэсаны i блiшчаць, нiбы змочаныя вадою.
Шырокая глухая спiна павярнулася, i хлопчык убачыў твар, толькi не гэтакi смутна-мяккi, як на фатаграфii, а сiнявата-няголены, вялiкi i жывы, з ямачкай над пераноссем, нiбы хто там выцiснуў чым вострым. I ён успомнiў, што казала мама: «Ён харошы, твой бацька…»
— А чый жа ты будзеш? — спытаў ён, бацька, цяпер у невайсковым: у шэрай рубашцы, з вялiкай ад мазуту плямай на грудзях, што, пэўна, не адмывалася.
— Аксенiн… — Хлопчык сцягнуў з галасы шапку, мусiць, успомнiўшы тое, што дома казала мама, стоячы ля прыпека, у чырвоным споласе агню, калi ўчора вечарам грэла яму ваду.
На стале клейка блiшчала цырата. Ходас выцер аб край цыраты рукi i паклаў iх на каленi.
— То ўзяў бы ручнiк, — сказала гаспадыня i неяк бокам падступiлася да вёдраў, падняла руку, белую спаднiзу, — на цвiку на сцяне вiсеў чысты выгладжаны ручнiк, але не знала: муж недзе далёка глядзеў сабе пад ногi i нiчога не бачыў.
— Якое гэта Аксенi?
— Ну, Петручковае… — Хлопчык павёў вачыма сабе за плячо, мусiць, недзе там шукаючы ратунку.
Ходасава рука шорстка папаўзла па назе ўверх, у кiшэню. Ходас закурыў, жмурачыся, зацягнуўся.
— Гэта з Моладава, цi што?
— Ыгы.
Цяжка ўпаў i востра зазвiнеў на падлозе пад сталом жалезны вiдэлец скiнула дзяўчынка.
— Гэта ж во адтуль, дзе ты служыў у войску, — невядома чаму зарадавалася жонка, прымошчваючыся на лаве, каля стала, i беручы пад пахi дзяўчынку да сябе на каленi.
Ходас устаў, хiстаючыся, дастаючы галавою да столi.
— А да каго ж ты прыехаў?
— Да вас. — Адтапыраныя вушы ў хлопчыка чырванелi i тонка свiцiлiся. Мама казала, што вы мой бацька.
Разам з дымам Ходас суха сплюнуў з языка крошку горкага тытуню i пайшоў да дзвярэй, наступаючы на адну ўсё дошку: яна гнулася i рыпела пад лiштвою, каля перагародкi. Жонка глядзела недзе мiма, на чыстыя белыя дзверы, пафарбаваныя iм учора, i, пэўна, бачыла тую цiхую чарнату, што была там, за белымi дзвярыма ў пустых сенцах. У яе з каленяў нячутна спаўзала дзiця, i яна раптам падхапiла яго.
— А як жа цябе завуць? То садзiся вячэраць…
— Ванька.
Яна няўпэўна, як пасля вiна, паднялася i, сiнеючы ў губах, пайшла з дзiцем на руках да белае печы. Недзе ў пячорцы холадна i востра зазвiнелi нажы i вiдэльцы.
Читать дальше