Васіль Ткачоў
ПАХВАЛІ ПРАЖЫТЫ ДЗЕНЬ
Кніга-дзённік
Месца выхаду: Мінск
Дата выхаду: 1988
Рэдактар: Герчык М.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура”
Памеры: 209 с.
(Блакнот Чарнобыльскай бяды)
1
Скалясіў я Палессе ўсцяж і ўпоперак, зайздросціў сам сабе, што меў і маю магчымасць бачыць гэтыя маляўнічыя мясціны, хадзіць па зямлі гасцінных палешукоў, пагаварыць з імі ля прызбы аб жыцці-быцці. Гаваркія яны людзі. Пра палітыку дык пра палітыку, пра хлеб надзённы — дык пра хлеб, а калі пад руку пад вернецца трапны жарт — сыпануць і ім, бы некалі жменяй з сяўні. Ён, той жарт, што соль да куселя хлеба. Смачна! I плыве смех. Ціхі, стрыманы, у рамках жарту, як плывуць між беражкоў спакойныя рачулкі, горнуць ваду-вадзіцу ў Прыпяць, у Сож, Дняпро...
Даўно заўважыў: нетаропкія, памяркоўныя тут людзі, нават у хадзе іхняй адчуваецца прыстойнасць, разважлівасць. Бульбу садзяць — не спяшаюцца, робяць сваю прывычную справу падзейна, каб бульбінка ад бульбінкі на адной адлегласці, звычайна нага тут мерка: за кончыўся след – кладзі, памылкі не выйдзе, вырасце і куст, і пад кустом. Сяўбу распачы- наюць — свята, у поле пават старыя выйдуць падзівіцца, як зярняткі кладуцца ў глебу. А калі зажынкі, то хлеба пакаштуюць з новага ўра- джаю — усе разам, дарослыя і дзеці. Паківаюць згодна галовамі: добры на смак — вось гэта цуд! Мо таму даўно і дастатак у іх, палешукоў, бо калі бяруцца за што, то ведаюць, дзеля чаго, не мітусяцца. Такая спакойная жыццёвая плынь у людзей, відаць, ад асяроддзя, у якім жывуць і дбаюць. Ад зямлі тутняй, ад дрэў. Ва ўсім адчуваецца нешта моцнае, не на дзень- другі — на вякі. I калі звалілася на людзей Чарнобыльская бяда — ды і хіба ж толькі на людзей адных? — не хацелася верыць.
Перад вачыма, як помнік мудрасці, чысціні, гасціннасці на Белай Русі,— вечнае Палессе...
2
Бяда падкралася нечакана. Грымнула — як усё роўна навальніца сярод зімы. Людзі не адразу і паверылі, і цяжка было зрабіць ім гэта, а яшчэ цяжэй — асэнсаваць усё, што адбывалася. Бо як жа так: вунь, паглядзіце, радуюць вочы зелянінай азімыя, яны добра перанеслі маразы, хлебаробы зусім нядаўна іх падкармілі. Толькі б цягнуцца ўгору — расці. На суседнім полі сагравае зямля зярняткі: яравыя не праклюнуліся яшчэ з зямлі, чакаюць свайго часу. Пасаджана бульба. 3 гонарам за калектыў кіраўнікі саўгаса «Прыпяцкі» Нараўлянскага раёна даклалі па інстанцыі аб выкананні квартальнага плана продажу дзяржаве малака і мяса. Складваліся планы на заўтрашні дзень, ён бачыўся такім жа цёплым, сонечным. Заўтра-паслязаўтра — не паспееш аглянуцца! — май месяц, калі чырванее зямля ад сцягоў і неба свеціцца іскрынкамі салютаў, калі яблыні ў садах завязваюць белыя хусцінкі... I раптам... Яна ж, атамная,— побач. Суседзі.
3 расказу дырэктара саўгаса Яўгена Пятровіча Высоцкага:
— Ледзь толькі паступіла першае паведамленне аб аварыі, члены парткома, дырэкцыя саўгаса, кіраўнікі аддзяленняў пайшлі да людзей. Разумелі сітуацыю. Яна аказалася экстрэмальнай, і тут важна было шчыра пагаварыць з людзьмі, сказаць ім усё, як ёсць. Але ж ці ўсе зразумеюць? Пабойваліся, чаго там гаварыць. Панікёраў. Як у ваду глядзелі — знайшліся і яны, тут мы не памыліліся. Галоўнае, каб не трапілі пад іх уплыў іншыя, а то адзін-два чалавекі могуць усё сапсаваць. Не, скажу прама: не паддаліся, амаль усе вытрымалі праверку на грамадзянскую сталасць. Аварыя — быццам той пажар, яна высвеціла, хто чаго варты. Нават тыя людзі, на якіх я коса іншы раз і глядзеў, было, хлусіць не буду, таму што не заўсёды яны лезлі наперад, больш у цяньку трымаліся, гаварылі мне пры сустрэчы: «Пятровіч, нам можаш не расказваць нічога, і так усё ведаем... Ну, дык калі там скацінку грузіць будзем на машыны, ці як яе?.. Ды мы, дай толькі ўзяцца,— го-о!» Цяплела тады ў мяне па душы. Вось яны, значыць, якія, ціхуны гэтыя. А што пра тых, хто на сходах іншы раз сябе ляпаў у грудзі, іншых заклікаў наперад, такім ужо анёлам выстаўляў сябе... дык, можа, я памаўчу лепш? Хоць не, скажу... Скажу... Палахліўцам паказаў сябе наш галоўны інжы- нер Васільеў. У адчай кінуўся і загадчык фермы Дравіла. Замест таго каб паказваць прыклад людзям, яны, мякка кажучы, здрэйфілі. Такіх любы напільнік возьме. Шаркні пару разоў — і ўсё, пераламаліся. I хто б падумаў? Во калі людская годнасць правяраецца...
А там нам і сігнал падалі: пара, браткі, пара знімацца. Эвакуацыя, значыць. Ведаем, цяжка пакідаць абжыты кут, але трэба, нічога не паробіш.
Читать дальше