Але Верка ўжо заснула і не чула апошніх слоў сяброўкі.
...Апоўначы, калі на хутары ўсе спалі, у кухоннае акно гучна пастукалі.
Сцяпан Адамчык адразу прачнуўся. Ён прастыў і кашляў увесь вечар, жонка нават паставіла яму банькі і пакінула старога на печы, каб што благое не перакінулася на малых, а сама з дзецьмі легла ў чыстай палове хаты. Стары злез з печы, падышоў да акна, запытаўся:
— Хто гэта там?
— Сцяпан Адамчык? — рэзка пачулася з вуліцы.
— Я гэта. А вы хто будзеце?
— Выйдзіце на двор. Размова ёсць, — загадаў той самы голас.
— Што? Канец свету?.. Да раніцы не церпіць гэтая ваша размова? — здзівіўся Адамчык.
— Не хочаш, каб падпалілі хату, выходзь, стары, па-добраму, а то горш будзе!
Старому Адамчыку падалося, што голас яму знаёмы, але ніяк не мог прыгадаць, чый. І раптам успомніў — голас падобны на голас Антона Аскеркі, багацея з далёкага адсюль хутара пад Пуханцамі, што каля Князь-возера. Успомніў і апошнюю сустрэчу на судзе, калі кум, Іван Расевіч, судзіўся за сенажаць за Воўчым Логам з гэтым Аскеркам. Тады ён, Сцяпан Адамчык, з іншымі людзьмі быў у сведках, пацвердзілі, хто церабіў тую сенажаць, карчаваў ад алешніку і кустоў. Ведаў таксама і пра лёс няўдзячных сыноў Аскеркі, калі яго раскулачылі, то пры гэтым і старэйшы яго сынок быў Паўлюк, кажуць, прысутнічаў, якога потым нехта падстрэліў. А малодшы, Зміцер, казалі людзі, заўжды любіў красці, таму і стаў вельмі сквапным бандытам. І калі Сцяпан Адамчык накідваў на плечы кажух, а затым ішоў у сенцы, ён ужо разумеў, хто чакае яго за дзвярыма.
Ён выйшаў на ганак. Неба было бяззорнае, але светлае, чыстае.
Адамчык не памыліўся: парода выдала ў барадатым мужчыне, які стаяў перад ім, Аскеркавага сына, вечна незадаволенага, пыхлівага і ганарлівага. Ён усё сваё жыццё з-за сквапнасці цураўся людзей. Адамчык таксама заўважыў, што са Зміцерам Аскеркам было некалькі, таксама, як і ён, узброеных паліцаяў. Прывітаўся.
— Добрай ночы, Зміцер. І вам хлопцы.
— Бачу, пазнаў-такі, — злосна заскаліў зубы Аскерчык, які стаяў пад грушай, кроках у трох ад старога.
— А як не пазнаць. Ведаў добра бацьку твайго. Гаспадар быў, — спакойна сказаў Сцяпан. — Мы не варагавалі ніколі, дзе мой хутар, а дзе возера і Пуханцы. Рэдка, канешне, бачыліся.
— Ды метка, аднак. На судзе за сенажаць супраць бацькі хто пайшоў? Думаеш, забылася ўсё? — Аскерка злосна сплюнуў на снег. — Але тое старое, Бог з ім. За тое, што паслухаў твой Ігнат і цётку маю не крыўдзіў, у спісы ўключыў, калі цялят дзялілі, тая віна з цябе знімаецца. Дужа абараняла цётка твайго сынка. Хоць і падстрэліў я яго, ды жывучы аказаўся. Ладна, хоць ён і поскудзь бальшавіцкая, сям’ю яго не зачаплю. Але ж ты, падла старая, кажуць, навёў партызан на маіх братоў — выкасілі ўсіх за адну ноч.
— Няпраўда гэта, прыдумаў нехта, — ускінуў вочы Адамчык на Аскерку. — Не было такога. Нічога не ведаю.
— Не ведаеш? А людзі на цябе паказалі. Бачылі, як абдымаўся з партызанскай набрыддзю.
— Якія людзі, Зміцер? Пабойся Бога! Дома я быў, шчэдрыкі святкавалі, выпіў, грэшны, а каб на людзей. — Адамчык хацеў адгаварыцца, але зразумеў: не за тым яны прыйшлі сюды сяродначы.
— Ну, па-добраму размовы, бачу, не атрымаецца, — Аскерка з усяе сілы ударыў кулаком старому ў жывот, той ледзьве не ўпаў, сагнуўся, схапіўся рукамі і застагнаў.
— За што, Зміцер? — толькі і змог вымавіць Адамчык, і атрымаў яшчэ адзін удар збоку у пах. Стары распластаўся на снезе і сціх, страціўшы прытомнасць. Але праз хвіліну апрытомнеў, аднак сілы пакідалі яго, было балюча паварушыцца, і пачуў, як Аскерка скамандаваў:
— Гэтага ў сенцы! Салому, сена, салярку сюды! Да ветру гэтую поскудзь, каб не смярдзела пад нагамі.
Хутка вакол патыхала едкім дымам, у хаце пачуліся страшныя крыкі Агапкі і плач дзяцей, якія, стары яшчэ ўсведамляў, ад спалоху кідаліся да ахопленых агнём вокнаў, але з вуліцы пачуліся аўтаматныя чэргі, і ў хаце ўсё адразу сціхла. З вачэй старога выкаціліся слёзы роспачы і шкадавання, а вусны малілі:
— Дзяцей, дзяцей пашкадуйце.
Але ў тое ж імгненне пылаючая бэлька ўпала на яго.
Гэтая бяззорная ноч была для іх апошняй на зямлі. На досвітку ўсчалася завіруха, якая хоць і старалася, але доўга не магла схаваць сляды страшнага начнога пажару на былым хутары.
8
Раніцай, так і не дачакаўшыся старых, Верка і Жэня вырашылі ісці ў вёску самі. Верка разбудзіла сына, і сказала яму легчы побач са Святланкай, каб тая не спалохалася, калі прачнецца. А як падымуцца, каб паснедалі разам і з хаты — ні нагой.
Читать дальше