Калі барвова-чырвонае сонца апусцілася за сасоннік, яна ўвайшла ў вёску і папрасілася да адзінокай жанчыны пераначаваць, а на самым золаку пакрочыла далей. Ёй пашанцавала: па дарозе яе дагнаў на санях нейкі стары, падвёз амаль да Малых Сялючыц, гэта вёрст дзесяць, а адтуль яна хутка выйшла на шлях, што вёў у Бечын. Зноў ёй пашчасціла: з Міткавіч ехала ў Хвойнішчы кабета, і ўзяла яе ў сані. Прыцемкам Верка нарэшце дабралася да роднага селішча.
7
Жэня ўжо спала, калі Верка пастукала ў акно. Бразнула засаўка на дзвярах, і стомленая жанчына пераступіла парог сваёй хаты. Жэня кінулася запальваць лучыну на прыпечку:
— Верачка, як адчувала, што ты сёння павінна вярнуцца. Мы ж звяліся ў чаканні: ці дабралася, калі вернешся? Дзеці пра маму толькі і пытаюць, — Жэня запаліла лучыну, у хаце адразу пасвятлела, і абняла сяброўку.
— Жывая, Жэнька, здаровая. Ці ўсё добра дома? Малыя паснулі? — з удзячнасцю Верка пагладзіла Жэньку па галаве.
— Ды ўсё добра, галубка мая. Сёння быў дзядзька Сцяпан з бабкай Агапай, Нінку і Васілька забралі на пару дзён на хутар. А Ванька — мужчына ж расце! — адмовіўся. Кажа: цёці Жэні і Святланцы адным будзе страшна, застануся з імі. А раптам заўтра мама вернецца. Некаму ж трэба яе сустрэць дома. Уяўляеш, характар! Давай, галубка, распранайся, — Жэнька дапамагла сяброўцы скінуць цяжкія валёнкі, і паставіла іх сушыцца на прыпечак.
Тым часам Верка зняла кажух і хустку, з палёгкай уздыхнула: дома ўсё ў парадку.
— Табе ж з дарогі паесці трэба, — спахапілася Жэня, вярнуўшыся ад печы. — Ёсць печаная бульба ў мундзірах, кіслае малако.
— Толькі піць, есці нічога не хачу.
— Ёсць у грубцы, так як ты робіш, я ў чыгунку напарыла ліпніку і малінніку. Будзеш?
— Гэта тое, што трэба, Жэня.
Яны селі на лаўку каля прыпечку, на кухні. Верка невялікімі глыткамі піла настой, а Жэнька памяняла дымную смалістую лучынку на новую, і нецярпліва чакала, калі сяброўка пачне расказваць пра тое, як з’ездзіла ў Гомель.
— Сагрэлася трохі? — раптам спытала яна ў Веркі.
— Аге ж, Жэня. Ніколі б не падумала, што ледзь не за трыста вёрст падамся. Не ведаю, ці людзі, ці Бог дапамагалі мне, але ўсё зрабіла. Думаю, Салавейчык не падвядзе. Свой ён быў і сваім застаўся, Надзя дарэмна перажывае. Заўтра раніцай пайду да яе, — сказала Верка.
— А можа, хоць вокам удалося пабачыць Ігната?
— Каб жа. — Верка раптам заплакала. — Там нікога да тых баракаў не падпускаюць. На работы пад канвоем водзяць, страх божы.
— Але ж жывы, здаровы? Што казаў Салавейчык? — Жэнька хацела ведаць пра ўсё.
— Кажа, выкараскаўся. — Верка раптам ажно папярхнулася і пачырванела, згадаўшы тое важнае, што павінна сказаць ёй, Жэньцы.
— Толькі б ты не захварэла, гэтага нам не трэба! — спалохалася тая.
Верка адкашлялася і засмяялася:
— Не, Жэня. Я вінавата перад табою, успомніла.
— Што такое, сяброўка? — насцярожылася Жэня.
— Твой Андрэй там. З Ігнатам разам працуюць, але ў лагеры ў розных бараках яны. Ён жа — афіцэр. Вось што, — Верка зноў, як і пры сустрэчы, пагладзіла Жэньку па галаве. — Хворы, але жывы.
— Няўжо? Ён жа на фронт збіраўся, — сяброўка не ведала ці то радавацца, ці плакаць. Урэшце, заплакала.
— Супакойся, мілая. Мужыкі нашы разам, гэта галоўнае. Жывыя. Там нават сярод ворагаў ёсць многа харошых людзей, тых, хто за савецкую ўладу. Падтрымліваюць адзін аднаго, — Верка, як магла, старалася супакоіць Жэню, але тая сутаргава плакала ў яе на плячы. — Так, дзеўка, вытры слёзы, кажу! Бог дасць, выратуюцца.
Жэнька аціхла, толькі спыталася:
— А ці хопіць таго, што ты аднесла, каб выкупіць двух?
— Салавейчык сказаў, што не толькі двух, больш людзей удасца адтуль выцягнуць.
— Верачка, я разумею, гэта вялікі сакрэт, калі не хочаш, можаш не расказваць, але ж адкуль у цябе тое золата?
— Гэта, Жэнька, асобная гісторыя. Некалі я табе раскажу, калі хлопцы нашы вернуцца ці вестку адкуль дадуць, што жывыя і здаровыя. А цяпер — давай спаць, дарагая мая. Мяне ногі ўжо не трымаюць.
Яны памаўчалі, Жэня потым сумна згадала пра навіну:
— Я ж забылася, сёння суседкі забягалі. Сказалі, што на сельсавеце аб’ява вісіць: каб заўтра ўсе дарослыя сабраліся ранкам ля яго. Хто не з’явіцца, будзе аб’яўлены пасобнікам бальшавіцкага рэжыму. Якраз тут былі твае свёкар і свякруха. Дзядзька Сцяпан сказаў, што таксама з цёткай прыедуць, дзяцей ранкам прывязуць.
— Што гэтыя гады надумалі яшчэ? — засынаючы, прамовіла Верка.
— Кажуць, новую ўладу прызначаць.
Читать дальше