Нарэшце, пацягнулася па кіпень, які крыху астыў, і глытнуўшы, перавяла дыханне.
— Ігнат, я зразумела, на заводзе. А Мікола? А Коршак? — спытала Верка.
— Мікола ваш таксама там. У лагеры. Толькі ў другім бараку. Ён жа афіцэр. Там і Коршак. Прыгналі іх аднекуль з Арла, часць здалася. Яшчэ мінулай восенню. Каго ў вагоны пагрузілі ды ў Германію. А ім удалося ўцячы, у лесе за Бранскам сустрэліся, разам дабіраліся дадому. Ды не пашанцавала: нарваліся на паліцаяў, вось так і апынуліся тут. Я падрабязнасцей не ведаю, сам з імі не гаварыў, ты ж разумееш, толькі праз надзейнага чалавека вяду перамовы. Падкармліваю яго, ды, так скажам, як бы да яго сястры прыстаў на кватэру. Нібы за радню лічыць. А ў іх там бацька быў немцам, дык ён хутка выйшаў у давер ды выбіўся пры новай уладзе. Потым і я падлез куды трэба па яго падказцы, пад вочы фашыста аднаго. Вялікі начальнік аказаўся, ад замаху на яго, нібыта, выручыў. Ну, і вось вынік: управай кірую. А Коршак быў, мне перадалі, хворы, каб толькі запаленне якое не падхапіў. Тады кранты. Толькі нікому пра гэта, чула?
Іван згроб залатыя манеты і схаваў у шафу.
— Сёння ж перагавару з так званым родзічам. Ён за пярсцёнкі, ланцужкі многіх адтуль вывеў куды трэба. А за царскае золата, за гэтыя дзесяцірублёўкі, лоб разаб’е, а зробіць усё, як трэба. Хлопцаў будзем выводзіць, хаваць, а потым паціху адпраўляць у лес. Ёсць канал. Калі ўсё атрымаецца, то праз месяц чакай добрай весткі.
— Дык мне што, вяртацца дадому? — расчаравана ўздыхнула Верка.
— Я сёння дзяжуру, заначуеш тут. У нас ёсць пакой з ложкам, памыцца ёсць дзе. Ніхто не падумае лішняга: усё ж не хто-небудзь, а жонка прыехала. Добра, што Надзя выпрасіла даведку — цяпер калі дакумент ёсць, то будзеш жыць. А заўтра, чуў, пойдзе машына ў Петрыкаў. Я пастараюся дамовіцца. А там глядзі, сама дабірайся.
— Дзякуй, Іванка, што ты такі. — заплакала зноў Верка, — што не змяніўся. Я і Надзю тваю пераконвала, што ты за савецкую ўладу.
— Пра гэта — не плявузгаць. Я паліцэйскі і ўсё! Нічога не чула! Калі што, май на ўвазе, па-зямляцку пашкадаваў. Увогуле, золата вось тваё, напрыклад, сабе забяру, што тады скажаш? Во табе і свой.
— Хоць сабе, хоць каму, а выратуй мужа! Атрымаецца — усіх выратуй, Ваня. Я зямлю пад тваімі нагамі буду цалаваць, — Верка ніяк не магла супакоіцца, толькі выцірала краем хусткі ўзмакрэлыя вочы.
— Хопіць, дурная, раўці. А падарункі тут пакінь. Хлопцаў пасля пачастую — усё ж не хто чужы, а баба мая наведвалася. Скажу: не засталася, бо прыраўнавала ды плюнула на мяне, бо другую займеў, і назад дахаты падалася.
— Так, так, Ваня, — пагадзілася крыху супакоеная Верка, нібы яна і сапраўды жонка Івана Салавейчыка.
А праз нейкі час яна, не распранаючыся, заснула ў ложку ў цёплым пакоі, дзе была добра напаленая грубка.
5
У сне, кароткім і трывожным, Верка чамусьці развітвалася са сваімі роднымі.
Гарэла хата, была яна ў чорным лесе. Недзе далёка, на краі зямлі, над якой патухлі той ноччу зоры.
Сутаргавай грымасай, агіднай і брыдкай, спярша заглядваў у вокны панурай старой сядзібы руды дым, і толькі пасля яе захапіў спачатку няроўны, барвовафіялетавы агонь. Але з-за дзікага, неўтаймаванага ветру полымя раз’юшвалася, стала ўсёпаглынальным, шалёным, цяпер перамешвалася з густой сцяной беламалочнага снегу, які імкнуўся засыпаць сваім дабром усю гэтую несправядлівасць, затушыць яго страшныя языкі, і злосна гарэлі сцены, дах.
А ў двух акенцах той хаты, нібыта нічога і не здарылася, усміхаліся яе, Верчыны, дзеці: шасцігадовая шчабятуха Нінка і двухгадовы Васілёчак. У адным акне свякруха Агапка расчэсвае Нінцы русыя валасы ды нешта напявае ёй, вясёлае, радаснае, а дачушка загортвае ў белую тканіну драўляную ляльку, якую толькі што сваёй унучцы выстругаў дзед. А ў другім акенцы неслух Васілёк імкнецца вырваць з рук свёкра Сцяпана арэхавую палку, з якой той аддзяліў кавалак і выразае малому свістульку. І раптам гэтая арэхавая палка ў руках хлопчыка страляе, а Васілёк шчасліва сакоча, замахваецца ёю на Зміцера Аскерку, які стаіўся побач і назірае, як слуп дыму і агню сягае вышэй лесу.
Густы дрымучы лес, зацягнуты дымам, пераходзіць у вялізнае, дрыгвянае балота. З яго на ўвесь рост падымаецца Ігнат і ідзе як па цаліку, крок за крокам, набліжаючыся да яе, Веркі. Але не, не яна стаіць перад сваім мужам, а. Гэта ж кватарантка Жэня, жонка Андрэя Коршака. Яна трымае на руках сваю Святланку. Дзяўчынка не бачыць мужчыну, яе чымсьці забавіў падрослы Ванька, яе старэйшы сыночак. А Ігнат спыняецца за некалькі крокаў перад борам і кажа ёй: «Няма больш Андрэя, Жэня! Няхай будзе ў цябе Мікола. Ты ж і так, людзі ведаюць, жонка майго брата».
Читать дальше