— Ты што, Надзя? — разгубілася тая.
— Бяры, кажу. Мой, як пажаніліся, падарыў. Так і праляжалі. Ратуй свайго. Не вядома, можа, яшчэ трэба, і гэтага будзе мала, — было бачна, што жанчына ўпэўнена, што робіць правільна.
— Не трэба, Надзюша. У мяне і свякрухі таксама ёсць сёе-тое, усё аддамо. Хопіць, думаю, каб вызваліць чалавека.
— І ў мяне заручальны пярсцёнак ёсць, — сказала Жэня. — Я аддам, Верка.
— Дзякуй вам, абедзвюм. Не чакала, Надзь, што ты такая. А ты — чалавек. І не думай пра Івана кепска. Ён — наш, — дрыжачым голасам сказала расчуленая Верка.
А неўзабаве жанчыны пайшлі, пакінуўшы Салавейчыху ў роздуме. Тая доўга не магла зразумець, ці праўду сказала Верка пра яе мужа. Ці праўда, што ён, яе Іван, не проста паліцэйскі?
4
Верка дабралася ў Гомель напрыканцы студзеня. Машыніст паравоза, які пашкадаваў яе і з Рэчыцы за плату падвёз да першых гомельскіх будынкаў, асабліва ні пра што не дапытваўся. Але папярэдзіў, што на чыгуначным вузле дзейнічаюць жандарскія і паліцэйскія ўправы, а паліцэйскія тут яшчэ горшыя, чым нямецкія салдаты.
— Кажух, гляджу, у цябе, дзеўка, добры, з цэльнай аўчыны. Беражыся.
— А што такое, дзядзько? — здзівілася Верка.
— Дык ты паляшучка, гляджу? — усміхнуўся пажылы машыніст. — Мая жонка таксама адтуль, говорка ў вас такая адметная. Куды дабіраешся, нябога?
— Ды, дзядзько, мужа шукаю. Кажуць, прыгрэла тут яго нейкая саломіна. Недзе побач з вакзалам жыве. Шукаю, дзеці галадаюць, а енты паразіт уздумаў любошчы, — праўдападобна схлусіла Верка.
— Ну, бывае, бывае, — усміхнуўся машыніст, але папярэдзіў, каб была ўважлівай. — У горадзе аб’явілі збор цёплых рэчаў, вось пра што табе кажу, маладзіца, а кажух у цябе зайздросны.
— Дык што ето, могуць адабраць? Сярод зімы? — Верка здзівілася пачутаму.
— Адбяруць і не пікнеш! Немцы стварылі спецкаманды з паліцэйскіх, каб забяспечыць сваіх салдат зімовым абмундзіраваннем. Ну, каб выратаваць іх ад лютага марозу, яны ж да халадоў не прывыклыя, як мы. Сама разумееш, добраахвотнікаў апранаць іх салдат знайшлося не шмат. Дык гэтыя паліцэйскія каторы дзень абыходзяць хаты і забіраюць адзежу, абутак, прадукты, фураж. Ды і немцы, гляджу, не грэбуюць нічым. Вунь жонка мне ўчора расказвала, праз акно бачыла, як на вуліцы гэтыя марадзёры мужчыну і жанчыну распранулі ажно да ніжняй бялізны. А ўсё ад беспакаранасці.
— Страшна. — спалохалася Верка і замаўчала.
Калі пад’ехалі да Гомеля, машыніст расказаў ёй, як дабрацца да вакзала, мінаючы тыя месцы, дзе могуць быць немцы ці паліцэйскія. Заадно сказаў, калі не знойдзе бадзягу-мужа, то хай заўтра на досвітку прыйдзе да гэтага месца, і ён яе падбярэ, давязе да Рэчыцы, калі яна ўздумае вяртацца.
Верка падзякавала добраму чалавеку, разлічылася з ім кавалкам сала і невялікай вязкай сухіх белых грыбоў. Той з задавальненнем узяў, сказаў, што назад плаціць ёй не трэба будзе.
Верка паслухала машыніста, пайшла, памятаючы яго парады. У вялікім горадзе ёй яшчэ не даводзілася быць, але цяпер яна зразумела, што і тут шмат амаль вясковых вуліц, толькі дарогі раўнейшыя ды акуратныя платы.
Мінаўся поўдзень, але яна рэдка сустракала прахожых на сваім шляху. Калі ж наблізілася да чыгуначнага вакзала, упершыню ўбачыла немцаў, якія праходжваліся па пероне і вельмі моцна гергеталі.
Спалохаўшыся, Верка вярнулася назад, і вырашыла абысці вакзал з другога боку, як сутыкнулася з трыма паліцэйскімі.
— Глядзі, якая краля тут прагульваецца! — зарагатаў адзін, высокі і рыжы, і як абцугамі ўхапіў яе за руку.
Верка яшчэ больш спалохалася, калі паліцэйскія абступілі яе.
— Хто такая? Дакументы! — нахабныя вочы зусім маладога паліцэйскага, у якога толькі пачалі прабівацца вусы, свідравалі яе нібыта наскрозь.
— Дык я ж ето, хлопчыкі, да мужа. Мужа свайго шукаю. — Верка ледзьве знайшла сілы, каб выдавіць з сябе: ажно перацяло дыханне.
— А нашто ён табе? Давай я цябе сёння абслужу, як трэба, — рыжы зноў зарагатаў, але маладзейшы злосна зыркнуў на яго, і той змоўк.
— Дакументы ёсць? — старшы паліцэйскі яўна быў не ў гуморы.
— Дык ёсць жа, хлопчыкі, выдалі мне, сам раённы бургамістр выдаў.
Верка ліхаманкава развязвала вузялок, у якім зверху была даведка.
— Ото, паглядзеце, не хлушу вам, — яна разгарнула яе, крыху памятую і працягнула паліцэйскаму, які з такім недаверам і нават непрыхаванай злосцю паглядаў на яе.
Паліцэйскі ўзяў паперку, прабегся па ёй шэрымі вачыма, ён ведаў нямецкую мову, і перакладаў напісанае.
Читать дальше