— Ото, сядайма, ды вып’ем! — запрасіла яна жанчын і сама першай уселася на кароткай лаве ля акна. — Сядайце, не саромцеся.
— Дзякуй, Надзя, не чакала. — Верка села насупраць гаспадыні, а збоку, на табурэцы, ля яе — Жэня. — І праўда, Каляды, як жа хораша раней гулялі: і вясковыя, і хутаранцы разам збіраліся, шчадравалі.
— За тое пякучкі і вып’ем, за жыццё наша ранейшае, — Салавейчыха наліла самагонкі ў чаркі крыху больш чым па палавіне, тым самым спалохаўшы Жэню, якая адразу замахала рукамі:
— Надзюша, мне толькі на донца! Я ж не п’ю яе зусім.
Але тая толькі ўсміхнулася:
— Нічога, гарадская ты наша нявестухна, прывыкай. Гэта таксама трэба ўмець: трэба ўмець не толькі дзяцей навукам у школе вучыць. Чуй, кажуць, што школу немцы збіраюцца хутка адкрыць.
— Няўжо? — яшчэ больш здзівілася Жэня. — Дык жа настаўнікаў няма?
— А ты на што? Аскерка неяк тут рассыпаўся ў мяне, што немцы толькі супраць яўрэяў і камуністаў, а дзетак, маці і старых крыўдзіць не будуць. І што па вясне школы адкрыюць. А сам, паскуда, што творыць па навакольных вёсках. Але не будзем пра гэта. Вып’ем за сустрэчу, а там паговорым.
Яна залпам выпіла самагонку, нават не скрывілася, і пачала закусваць. Верка ж змагла адпіць толькі палову, і адразу з яе вачэй пасыпаліся слёзы, яна кінулася запіваць гарэлку вадой, чым дужа рассмяшыла расчырванелую Салавейчыху.
— А ты думала, я жонцы старшыні калгаса сівуху пастаўлю? Пяршак! Лічы, жывы спірт, даваенны яшчэ, — засмяялася яна. — Гэта ж зімой, лічы, першыя лекі.
— Ну, Надзя. Крапчэзная, каб на яе ліха, унутры ўсё спяклося, вой, вой, — завойкала Верка, і яе падтрымала Жэня:
— Дужа пячэ.
— Так, дзеўкі, прыкусвайце, — разышлася Надзя, і зноў узяла ў рукі бутэльку.
Верка збіралася запярэчыць, але Салавейчыху спыніць было немагчыма.
— Я ж кажу, за свята выпілі. А цяпер, за душы заблудлыя, каторым дапамаглі на той свет пайсці. Царствіе ім там. Я ж, дзеўкі, паглядзела, хто там, у той паліцыі: дык усе, чыіх бацькоў выселілі, хто бандытам не па сваёй волі стаў. Каб далі жыць па-людску, а нашы ж людзі цягавітыя, сябе кармілі і другім памагалі звеку, то столькі незадаволеных савецкай уладай не было б. Я са сваім колькі сварылася: чаму нізашто людзей сагналі з нажытых месцаў? Ніхто ў нас, у Бечыне, не скажа, што тыя нашы багацеі жылі як паны. Жылы рвалі, як і ўсе. Ну, карова лішняя, кабыла ці авечка. Дык што з таго? Дзяцей жа процьма. Я, дурная баба, выпіваю многа, але Сталін няправільна тут зрабіў. Ось што кажу і буду казаць! А цяпер усе пакрыўджаныя павылазілі, помсціць будуць. Каму, пытаю? Саветы сышлі. А з каго здзек? Хто застаўся, каму дзецца няма куды. Вось каму. Мне, жонцы партыйнага, табе, жонцы хай беспартыйнага, але ж старшыні калгаса. Кінулі нас тут, на згубу.
— Што ты такое вярзеш, Надзя? Хіба пры калгасе ты кепска жыла? — запярэчыла Вера. — Хіба ж калі мы такія ўраджаі мелі, як быў у нас за год да вайны? Хіба я магла думаць, што на трактары вывучуся? Я з дзяцінства на хутары гібела, лішняга кавалка хлеба не было. А табе вядомыя Лейбы лепшую зямлю ўхапілі. Справядліва гэта было? І скажы, ты ж ведаеш: ці нажыла шчасця мая сястра Зіна са сваім багацеем-мужам? Яна ж ад яго рукі і на той свет сышла. Людзі розныя, хто і сваіх суседзяў ненавідзеў, нават радню, былі і такія... І пад адзін грэбень трэба было ўсіх стрыгчы? Вось твой жа Іван разабраўся, што і як: і камсамольскім важаком быў, і партыйным, і сельсавет яму партыя даверыла, а людзей стараўся не крыўдзіць. А гэтыя ўсе — бандыты, здраднікі, яны не толькі супраць людзей, супраць зямлі сваёй пайшлі.
Надзя моўчкі выпіла, прыкусіла гурком. Верка выказалася і змоўкла.
Жэня апусціла вочы, стараючыся не ўмешвацца ў размову дзвюх аднавясковак. Але раптам Салавейчыха, якая, адчувалася, хутка сп’янела, сказала:
— Ты ось, Верка, гаворыш, мо, і правільна, але ж не ведаеш, дзе цяпер той камсамолец, камуніст і старшыня сельсавета? А, можа, ён таксама ворагам стаў?
— Не мялі лішняга, Надзя! Ведаю, дзе твой Іван — на фронце. Як і амаль дзве сотні нашых бечынскіх мужыкоў. — Верка была здзіўлена такой размове. Падумала, што Надзя проста ап’янела, таму кажа і на мужа так. Падумала, што і Надзя таксама перажывае за свайго, як яна, Верка, за свайго.
— Каб вы, бабы, толькі ведалі. Гэты ж гад мой таксама ў паліцыі. У Гомлі. — сказала са злосцю Салавейчыха тое, што ёй карцела сказаць, і зноў наліла, выпіла паўчаркі самагонкі. — Во, дзе ён, паскуда!
У хаце на хвіліну ўсталявалася цішыня. Ад пачутага госці разгубіліся, Верка цяжка выдыхнула:
Читать дальше