— Ага, толькі б была яна дома. — задуменна прамовіла нявестка.
Дамовіўшыся з нявесткамі, як далей дзейнічаць, Сцяпан Адамчык паклікаў жонку, каб гэтай снежнай каляднай раніцай паснедаць вялікай сям’ёй.
3
Набліжаўся поўдзень, але надвор’е было змрочным. Сонца сёння зусім не паказвалася, бухматыя хмары і вецер зноў прынеслі злосную віхуру, на зямлю сцяной слаўся густы снег. Здавалася, вёска, добра прысыпаная белым покрывам, вымерла, і жанчыны няспешнай хадой, мінаючы хаты, не сустрэлі на сваім шляху ніводнага бечынца.
Час ад часу азіраючыся па баках, яны стараліся ўгледзець хоць нешта перад сабой, але далей выцягнутай рукі нічога нельга было ўбачыць з-за небывалай снежнай аблогі. Нічога не паказвала, што на світанні ў вёсцы здарылася нешта незвычайнае.
Месячы валёнкамі некрануты цалік, Верка і Жэня дайшлі да цэнтра вёскі, а адтуль адразу скіравалі налева, туды, дзе непадалёку, праз некалькі пабудоў, у акружанай занесеных снегам слівамі хаце адзінока жыла жонка былога старшыні сельсавета.
Салавейчыха была на падворку. Расчырванелая, трымаючы ў руках шырокую лапату якраз адкідала ад веснічкаў снег. Відаць, працавала жанчына даўно, бо доўгі панадворак адсюль да самага парога хаты ўжо добра быў ачышчаны ад снегу і вакол нешырокай дарожкі груваздзіліся вялізныя, амаль метровыя бурты снегу.
— Во прэ, зноў залье па вясне, як жыць тут, паплывём, бабы, — замест прывітання, убачыўшы жанчын, прамовіла яна, і, звяртаючыся да Веркі, паказваючы на Жэню, спытала: — А гэта хто? Міколава будзе жонка?
Салавейчыха ўважліва, з ног да галавы агледзела Жэню, тая ажно засаромелася.
— Пашанцавала старому хутаранцу на нявестак, гляджу. Абедзве — лялькі, — нават не даўшы Верцы і слова сказаць, выпаліла яна. — І во, шчасце, якое — дзеткамі, унукамі Бог Адамчыкаў не пакрыўдзіў. А я, як тая ялаўка, столькі гадоў пражыла са сваім камсамольцам: ён жа ўсіх вучыў як жыць, а вось як дзіця зрабіць, дык — няўмека. Не даўмелася, якога другога мужыка прыгрэць, тады б мо і не кукавала б тут адна.
Верка, ведаючы, калі Салавейчыху не спыніць, дык тая будзе балбатаць без супынку, перабіла яе:
— Людзі сказалі, што ты мне можаш памагчы.
— А што? Чакала цябе я, Верка. Пайшлі ў хату. Там размаўляць будзем. І ты заходзь. Жэня, здаецца? — Салавейчыха зноў пільна, нібы вывучала, паглядзела на гарадскую нявестку Сцяпана Адамчыка.
— Так. — пацвердзіла Жэнька.
Г аспадыня бярозавым венікам змяла снег з шырокага адкрытага парога, і прапусціла маладзіц у сенцы.
У прасторнай цёплай хаце смачна пахла свежым хлебам. Салавейчыха прапанавала жанчынам распрануцца і знікла за печчу.
— Гэта добра, што на Каляды ў хаце госці. Частаваць буду, — сказала яна адтуль.
— Мы ж не па гэта прыйшлі, — хацела запярэчыць ёй Верка, але тая, паказаўшыся з-за печы, злосна бліснула чорнымі вочкамі, маўляў, ніякі адказ не прымаецца, і працягвала: — Ды мы не толькі адсвяткуем, а і памянём. Столькі душ пайшло на той свет. Хоць і гадаў, але ж яны — свае гады. Раніцай ведаеце, што тут было?
— Што пабілі паліцаяў — чулі, — суха адказала Верка.
— Дык гэта не навіна. На машынах зранку прыехалі немцы. Аскерчык з імі бегаў па хатах, пытаў, ці хто што бачыў, як усіх паліцэйскіх пабілі. А таксама выпытваў, адкуль з’явіліся партызаны? Але хто што мог яму сказаць? Такая ноч была — галаву скруціш. А многія людзі зусім сышлі з хат, у склепы пахаваліся ці ў лес, далей ад бяды пайшлі. Так і не дабіліся Аскерчык і немцы анічога, пагрузілі забітых ды павезлі некуды. Суседка потым прыбегла да мяне, казала, толькі пошта згарэла. Хаты цэлыя. Ну і цішком: «Партызаны наляцелі з розных бакоў, расправіліся з тымі ў адзін мэнт, ціха з хат выклікалі іх, нібы на збор, ды на той свет сонных валаклі». — Во як. — па-змоўніцку паведаміла кабета. — Да мяне ж таксама Аскерчык прылятаў. Аге ж. А што я? Кажу: спала, нібы проса прадаўшы, гаспадаркі ў мяне той — парася ды кураня. Чаго рана ўскокваць? Колькі хацела, спала. Дык я ж і праўда ўчора з суседкай за шчодрыкі чарку-другую ўзяла, дык без задніх ног звалілася. І ні пра што не здагадвалася. А прачнулася, хіба, ад стрэлаў, мабыць, на пошце тых выбівалі. Ой-ёй, страшна, бабы, не паверыце, ага, вельмі страшна. Толькі тады, як добра развіднела, з хаты на двор выйшла, а так баялася. А тут і госць, на табе, прыпёрся — Зміцер Аскерчык. Ну, з чым прыйшоў, з тым пайшоў.
Пакуль Салавейчыха паведамляла Адамчыкавым нявесткам пра падзеі, пра якія гаварылі ўсе бечынцы, на стале з’явілася смажананая бульба і салёныя гуркі, квашаная капуста і тушаныя белыя грыбы ды крыху няпоўная бутэлька чыстай, як крышталь, самагонкі і свежы хлеб.
Читать дальше