— Га, Сцяпанка? — жанчына адарвалася ад сваіх дум, падняла на мужа вочы. — Пад’еў хіба ўжо? Мо яшчэ з’еш, і палову ж не агоралі.
— Наеўся, дзякуй. Я не пра тое.
— А пра што, сакол ясны?
— Дык свята ж сёння. — усміхнуўся Сцяпан. — Толькі вось не шчадруе ніхто.
— А каму ж цяпер, калі такое гора вакол, шчадраваць, Сцяпанка? Прыдумаў ты. — здзівілася кабета.
Жанчына хацела сказаць, пра што падумала ў той момант, але збаялася: у добрыя ж часы сваты Расевічы з сям’ёй, ды і з вёскі шчадроўшчыкі завітвалі да іх на хутар, а яны ніколі не шкадавалі гасцям ні ласункаў, ні самагонкі. Так спрадвеку было заведзена. А цяпер — вайна праклятая. І яна толькі цяжка ўздыхнула і зірнула на абраз у куце.
— Я і кажу, Агапа, што свята сёння. А мы нават да ўнукаў не паехалі, — мужчына горка ўсміхнуўся.
— Дык заўтра паедзем. Я таго-сяго прыхавала, гарбузікаў, мёду трохі ёсць, масла сёння збіла. Заўтра, Сцяпанка, — пагадзілася жонка, і зноў замаўчала.
— Ось, бяда якая. Днямі, чуеш, старая, Гарадзяцічы палілі, вялікую частку сяла спляжылі, — з сумам паведаміў Сцяпан.
— Як. спалілі? А, людцы мае, што ж гэта дзеецца? На ентых немцах крыжа няма, — старая спалохана глядзела на мужа, на яе вочы адразу наплылі слёзы.
— Каб жа не так. Нашы, антыхрысты. Рабаўнікі, наваспечаныя паліцаі. Усіх, хто актыўнічаў пры савецкай уладзе, у агонь, кажуць, пакідалі.
— Што ты кажаш, Сцяпанка? Як жа гэта, людзей, жывымі?.. — войкнула старая.
— Мало хто ўцалеў, нібыта за падазрэнне ў сувязі з партызанамі расстрэльвалі. Якія ж такія партызаны? Няўжо саветчыкі каторыя пахаваліся, а цяпер паказваюць манер? Дык, думаю, за гэта людзей і скатавалі. А за што ж тады, іначай? Гітлер жа заявіў, што габрэяў знішчаць будзе, а тут і нашых людзей, палешукоў, на звод. Аскерка цяпер са сваімі іх дабро спажывае. Накалядавалі, як ніхто, звяры. Як зямля іх носіць.
— Звяры, Сцяпанка, дальбог, звяры, як ёсць. А іх жа матка нарадзіла, — пагадзілася старая.
— Гэта ж падумай: Аскерка падобных сабе сабраў, павяртанцаў і прадажнікаў, многа пуханцоўскіх, з Хвойнішчаў ды з суседніх вёсак, дык цэлы гарнізон арганізаваўся. Волю немцы ім далі поўную. Вось і здзекуюцца з людзей, а гняздо сабе ў Бечыне аблюбавалі. Не дай бог да Веркі нашай з дзецьмі дабяруцца. Ды і Жэня гэтая нам нібыта ўжо не чужая.
— Свят, свят! — завохкала Агапка і пачала хрысціцца. — Не дапусці, Божа, памілуй! — І нашых хлопчыкаў падтрымай у ліхую гадзіну.
— Усё, завялася! Казаў: не згадвай пра сыноў. Ат, дурніца! Адной табе карціць!.. Вернуцца хлопцы, не завывай моцна! Ідзём спаць! — стары раззлаваўся, сплюнуў на падлогу і, злосны на жонку, пайшоў класціся.
— А я ж што, Сцяпанка, я ж нічого. — ціха заплакала жанчына.
Не звяртаючы ўвагі на мужа, яна яшчэ некаторы час божкала і вохкала, потым стала прыбіраць са стала. Калі ж закончыла сваю няхітрую справу і намерылася патушыць лямпу, пачула, як на вуліцы люта ўсхадзіўся сабака.
— Сцяпанка, нехта ў нас па двары ходзіць. — спалоханая не на жарт Агапка паклікала мужа.
— Не трасіся, зараз я ногі ў валёнкі ўсуну.
Праз імгненне ў акно кухні моцна пастукалі.
Адамчык выйшаў з чыстай паловы хаты і наблізіўся да акна.
— Каго ета там носіць такой парой? — спытаў спецыяльна незадаволена.
— Шчадроўнікі прыбылі да вас. Ці не пусціце ў хату? — знадворку пачуўся мужчынскі голас.
— Хто вас ведае, што за шчадроўнікі вы? А мо, бандыты якія? — засумняваўся дзед.
— Не перажывайце, дзядзька Сцяпан. Мяне добра ведаў ваш сын, старшыня бечынскага калгаса Ігнат Адамчык. Я — Нікіценка, першы сакратар райкама партыі, — пачулася з вуліцы.
— Пачакайце, пачакайце, таварыш. Зараз. А то мы са старой думаем, што за шчадроўнікі тут такія. — усхваляваны, Сцяпан выйшаў у сенцы.
Праз хвіліну ён вярнуўся ў хату, а за ім ўвайшлі двое рослых мужчын. У адным Агапка адразу пазнала былога кіраўніка іх раёна: памятала, як ён некалі выступаў у клубе, на судзе, як пра Ігната хораша сказаў. Толькі цяпер мужчына выглядаў не такім бадзёрым, быў схуднелы.
— Добры вечар вам у хату, — Нікіценка прывітаўся за руку з Адамчыкам, затым усміхнуўся гаспадыні. — Прабачце, маці, што вось так, знянацку.
— І вам, добрыя людзі. — адказала Агапка. — Не стойце ў парозе, сядайце на лаву, у нагах праўды нямашака.
— На самай справе... — усміхнуўся і другі, высокі чарнявы малады чалавек. — Цёпла ў вас. А на вуліцы мароз бярэцца не на жарт, аднак.
— А вы праходзьце, да стала, сядайце. Агапка, што ў нас там ёсць, сабяры, людзі такія ў хаце, — распарадзіўся стары Адамчык.
Читать дальше