— Пачакаем крыху, дачка. Прабач, не курыў гадоў дзесяць, а тут, бачыш, сарваўся... — Верабей кінуў на зямлю цыгарку, затаптаў яе, і яны разам пайшлі ў кантору.
Аднак дазваніцца ў раён так і не ўдалося, тэлефон упарта маўчаў.
Са збалелым сэрцам жанчына вярталася дахаты. Жэня ўжо ведала пра бяду, знерваваная, чакала сваю гаспадыню і сяброўку — нехта з мацярок хлопцаў, якія былі з Ігнатам і вярнуліся, прыбягаў да Адамчыкавых, распавёў ёй, як усё было. Аднак Верка цяпер не плакала, толькі спыталася ў Жэні:
— Ты камсамолка?
— А як жа? — здзівілася тая.
— І я... Але, мабыць, я няправільная камсамолка... — горка ўсміхнулася Верка.
— Што ты прыдумала? Ты ж вунь перадавічка ў нас! На ўвесь раён слава... — здзівілася тая.
— А я на могілкі зайшла. У нас там да рэвалюцыі царква была. Ды спалілі яе. Я малілася, верыш. Як мамка вучыла, малілася... Прасіла Бога, каб не забіраў ад мяне Ігната. Аднаго ўжо забраў...
— Каго забраў? Ты пры розуме, дзеўка?
— Ды быў у мяне каханы такі. Рыгоркам звалі. Да Ігната яшчэ. Дарэчы, твой Коршак яго і арыштоўваў. Ці то Бог развёў нас з Рыгоркам, не, хутчэй людзі. Думаю, цяпер не можа ж быць так, калі зноў падараваў Бог мне шчасце, ды раптам зноў забраў? Не можа, разумееш, такого быць,
Жэнька! — Верка гаварыла ціха, але ўпэўнена. — І мой Ігнат вернецца, вось пабачыш!
— Канешне, ён хутчэй за ўсё ў бальніцы, дык паправіцца, — пагадзілася названая братавая.
— І абавязкова вернецца, — з болем усміхнулася Верка, пачуўшы яе словы.
— Гэта табе таксама... Бог сказаў? — здзівілася Жэня.
— Гэта мамчын Бог. Ён, ведаеш, не схлусіць... Я ж ад свайго адцуралася.
Стомленая, яна пайшла ў хату.
Апошнія словы Веркі вельмі ўразілі Жэню. Яна ж не прызнавалася нікому, што з тае начы, як Андрэй пакінуў яе ў Бечыне, яна таксама, штовечар кладучыся спаць, малілася...
9
Размова па тэлефоне была цяжкая.
— Я ж камуніст, ваенны чалавек, павінен быць у войску! Як жа людзям у вочы буду глядзець? — Нікіценка быў узрушаны, пачуўшы тое, што казаў яму першы сакратар Палескага абкама КП(б)Б таварыш Лявіцкі. А сказаў той важнае.
— Змагацца з ворагам, таварыш Нікіценка, можна не толькі на фронце, у радах Чырвонай Арміі, а і тут. Вось і вам партыя загадвае быць тут. Вы чулі, што сказаў таварыш Сталін.
— Але ж.
— Паслухай мяне, Андрэй.— Лявіцкі памаўчаў, а пасля прамовіў тое, што, мабыць, нікому яшчэ не гаварыў. — Гэта вайна надоўга. І яе зыход будзе вырашацца не толькі на фронце, але і ў тыле. Мы вінаваты, што не можам абараніць свой народ, пакідаем яго сам-насам з ворагам. А гэты народ нам верыў. Калі мы хочам перамагчы і сцвердзіць нашы сацыялістычныя ідэалы, трэба дзяліць з ім гора і радасць папалам, чуеш? Хто калі не мы павінны падымаць сваіх людзей на барацьбу з ворагам у тыле, ды так, каб зямля гарэла пад нагамі акупантаў?
— А як жа, яна гарыць. — Нікіценка злосна чмыхнуў у трубку. — Тураў, суседні раён ужо, лічы, заняты, пасёлак Ленін, Мікашэвічы, таксама, нашы пагранічнікі вядуць баі за подступ да райцэнтра, у пяці кіламетрах.
— Не трэба паддавацца паражэнчым настроям. Будзе цяжка. Вораг пад Смаленскам і месцамі нават прарываецца да Кіева. Але гэта часова. Ты ж ведаеш, у Мазыры таксама поўным ходам ідзе эвакуацыя. Трэба разумець, што наша справа святая, і перамога, як бы нам цяжка ні было, будзе за намі. І нам з табою не схавацца. Фарміруецца падполле, партызанскія атрады. Гэтая барацьба будзе на Палессі не менш жорсткай, чым на фронце. І ты ведаеш цяпер сваё месца. — Лявіцкі чамусьці закашляўся, а пасля дадаў. — Трымай сувязь з пагранічным атрадам. У знішчальны батальён, пакуль ёсць час, трэба ўключыць не прызваных у армію актывістаў і прызнаных нягоднымі да страявой службы. Калі немцы, так атрымаецца, пацясняць нашы войскі, сыдзеце ў балоты, пад Булеў Мох. Ведаю, там у вас непраходныя мясціны...
— Ёсць, таварыш Лявіцкі! Мне ўсё зразумела, — ціха прамовіў Нікіценка. Хацеў пакласці трубку, але раптам успомніў, што яшчэ карцела запытацца ў першага сакратара. — У мяне просьба. Я вам раней казаў.
— Ат, забыўся, таварыш Нікіценка. Мне сказалі, што твой старшыня жывы, але, мабыць, не жылец. Надзеі мала. Цяжкую аперацыю перанёс. Хіба маладосць дапаможа яму. 13 ліпеня эвакуіравалі яго ў Гомель, у шпіталь. Бывай, — прыглушана паведаміў Лявіцкі, і адразу ж у трубцы пачуліся кароткія гудкі.
Нікіценка моўчкі стаяў ля стала. Яму было шкада Ігната Адамчыка. Але што зробіш? Вайна. На сэрцы так балюча, шкада і мірных, безабаронных людзей, якія не сёння-заўтра сам-насам застануцца з ворагам. Аднак Вераб’ю Нікіценка павінен быў паведаміць, што іхні старшыня знайшоўся, каб Верабей неяк сказаў гэта яго жонцы, якая, мабыць, ужо спакутавалася, чакаючы мужа. Ды і дзеці таксама.
Читать дальше