Паступова жанчыны супакойваліся. Пачыналі гаварыць пра жыта, якое хутка паспее, і яго неяк трэба жаць. А як за гэта возьмуцца, калі толькі некалькі старых, нямоглых кабыл застало ся. А што будзе з бульбай, якая добра адцвітае? Пасля ж, нібы згаварыўшыся, пачалі распытваць прышлую маладую жанчыну-настаўніцу, якая гаварыла з імі проста, як раўня, і бечынцам гэта падабалася.
— А як твая дзевачка? Ці прывыкае ў нас?
— Нічога, цётачкі. Прывыкне, — адказвала тая. — Ды і Верчына Нінка нянька, што трэба. Калі ўсё добра будзе, то, можа, і настаўнічаць пайду ў верасні, калі... — прамовіла Жэня і нечакана абарвала сваю думку, падумаўшы, што дарэмна сказала пра тое, аб чым людзі баяліся цяпер гаварыць, пра вайну.
— Ну то бывайце, будзем чакаць.
Жанчыны пайшлі, а Верка раптам рашуча сказала Жэні:
— Схаджу гэта я да Вераб’я. Ён цяперака ў нас і за старшыню сельсавета, і, лічы, за галаву калгаса. Няхай пазвоніць Нікіценку. Нешта ж там не так — як праваліліся скрозь зямлю.
— Мо і мне з табой, Вера? — спытала Жэня.
— Не, будзь дома. Дзеці прачнуцца, малачка я ў печы напарыла. Куццю прыставіла. Вярнуся хутка.
На вуліцы стаяла паўдзённая спёка, не прадыхнуць, але Верка не звяртала на яе ўвагі. Думала пра мужа і дзяцей-падлеткаў, якіх ён узяў з сабою: толькі б нічога кепскага не здарылася з імі, людзі тады не даруюць.
Вераб’я ўбачыла здалёк, ён якраз выходзіў з сельсавета. Мужчына перайшоў вуліцу і спыніўся ля канторы, сцішыўся чамусьці пад маладой ліпай. Калі падышла бліжэй, паклікала:
— Сцяпанавіч, вы што ето...
Верка не дагаварыла, бо вельмі здзівілася: упершыню бачыла, каб Верабей курыў.
— Ну, і куды гэта годна? Я са сваім столькі ваявала, каб кінуў гэтае зелле, а тут сакратар партыйны прыклад паказвае.
Толькі калі Верабей, высокі мужчына з рана пасівелым чубам, азірнуўся, у Веркі пахаладнела ўнутры: здагадалася, што нешта здарылася.
— Божачкі, ды што ж такое?
Верабей не ведаў куды падзець вочы, але мусіў сказаць тое, пра што толькі даведаўся сам:
— Верка, родная... Набярыся мужнасці. Бяда. — Верабей глядзеў ёй у вочы, у якіх бачыў толькі адно: спачуванне і боль. — Не вернецца Ігнат. Няма яго...
— І што гэта вы такое прыдумалі, дзядзька Антон? — не зразумела жанчына. — Што значыць, не вернецца?
Верка раптам падумала пра тое, што не выходзіла ў яе з галавы ўсе гэтыя тыдні: Ігната ж, канешне, таксама забяруць. Другога не дадзена. А цяпер і ад калгаса, лічы, мала што засталося, шмат чаго вывезлі, нават трактар ёй прыйшлося гнаць у Міткавічы, перадаваць вайскоўцам.
— Што? Яго забралі? Толькі ж як гэта несправядліва: і дадому не выпала вярнуцца, адразу, мабыць, у ваенкамат... — яна спалохалася таму, што сказала, нават у сэрца закалола.
— Пад Мазыром яны доўга чакалі, пакуль прымуць у іх статак. А тут раптам нямецкая авіяцыя...
— І што? — яна няўцямна пазірала на Вераб’я.
— Хлопцы, на шчасце, цэлыя, толькі з гадзіну якую, як вярнуліся...
— А Ігнат дзе, дзядзько Антон? З імі, у канторы?
Верка ўжо хацела кінуцца праз дарогу да канторы, але Верабей спыніў яе.
— Вера, паслухай. Ён каля статка заставаўся, а іх, маладых, у прылесак адправіў, у цень. Дык вось і параніла яго. Сур’ёзна, мабыць. Ігнат пры іх так і не прыйшоў у сябе. Хлопцы сказалі, некуды павезлі старшыню, можа, у бальніцу, а іх ваенныя адразу дадому выправілі. Пашанцавала якраз ім, на кацеры да Петрыкава па рацэ плылі, адтуль пехам ужо.
— Гэто няпраўда! Гэтага не можа быць! — заплакала Верка. — Дзе яны? Я сама распытаю...
Верабей абняў яе, здзіўлены: адкуль сілы ў такой худзенькай жанчыны, з выгляду зусім яшчэ дзяўчо. Не верылася, што гэтая маладзічка паспела нарадзіць Ігнату траіх дзетак, чаго ён, Антон Верабей, так і не дачакаўся ад сваёй жонкі. Як дачку, ён гладзіў Верку па галаве, угаворваў:
— Не плач, не перажывай, Верка... Жыў будзе наш Ігнат. Ён крэпкі. Выдзюжыць...
— Ён моцны, ага... Толькі б не забілі б, праўда? — яна глянула Вераб’ю ў вочы, шукаючы ў іх пацвярджэння таму, што сказала.
— Не, не забілі. Жыць будзе. Я звязаўся з Нікіценкам. Знойдзем нашага старшыню, не перажывай так. Хлопцы казалі, што нейкі капітан забраў Ігнатавы дакументы, там ведаюць, хто ён. Ну, што ж ты, дурніца? У цябе ж дзеткі, не трэба так убівацца, падумай пра іх.
Маладзіца роспачна плакала на яго плячы, а ён зусім разгубіўся, не ведаючы, што зрабіць, каб яе, гаротную, суцешыць.
— Дзядзька Антон, можа, вы яшчэ пазвоніце? Можа, яго ў абласную бальніцу адвезлі? — Верка адхінулася ад Вераб’я і надрыўна заплакала.
Читать дальше