— Не, Нюрка, іх жа з ваенкамата адразу ў Мазыр павезлі, а потым каго куды. Можа, напішуць хутка, — адказаў ён занепакоенай жанчыне.
— А што ж гэта ў нас будзе? Той ноччу недзе збоку ад Слуцака так грымела, так страшна... — Нюрка спалохана глядзела на мужчыну, а той не ведаў, што і адказаць.
— Будзем спадзявацца, што спыняць навалу. Я пайду, Нюра, мая там звялася, мабыць.
Ён ішоў праз усю вёску дахаты, і, здавалася, не пазнаваў яе. Быццам вёска такая ж, як і ўчора, у дварах корпаліся куры, а сям-там старыя кабеты на градах палівалі гуркі, нехта сушыў на падворках сена, прывезенае з ўзбалотка, недзе рыпеў калодзежны журавель, але ўсё было не так, як раней. Сёння вёска Ігнату падалася ціхай і пустой, нават сабакі сцішыліся і не брахалі так, як раней.
З цяжкім настроем Адамчык прыйшоў дадому, дзе яго каля ганка даўно чакаў бацька і гутарыў аб нечым з унукам Іванам. Ігнату ўсё ніяк не выпадала гэтымі днямі з ім пагаварыць, а старому карцела шмат пра што даведацца ў сына.
— Здароў, тата... — першым прывітаўся Ігнат, і накіраваўся да калодзежа, напіўся з карца вады.
— Здароў, сынку, — сказаў стары, але нават не глянуў на яго, усім выглядам паказваючы, што сын у нечым правініўся перад ім. — Ідзі, унучак, пагуляй, пазней табе вуду зробім. Мы тут з бацькам пагаворым.
Хлопчык паслухаўся:
— Потым пазавеце, дзеду? Добра?
— Добра, галубок!
Ігнат сеў насупраць бацькі на калодзе. Уважліва паглядзеў на старога. Выгляд у таго быў кепскі: бацька моцна схуднеў, адны выцвілыя вочы былі па-ранейшаму жывыя, учэпістыя.
— Зусім ты на старых ды на сям’ю сваю забыўся, бачу... — пачаў Сцяпан Адамчык і з непрыхаванай крыўдай у вачах паглядзеў на сына.
— Бацька, вы ж ведаеце, якое ў мяне зараз жыццё.
— А гэты савецкі хамут ні я табе, ні маці, ні жонка, ні дзеці не накідвалі на шыю, каб так мучыцца... — стары, адчувалася, заводзіўся, яму карцела выказаць сыну ўсё тое, што ў яго было на душы. — Табе, ужо ж бачу, нямала ад таго старшынства прыбавілася ў гаспадарцы, каб не бацька, то дзеці галадалі б.
— Ты зноў пра гэта будзеш? Сказана-пераказана. Не памерлі б і без вашай помачы, людзі ж неяк выжываюць, — запярэчыў Ігнат, але слоў не хапала, разумеў, праўду кажа стары: цяжка было б ім з Веркай, каб бацькі не дапамагалі.
— Неслух. Вось што. Хоць сам хутка пасівееш раней часу. Стараешся кожнаму з дабром, а людзі, ведаеш, шэльмы, яны не такія, як табе здаюцца. Яны пра сваё ўсё роўна дбалі і будуць дбаць, а не пра калгас. Ды яшчэ глядзі — наводзяць усякую сволач, — стары раптам закашляўся, нібы натыкнуўся на нейкую перашкоду.
— Бацька, ведаеце, час які? Вайна, немцы на парозе, а вы ўсё пра сваё, — раззлаваўся сын. — Браты ўжо ў войску, і мяне забяруць, бронь гэта часовая...
— Ды я пра тое і кажу, што свет перакуліўся. А ты пацерпіш першы, пакуль яшчэ той немец прыйдзе.
— Што ты ўсё кругамі? Кажы, што надумаў?
— Ноччу ў мяне былі... Ледзь жыццё не вытраслі... — бацька ўважліва паглядзеў на сына, і той убачыў у вачах старога слёзы.
— Хто? — зніякавеў Ігнат.
— Твой знаёмец, Зміцер Аскерчык, які жыццё ў цябе ледзь не забраў, памятаеш? З яго братамі... ляснымі. На вуліцу вызваў, абрэз да шыі прыставілі, — стары заплакаў. — Добра, што маці наша глухая стала, спала, не чула нічога.
— Што гэты бандыт хацеў?
— Цябе папярэдзіць. Сказаў так: калі хоча, каб усё добра было, да таго, як немцы прыйдуць, дабро калгаснае каб людзям раздаў, не вывозіў у раён. І пра яго радню не забыўся. Зробіш так, як казаў — немцы нікога не зачэпяць.
— Гад! Я табе гаварыў, перабірайся ў вёску, а ты ўпёрся. У вёску поскудзь гэта не сунецца.
— Сунецца. Ён з нейкімі такімі як сам, здалёку прыходзяць. Сынок, глядзі, цяпер усе незадаволеныя савецкай уладай падымуцца, помсціць будуць. Хоць ты і беспартыйны, але ж...
— Ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць, тата. Заўтра ў калгасе і фермы не будзе — усё астатняе ўжо вывезлі, — сказаў сын. — Сёння ж перабірайцеся да нас, бакоўка пустая, тут жывіце.
— Не, сынок. Ды і маці не згодзіцца. Тут у цябе і жанчына з’явілася з дзіцем. Што гэта за размовы, нібыта яна нявестка наша, Міколава жонка? — насцярожана спытаўся стары.
— Так трэба, тата. Гэта жонка добрага чалавека. Ніхто пра гэта не павінен ведаць, што Жэня не наша, — ціха адказаў сын.
— Ну, ето табе відней. Мы са старой будзем маўчаць. Але ж каб ліха не будзіць, можа, не забудзь пра Аскеркаву цётку — Хрысціну. Не дарэмна еты гад прыходзіў, каб чаго не выйшла. Чалавек жа яе памёр, адна дзяцей паднімае. Больш тут у яго, здаецца, няма радні...
Читать дальше