— Ты, Ігнатка? — перапытала ў сенцах.
— Я, Вера... — адказаў з вуліцы Ігнат.
Яна адкінула засаўку і адчыніла дзверы мужу, якога зусім не было відаць у начной летняй цемрадзі.
— Вер, слухай сюды... Тут людзі. У нас заначуюць. Нінку возьмеш да сябе, а я за печчу на ложку лягу. І Ваньку да сябе забяру, — ціха прамовіў ён.
— Пераначуюць у нас? Хто ета? — здзівілася яна.
— Потым, Верка, усё потым...
Ігнат пайшоў некуды, а яна вярнулася ў хату, запаліла лямпу. Пачутае яе ўсхвалявала. Толькі паспела за печчу апрануць спадніцу і сукенку ды вярнуцца ў пярэднюю, як у хату ўвайшла маладзенькая прыгожая жанчына з дзіцём на руках. А за ёю парог пераступіў высокі мужчына ў форме. Ён нёс чамадан, а Ігнат, які ўвайшоў апошні, трымаў у руках невялікі клунак.
— Добры вечар... — прамовіла жанчына.
— Вечар вам добры, Вера... — таксама прывітаўся і чужы чалавек.
Толькі зараз, калі гаспадыня добра прыгледзелася, пазнала яго: так, гэта ж
той самы міліцыянер Коршак! Здаецца, Андрэем яго звалі. Бачыла яго неаднойчы. Апошні раз на судзе, на якім апраўдалі іх брыгадзіра і вартаўніка. Успомніла, як яшчэ, можа, месяц таму, Ігнат ёй паведаміў, што Коршак цяпер вялікі чалавек, начальнік міліцыі. Але ўсё гэта было малазначным для яе. Важным было хіба тое, а яна гэта хавала, як стрэмку ў сваім сэрцы, што ён, а не хто іншы, вышукваў і ў рэшце рэшт павёз на згубу яе былога каханага. І гэтага, як бы яна не хацела, не магла забыцца і дараваць яму, нават цяпер. Хоць і разумела, што, магчыма, ён добры чалавек. І Ігнат з ім, здаецца, пасябраваў, выходзіла, што Коршак ні ў чым перад ёй не вінаваты. Але. Толькі ж з якой нагоды міліцыянер і, мабыць, яго жонка і дзіця, сярод ночы прыйшлі ў іх хату?
— І вам таксама добры... — Вера разгубілася, але ў тую ж хвіліну саўладала са сваімі думкамі, і праявіла гасціннасць. — Што ж вы ета ў парозе? Праходзьце, праходзьце, сядайце...
— Дзякуй вам, Вера... — на запрашэнне першай адгукнулася жанчына з дзіцём. Яна, відаць, хацела нешта яшчэ сказаць, але яе апярэдзіў Ігнат:
— Верка, Нінку перакладзі да сябе ў ложак, а Яўгенія Паўлаўна...
— Калі ласка, завіце мяне проста Жэня, — усміхнулася Верцы жанчына па-свойску, нібы ведала яе даўно, а не ўпершыню пераступіла парог гэтай хаты.
— А Яўгенія... Жэня... там размесцяцца з маленькай... — паведаміў жонцы Ігнат. Ён аднёс у цёмны кут і паклаў на лаву клунак, а пасля падышоў да жонкі.
— Васілька я потым перанясу да сябе. Добра?
— Канешне, канешне, — пагадзілася Верка, і ціха сказала жанчыне: — Жэня, ідзіце са мною, а то дзіця разбудзіце...
Як толькі жанчыны пайшлі ў чыстую палову хаты ўладкоўвацца, Коршак паставіў ля лавы чамадан, і падышоў да Ігната, які крыху разгублены стаяў пасярод хаты.
— Разумееш, Ігнат, у мяне няма выхаду. Я проста не ведаю, куды іх адправіць. Для мяне, Ігнат, яны ўсё. Жэня, як і я, сірата. Раслі разам у дзіцячым доме. Пасля вось сустрэліся, пакахалі. Ды што я кажу... — голас Коршака задрыжаў, яму перахапіла дыханне. — Прымі яе. Я мала каму давяраю на гэтым свеце. А ты, не сумняваюся, не выдасі. Ды і Верка твая за жыццё шмат нацярпелася.
Ён памаўчаў. Ігнат не ведаў, што на гэта сказаць.
— Яна не Коршак, засталася на сваім дзявочым прозвішчы, так атрымалася, працавала настаўніцай. У школе, ведаю, у вас ёсць месцы, калі што. Толькі трэба прыдумаць версію, як яна ў вас апынулася, каб ні адна жывая душа не дазналася, хто яна на самай справе...
— А што тут думаць? Будзем лічыць яе жонкай майго малодшага брата Мікалая з Мазыра. Бечынцы ведаюць, што ён пазалетась ажаніўся з нейкай настаўніцай, узяў жонку з дзіцём, я так і сам не зразумеў — яго тое дзіцё ці не яго, але так атрымалася, што дагэтуль мы нават яе не бачылі. Абяцалі гэтым летам прыехаць, ды брата некуды на курсы адправілі, паведаміў бацькам. Людзям скажам, што адправіў жонку да нас пагасціць, а тут вайна. Захоча — у нас будзе жыць, захоча — на хутары ў бацькоў, каб хутчэй бечынцы паверылі... — прапанаваў Ігнат.
— А калі сапраўдная нявестка заявіцца? — засумняваўся Коршак.
— Наўрад. За два гады брат не прывёз яе нават пазнаёміцца. Бацькам, зразумела, праўду скажам. А Верка ўжо, бачу, Жэню прыняла.
— Я ўсё думаў, ці не памыляюся? Цяпер бачу, што не, — з удзячнасцю сказаў начальнік міліцыі, моцна паціснуў Ігнату руку. І паведаміў:
— А я заўтра на фронт, ледзьве згоду далі. Цяпер не ведаю, як Жэньцы сказаць. А можа, і не трэба нічога гаварыць, ціха сысці.
Навіна ашаламіла Адамчыка. Ён нават разгубіўся і не ведаў што адказаць.
Читать дальше