6
Нікіценка злаваўся на Адамчыка, крычаў у трубку:
— Што значыць, не паспяваеце? Коней па плане перадалі? Трактар эмтээсаўцы забралі?
— Шостага ліпеня ўсё як трэба па акце перадалі. І коней. Яшчэ нават не вярнуліся гуртаўшчыкі. Учора на досвітку адправілі свіней. Ды іх у раёне ніхто не прымае, — таксама злосна ў адказ першаму сакратару даводзіў сваё старшыня калгаса.
Сувязь раптам перарвалася. Адамчык нецярпліва чакаў, калі яна адновіцца, аднак тэлефон маўчаў.
За сталом канторы сядзеў расчырванелы Верабей.
— Што чутна? — сказаў ён і заклапочана паглядзеў на Ігната.
— Зразумеў толькі, што на чыгунцы не да нас. Грузавыя аўтамабілі перададзены арміі. Заўтра трэба эвакуіраваць кароў, сваім ходам. Крычыць, шкуру здзярэ, калі хоць адна жывёліна прападзе — персанальная адказнасць на мне...
— Пра немцаў што?
— А нічога. Ні слова.
Верабей маўчаў. Думалі абодва пра адно і тое ж: што будзе з людзьмі, са старымі, жанчынамі, дзецьмі, калі немцы так хутка наступаюць і не сёння-заўтра будуць тут?
— Вазьму трох-чатырох старшакласнікаў і пагонім кароў. Толькі невядома пакуль куды: у Мазыр, ці на станцыю ў Калінкавічы?
— А з цялятамі — што думаеш?
— Зараз распараджуся: хай разбяруць даяркі па хатах. Яны не дойдуць і палову дарогі. Яшчэ за падзёж да сценкі паставяць...
— Мабыць, будзе правільна, Ігнат Сцяпанавіч, калі раздадзім цялят людзям, — пагадзіўся Верабей і сумна ўсміхнуўся.
Нарэшце, зноў запрацавала сувязь. Нікіценка цяпер гаварыў больш спакойна: паведаміў, што калгасных свіней пагрузілі ўжо ў вагоны, а бечынцаў, якія іх прыгналі на станцыю, адправілі дадому. Таварных вагонаў больш не будзе. Эвакуацыю кароў арганізаваць заўтра ж сваім ходам.
— Каля Петрыкава будуць аб’ядноўваць іх у большыя гурты. Перададзіце пад распіску ўпаўнаважаным ці вайскоўцам. Астатняе вырашайце самі.
Пакліч Вераб’я, — Нікіценка, адчувалася, быў вельмі стомлены, і цяпер гаварыў ціха.
Ігнат перадаў трубку сакратару парт’ячэйкі, і заўважыў, як той змяніўся ў твары, стаў бледны, нібы палатно. Нарэшце Верабей павесіў трубку і злосна мацюкнуўся.
— Што такое, Антон Сцяпанавіч? — не на жарт занепакоіўся Ігнат.
— Поскудзі. Ну, хіба ж гэта людзі? — Верабей застыў на месцы.
— Ды што там? — не адставаў Адамчык.
— З прызыўнога пункта драпанулі пяцёра. З нашага сельсавета...
— Бечынцы ёсць?
— Двое. Піліп і Цімох Аксёнавы. Во паскуды, — зазлаваўся той. — А бацька ж яшчэ памочнік брыгадзіра, ты хацеў у праўленне яго.
— Дык гэта ж бацька, не хлопцы, — спакойна адказаў Адамчык.
— Дрэва пазнаецца па пладах, — цвёрда прамовіў Верабей. — Калі заявяцца, трэба паведаміць у аддзел. Судзіць трэба гадаў.
— Хавацца будуць. Але ж шукай цяпер ветру ў полі.
— Усё жыццё не будзеш хавацца ад людзей. Што скажу, браце: час зараз будзе выпрабоўваць усіх, хто чым дыхае.
Ён памаўчаў, потым спытаў у Адамчыка:
— А чаго сам маўчыш? Кажуць, радня заявілася? Мікалай сваю жонку да вас выладзіў?
— Дапялася да нас, ага. За настаўніцу вывучылася. Ды дзіцё зусім малое на руках.
— Не ў добры час, але ж куды дзенешся, так? Брата ж прызвалі ў армію?
— Кажа: ужо 23 чэрвеня забралі. Ён жа ў пашпартным стале служыў. Паспеў жонку з дзіцём на таварняк пасадзіць. Хто-хто, а бацькі мае рады: нявестка ўсё ж.
— Мда... Хто ж ведаў, што такое здарыцца? Бяда. Але і тут, чуе маё сэрца, не цукар будзе. Лепш бы ў Расію ён яе выправіў. Жывёлу во вывозім туды, а невядома, што тут цяпер са сваімі людзьмі будзе.
Ён хацеў падзяліцца тым, пра што баяўся і думаць, але не стаў працягваць далей гэтую гутарку і раптам пачаў збірацца ў сельсавет.
— Паступіла распараджэнне тэрмінова ліквідаваць архіў парт’ячэйкі і сельсавета, найбольш важныя дакументы я ўжо адправіў у раён. Потым прынясу акт. Падпішаш. Партыйных жа ў сельсавеце не засталося.
— Падпішу, Антон Сцяпанавіч... — адказаў Ігнат, узрушаны пачутым ад старога бальшавіка. Ён быў згодны з ім: ніхто яшчэ і слова не сказаў, як жыць людзям, іх жа ніхто не эвакуіруе. Што іх тут чакае, калі раптам Чырвоная Армія адступіць.
Але думаць асабліва не было калі. Спачатку дамовіўся з камсамольцамі, з якімі на досвітку, калі вёска яшчэ будзе спаць, каб не было слёз і галашэння, пагоняць калгасны статак. На фермерскім двары застаў Нюрку Аўдзейчыкаву, якую з паўгода як праўленне прызначыла новай загадчыцай.
Тая спытала:
— Ігнат, мо што чуваць пра нашых мужыкоў? Ты ж у раёне быў.
Читать дальше