Але думкі Нікіценкі перарваў ваенкам Буйкіч, камандзір знішчальнага батальёна, які з парога нервова паведаміў:
— Таварыш Нікіценка, полк маёра Бандарэнкі адступае ад Мікашэвіч, войскі і пагранічнікі адыходзяць. Не сёння-заўтра баі пачнуцца на нашай тэрыторыі.
— Ясна, Мікалай. Кругласутачнае дзяжурства па гарадскім пасёлку ўзмацніць на гэтую ноч. Падключыць камсамольцаў. Заўтра, 16 ліпеня, з раніцы заняць абарону каля чыгункі. Падняць усіх, хто можа трымаць у руках зброю.
— Ёсць, таварыш Нікіценка. — Буйкіч крыху разглублена паглядзеў на Нікіценку. — А што далей будзе, Андрэй Мікалаевіч? У лес?
— Быць гатовым да ўсяго.
— Нават да здачы пасёлка?
— Нават, калі прыйдзецца адступіць. часова. Ты ж вайсковы чалавек. Дзейнічаем па плане, як дамовіліся.
— Зразумела. Дазвольце выконваць?
— Ідзі, Мікола. Мне трэба яшчэ ў Бечын пазваніць.
Верабей доўга не падымаў трубку. Нарэшце, пачуўся яго хрыплы голас.
— Слухаю.
— Гэта Нікіценка.
— Слухаю, таварыш першы сакратар... — адказаў той.
— Як абстаноўка ў сельсавеце, таварыш Верабей? — пацікавіўся сакратар райкама, стрымліваючы хваляванне.
— Пакуль ціха, таварыш Нікіценка. Але людзі хвалююцца.
— Што кажуць?
— А што тут казаць. Баяцца. Апошніх мужыкоў забралі. Вось толькі мяне, калеку, пакінулі на здзек ворагу.
— Ну, што вы так ужо. Трэба ж некаму і на гаспадарцы быць.
— Няхай так, што мне ўжо, прастрэлены ж увесь у грамадзянскую яшчэ. Тут не пра гэта размова. Каторы ж дзень абозы з людзьмі са слуцкага і любанскага накірункаў ідуць праз Бечын. Хто галодны, накормім.
— Што яны кажуць?
— Адзін тут учора з сям’ёй ехаў. З-пад Любані, кажа. Прыгледзеўся я: ці не старшыня сельсавета з Арэсы? Не, даводзіць, памыліўся ты, чалавеча. Рабочы я чалавек, кажа, у армію не ўзялі, бо стары, а хата згарэла. Дык на Браншчыну, да сястры перабіраемся.
Але, думаю, нешта не так. Бачыў яго да вайны недзе, можа, на якой нарадзе ў рэспубліцы. З-пад Арэсы ён, гад такі. Толькі, вось як у некага вочы пазычыў — бегаюць, а малака дзецям папрасіў. Шкада, пяцёра малых. Камуніст, яснае дзела. Дык ён паведаміў, што раён акупіраваны немцамі, у райцэнтры нямецкі гарнізон, у вёсках таксама бываюць наездамі. Раённае кіраўніцтва з’ехала, сувязі ні з кім няма.
Верабей збіваўся, але, нарэшце, сказаў тое, што стрэмкай ныла ў душы:
— Кажуць, і ў нашым раёне не сёння-заўтра.
— Што я вам скажу, дарагі чалавек. Можа, сёння і я апошні раз з вамі размаўляю. Выступаем на абарону гарпасёлка.
— Як гэта? — голас на тым канцы дрота аціх.
— Праўда ў тым, што нашы войскі адсупаюць. Не сёння-заўтра будуць баі за раённы цэнтр. У выпадку адыходу вялікая група райактыву сыдзе ў лес. Па ўсёй Беларусі разгортваецца партызанскі рух. — Нікіценка хацеў яшчэ нешта сказаць старому бальшавіку, але сумеўся.
— Дык што нам рабіць, тут, на месцах, з бабамі і дзецьмі? — разгублена спытаўся Верабей. — На полі такое жыта, а толькі пару дохлых кабыл засталося, ды ў людзей некалькі коней на ўсё такое сяло.
— Будзем спадзявацца, што мірнае насельніцтва не пацерпіць. Вырашайце на месцы па абстаноўцы. І пра Адамчыка.
— Ці ж жывы наш Ігнат?
— Жывы. Лявіцкі сказаў, цяжкую аперацыю перанёс, эвакуіравалі ў Гомель. Толькі вельмі слабы.
— Гэта ж добра, што жывы. Верка, яго жонка, пачарнела ўся за гэтыя тыдні. Можа, выкараскаецца хлопча. Ды яшчэ паваюе, — уздыхнуў ці то радасна, ці то засмучона бечынец.
— Цяпер ва ўсіх жонак адзін клопат: што-небудзь пра мужоў даведацца. Можа, і паправіцца Адамчык, — пагадзіўся Нікіценка. — Дык бывайце, таварыш Верабей. Думаю, развітваемся ненадоўга.
— Дзякуй вам, таварыш першы сакратар. Гэта самая лепшая ад пачатку вайны вестка. Наша Верка будзе шчаслівая.
Узрадаваны, ён адклаў усе справы, і пайшоў у другі канец вёскі, да Адамчыкаў. Разумеў: нічога не ведаючы пра мужа і бацьку, там звяліся ўсе.
10
Калі Міколу Аўдзейчыка разам з усімі мужчынамі забралі на фронт, ён перадаў канюшню пад уладу сваёй жонцы. Пасмяяўся нават: яшчэ адна ферма на твае рукі. Там мала што засталося з калгаснага дабра, а з жыўнасці — тры стараватыя кабылы, адна з якіх была жарэбнай. Але як пакінуць іх без нагляду?
На апусцелай ферме ў той дзень сышлося нямала баб. Чакалі, калі ж падзеляць цялят. Верабей, які застаўся галоўным тутэйшым начальствам, перагледзеў яшчэ складзены Ігнатам Адамчыкам спіс. Зразумеў: галавой думаў хлопец, пра бяднейшых. Аднак раптам самым апошнім у спісе заўважыў прозвішча былой хутаранкі Хрысціны Мірановіч, і нават пачырванеў ад злосці: на табе, выслужылася нечым перад Адамчыкам гэткая краля хутарская!
Читать дальше