з сельсавета дадатковыя лавы. Іх неяк уціснулі ўперад, па баках, але і гэтага не хапіла. Ды людзі не крыўдавалі, сцішана стаялі каля адчыненых насцеж дзвярэй.
Тым часам суддзя падрабязна дапытваў Асіпенку. Брыгадзір, які, здавалася, за гэтыя месяцы пастарэў, асунуўся, абыякава і коратка адказваў на яго пытанні, яны яму, адчувалася, надакучылі. Асіпенка за гэты час ні разу не глянуў у залу, баючыся сустрэцца вачыма са сваёй хударлявай Грыпінай, якая сядзела ў другім радзе і ціха плакала, глытаючы даўкія камякі. Побач з ёй быў разгублены старэйшы сын Асіпенкі Мікола і яго цяжарная маладзічка Маруся.
Непадалёк ад сям’і арыштаванага брыгадзіра, з другога краю, сядзелі, узрушаныя, трое Адамчыкаў: Сцяпан, Агапка і іх нявестка. Побач з загарэлай Веркай, якая ўжо не хавала сваёй цяжарнасці, сцішыліся Нюрка і яе пануры Мікола Аўдзейчык.
— Дык вы прызнаеце сваю віну, таварыш Асіпенка? — вочы-круглякі суддзі глядзелі праз вузкія акуляры на арыштаванага з нейкай нервовай заклапочанасцю. Усім сваім выглядам гэты чужы чалавек нават і не імкнуўся схаваць, што яму ўжо надакучыла млець у гэтым душным і потным клубе, у якім яго прымусілі чыніць суд з-за скаргаў гэтых людзей, якіх ён так да канца і не мог зразумець. Ён нават мову іхнюю, выхадзец з Урала, якога лёс закінуў на Палессе, не мог разабраць, і яму так хацелася зараз схавацца куды-небудзь у цянёк, пабавіць час каля рэчкі ці каля возера.
Брыгадзір адказаў не адразу. Нарэшце, падумаўшы, цвёрда прамовіў:
— Сваю віну не прызнаю. Я не мог здагадацца, што нехта падкапаецца пад склад і будзе такім хітрым спосабам красці наша арцельнае дабро...
— Вы хочаце сказаць, што добра выконвалі абавязкі брыгадзіра, кантралявалі работу вартаўніка, таксама падсуднага Макарэвіча? — суддзя ажно заёрзаў на табурэтцы, нібы яму хто іголак туды панатыкаў.
— Людзі — сведкі, — ціха сказаў Іван, краем вока акінуўшы залу, і затым гэтак жа цвёрда дадаў. — Калякціў знае лепш за мяне, як працаваў, што рабіў. Я стараўся. Нікому зла не чыніў. Во яны, людзі — хай скажуць.
— Ды што там казаць: адна з лепшых шостая, яго брыгада, — выгукнуў, не вытрымаўшы, Мікола Аўдзейчык. — Не вінаватыя яны...
— Аге ж, людцы, ці ж правільна судом браць невінаватых, — прамовіла і Надзя Салавейчык, жонка старшыні сельсавета. На яе ў гэты момант злосна зыркнуў сам Салавейчык, і яна адразу аціхла, апусціла вочы.
— Тых злыдняў лепш лавіце, а яны чэсныя.
— Ну, рассмяшылі народ! Дзед Алесь — вораг народа.
— Не па закону, не тых судзіце.
— І проса, намі сабранае, каб іх не судзілі, даўно колосіцца, а іх усё роўна судзяць. Ці ж справядліва? Гэта так па савецкім законе?
Шум і гвалт распачаўся ў клубе. Як бы нешта прарвала ў людской свядомасці: незадаволенасць загарэлася ў іхніх вачах з-за таго, што маўчалі дагэтуль, дапусцілі, што такое тут адбываецца сёння. Ды такога зусім не павінна быць, і тых, каго трымаюць пад арыштам, народ жа ведае: добрыя і паважаныя, працавітыя людзі.
Суддзя ажно ўскочыў, яго твар пакрыўся буйнымі кроплямі поту, ён пачаў стукаць алоўкам па графіне, але калгаснікі не сціхалі. Іх таксама стараліся супакоіць сакратар парткама Верабей і старшыня сельсавета Салавейчык, ды дарэмна. Але ж як пачаўся гвалт, так і завяршыўся, калі людзі, што стаялі ля парога, расступіліся, і ўсе ўбачылі там першага сакратара райкама партыі Нікіценку, і таго, каго не спадзяваліся сёння сустрэць — маладога Адамчыка.
Яны прабіраліся праз жывую сцяну да сцэны, а жанкі ўзрадавана ківалі галовамі, не зводзячы вачэй з Ігната, перагаворваліся:
— Ігнатка, наш саколік, ой добра ж, што паправіўся...
— Гэта ж, старшыня наш тута. Не дасць у крыўду сваіх...
— Бледны, бледны зусім глядзі, наш Адамчык...
— Нічога, Верка ў яго што трэба баба, дагледзіць, паправіцца хутка дома...
З надзеяй на прыйшоўшых глядзелі арыштаваныя. Адамчык і Нікіценка па чарзе прывіталіся з людзьмі, і сакратар райкама перадаў нейкія паперы пракурору. Той толькі прабег па іх вачыма, устаў і сказаў:
— У справе паявіліся новыя абставіны. Прашу суд аб’явіць перапынак.
Незадаволены суддзя вымушаны быў пагадзіцца, хутка пакінуў сцэну, а за ім следам падаліся пракурор і следчы.
Ігнат адразу прывітаўся за руку з падсуднымі, і ў вачах тых загарэўся агеньчык надзеі, што ўсё будзе па справядлівасці.
А Адамчык ужо шукаў вачыма ў зале сваіх. Заўважыў: яго Верка і маці плакалі ад шчасця, убачыўшы сына і мужа, расчуліўся і стары бацька. Ігнат усміхнуўся і падміргнуў сваім родным, маўляў, усё са мной добра.
Читать дальше