У двух месцах каля канюшні злыдні наклалі салому — яе Аўдзейчык і брыгадныя склалі ў стагі метраў за трыста адсюль, каля рослых таполяў. Двое — з іх Ігнат адразу пазнаў Андрона, які стараўся саўладаць з запалкай, а другі, Адамчыку падалося, не, не падалося, быў Зміцер Аскерка, вінтоўкай падсоўваў пад дзверы канюшні салому. Быў яшчэ і трэці: высокі, барадаты мужчына, твару яго Ігнат не бачыў, ён нёс абярэмак саломы. Ігнат адхіліўся, яму падалося, што Аскерка паглядзеў сюды, і ў гэты момант за вугал канюшні данёсся едкі пах дыму.
Ігнат быў у роспачы. Ён не ведаў, што будзе рабіць у наступную хвіліну, але разумеў, што голымі рукамі з трыма, а двое з іх былі ўзброеныя, аднаму яму не справіцца. Бегчы, будзіць людзей? Але будзе ўжо, палічыў, позна: пакуль дабяжыць да першай хаты, пакуль пабудзіць каго — канюшню ахопіць полымя, не ўратуеш ні коней, ні будынак...
Раптам ён заўважыў утаптаную ў зямлю тоўстую частаколіну. Мільганула думка: усё ж у руках нешта будзе. Толькі частаколіна не паддалася яму, была добра ўтаптана капытамі жывёл. Нарэшце ўсё ж вырваў яе з зямлі, і ў тое ж імгненне з адваротнага боку канюшні пачуўся залівісты брэх сабакі і грозны голас вартаўніка:
— Вы што гэта тут уздумалі. А ну, рукі ўверх!.. Страляць буду!
Ігнат абрадаваўся: цяпер ён не адзін. Вырашыў напалохаць і дэзарыентаваць тых, хто быў пад канюшняй. Крыкнуў, каб пачулі і злыдні, і Аксёнчык:
— Дзядзька Хведар, мы тут, нас многа, страляйце, калі што, акружаем гадаў... Калі што, напавал б’ём! Аскерка, здавайся — табе дарогі іншай няма, чуеш! Адкуль прыйшоў — туды і пойдзеш! А ты, Андрон, тушы салому, калі хочаш жыць!.. Выконваць!
Там, ля дзвярэй канюшні, пачуўшы пагрозу, на нейкі час застылі ў здранцвенні. Першы ачомаўся, хоць і п’яны, Супчык, і кінуўся рашуча адкідаць кучы саломы, якая пачала ўзгарацца. Толькі яму не далі гэта зрабіць — Аскерчык пырнуў яго фінкай у жывот, і Андрон, адыходзячы, ціха апусціўся на зямлю.
Азірнуўшыся, напалоханы Аскерчык заўважыў Ігната Адамчыка, які бег да яго. Мабыць, яму са страху падалося, што ў таго ў руках вінтоўка. А з другога боку нечакана бабахнула дубальтоўка вартаўніка, і Аскерка, схапіўшыся за руку, відаць, драбіна зачапіла яго, пабег уцякаць. За таполі, кінуўшы салому, сігануў і той, другі зламыснік. Услед за ім гнаўся раз’юшаны сабака. Яшчэ праз імгненне зноў пачуўся стрэл — Ігнат заўважыў, як грузны вартаўнік рушыў за злачынцамі, і, зразумеўшы, што злыдняў не дагоніш, кінуўся да канюшні, схіліўся над Андронам. Той ляжаў нерухома насупраць дзвярэй у канюшню і не дыхаў. Ратаваць Супчыка было позна. Затое ў двух месцах разгаралася полымя: вось-вось яно ахопіць ужо высахлае сасновае дрэва, і тады нічога не паправіш.
Частаколіна ўсё ж спатрэбілася Адамчыку — ёй адкідваў ёю далей ад будынка салому, што ўвачавідкі разгаралася і разгаралася. Ігнат, хоць абпальваў рукі, але ж не дапусціў, каб яно перайшло вышэй, да страхі, і, нарэшце, збіў яго.
Затым кінуўся да другога падпалу, што быў з левага боку канюшні, там агонь таксама хутка разгараўся, і ўжо яго языкі сягалі вышэй за чалавечы рост.
— Ігнат, у карыце вада... Там вядро ёсць. Заліць трэба, каб не ўзгарэлася. Во, поскудзі, што ўздумалі... — Адамчык пачуў словы вартаўніка, убачыўшы, як той спяшаецца да калодзежнага жураўля.
Чамусьці падумаў: добра што Мікола Аўдзейчык, калі паіў коней, забыўся нанач схаваць вядро ў канюшню. Хведар цяпер дапаможа яму затушыць агонь, каб не разгарэўся зноў, як нечакана аднекуль збоку грымнуў стрэл.
Перад вачыма Ігната ўсё захісталася, і ён, як падкошаны, паваліўся на зямлю...
11
Схуднелыя і абыякавыя да свайго лёсу брыгадзір Іван Асіпенка і вартаўнік Алесь Макарэвіч сядзелі ў закутку, на лаве падсудных. Побач з імі, абапершыся на сцяну, стаяў малады бязвусы міліцыянерчык. Арыштаваныя зрэдку падымалі вочы то на землякоў, то на сцэну, дзе за шырокім сталом, накрытым чырвонай тканінай, сядзеў немалады каржакаваты суддзя. Гэта быў хваравіты, з жоўтымі круглякамі-вачыма, мужчына. Ён адразу запатрабаваў, каб у зале было ціха, і ўважліва слухаў пракурора, потым следчага Коршака, затым крыху пісклявым голасам распытваў глухаватага старога вартаўніка: як і што было.
Суд ішоў ужо другую гадзіну. Паказальнае разбіральніцтва па просьбе кіраўніцтва раёна ладзілася ў Бечыне ўпершыню. У клубе было душна і млосна. Прычына таму — неверагодная чэрвеньская спёка, што з самага ранку падала на зямлю, ад яе не ратаваў нават і лёгкі ветрык і кароткачасовыя дажджы. А тут сабралася амаль уся арцель, людзі бітком набіліся ў памяшканне. Месцаў на вузкіх лавах усім не хапіла. Каб рассадзіць прыбыўшых членаў шостай брыгады, якія прыйшлі ўсе да аднаго нават з сем’ямі, старшыня сельсавета Салавейчык арганізаваў камсамольцаў, і тыя прынеслі
Читать дальше