— Тое, што яна і ёсць Н., якая табе кніжку падпісала, я зразумела ў першыя ж дні, бо ты яе ўвесь час Нютай называеш. А потым я згадала, як мы з табой ляжалі і за вокнамі шамацеў дождж. І ты сказаў, што любіш дождж, што калі быў твой першы раз, таксама ішоў дождж. Маша казала мне, што ты Анну заўсёды выцягваў з бруду. Што яна танчыла стрыптыз, каб пракарміцца, а ты пра гэта даведаўся, узяў нейкую халтуру і грошы цалкам аддаваў Анне. — прамаўляла Іра, пачынаючы здаваць, бо не магла больш трываць гэтага тону дзяржаўнага абвінаваўцы. — Я ўчора ўвесь дзень думала пра ўсю гэтую гісторыю. Ведаеш, калі ты столькі гадоў на ёй вісіш, дык нават калі яна з'едзе далёка і выйдзе замуж, а я паеду следам за табой у Маскву — што гэта па сутнасці зменіць? Я ніколі не стану такой, як яна. І, блін, я буду ведаць, што ў мяне ногі даўжэйшыя і цыцкі прыгажэйшыя, што я ўвогуле зорка, а ты ўсё адно на ёй вісіш!
— Досыць. — папрасіў Грынкевіч, якому раптам стала сапраўды балюча, як быццам прыпякло.
— Я не мужчына, каб зразумець, што ў ёй такога асаблівага: даволі звычайная фігура, хіба што пластычная вельмі, рот вялікі, профіль ахматаўскі. Маша казала, што ты заўсёды быў побач з ёй, нават калі яна хадзіла ў драных джынсах, з пірсінгам і з чырвонымі валасамі вожыкам. Магу сабе ўявіць, што Маша адчувала, а яна ў параўнанні з Аннай проста шыкоўная. І пэўна ж, ты яе пры гэтым хацеў.
— У тыя часы я яе не хацеў. Гэта праўда. Але быў такі момант, калі аднойчы мы сядзелі на канапе перад тэлевізарам і проста супольна маўчалі. У нас гэта называлася «супольнае маўчанне», і мы ад яго лавілі кайф. І ў пэўны момант яна проста схавала твар у мяне на плячы. І мне было так добра, што я не падбяру словаў, каб гэта апісаць. І я тады не думаў пра сэкс. Немагчыма ўвесь час думаць толькі пра сэкс. А яшчэ ў яе незвычайныя вочы.
Ірына, відаць, хацела сказаць шмат чаго яшчэ, але тут далі другі званок і таму яна пачала скарачаць падрыхтаваны маналог.
— Я знайшла агента ў Еўропе, — адразу паведаміла яна. — Пасля конкурсу еду на дзве страхоўкі. У студзені ў мяне будзе канцэртны чос — па невялікіх гарадах, але будзе. А летам я буду паступаць у Венскую кансерваторыю. Так прасцей і з шэнгенам, і з агентамі. Думаю, кудысьці я там паступлю, не ў Вене, дык у нейкім іншым горадзе. Не так ужо і дорага там жыць і вучыцца, выкручуся. Гэта акупіцца.
— Вось яно як.
Грынкевіч спрабаваў перастрававаць гэтую навіну. Пра нешта такое ён думаў і здагадваўся, бо Ірына яшчэ летась хадзіла на курсы нямецкай мовы. Але тады яна ні пра якую кансерваторыю ў Еўропе не казала.
— Калі вы абодва, так бы мовіць, адваліліся — ты і Собалеў, — мне адразу стала лёгка і проста, — працягвала спявачка. — Я думала пра кансерваторыю ў Еўропе яшчэ курсе на трэцім. Аднойчы заікнулася пра гэта Собалеву, дык нарвалася на скандал. Я зразумела, што ён мяне туды не адпусціць, проста не хоча рабіць такой інвестыцыі. Так ён мне і сказаў. Я назапашвала грошы, так ці іначай думала, што ад яго ўцяку. А тут з'явіўся ты. У мяне сапраўды ў пэўны момант закружылася галава, і я думала напляваць на Еўропу і ехаць за табой у нікуды. Я ў цябе проста закахалася! І я не з Собалевым баялася парваць, я ім прыкрывалася, каб ты зусім маіх планаў не разбурыў.
— А ты прагматычная, — толькі і здолеў уставіць рэмарку Грынкевіч.
— Я, Лёша, рэалістка. Я не дзеля таго вучылася спяваць, каб сядзець на ўтрыманні ў правінцыйнага алігарха. І не дзеля таго ў мяне мадэльная знешнасць, каб ты ў сне называў мяне Аннай. І ўвогуле я хачу, каб мяне не толькі набывалі і не толькі хацелі, а проста кахалі. Калі з'явіцца нехта, нават без грошай і не з такімі інтымнымі здольнасцямі, як у цябе. Я буду проста ўдзячнай, калі мяне будуць кахаць. Мяне саму, а не мяне-карцінку. І я таксама буду туліцца да яго пляча, седзячы ля тэлевізара. Я ўдзячная Собалеву за грошы і сувязі, а цябе. Цябе я буду проста памятаць, бо гэтага нельга забыць.
Донна Эльвіра вагаецца, як большасць закаханых жанчын, яна спрабуе адшукаць апраўданні паводзінаў дона Джавані. Той працягвае маліць пра спатканне.
У яе крыху пачырванелі вочы — бачна было, што яна зараз заплача. Грынкевіч толькі сказаў ёй ціхае: «Даруй», — і дакрануўся да дзявочай шчакі пальцамі. У адказ на гэтую развітальную пяшчоту яна сапраўды заплакала і пайшла некуды ў бок грымёрак. Грынкевіч, якому пасля гэтай размовы зрабілася яшчэ горш, вярнуўся ў глядацкую частку. Ён сеў на гаўбцы, бо глядзець на Васю зблізу ўжо не мела сэнсу, і так з ім усё зразумела. Убачыў са свайго месца Мішу, які вёў Марго пад руку, але цяпер гэтая карціна ўжо не выклікала ў яго ніякіх эмоцый, нават весялосці.
Читать дальше