— Ён не хоча быць ахвярай, — адказаў сын. — Таму едзе.
— Ён не можа быць героем, таму ўцякае! — не супакойваўся бацька. — Можаце казаць што хочаце, але роднай зямлі яшчэ ніхто не адмяняў. Я не пра тую зямлю, што ў яго галаве круціцца са старажытнымі князямі, а пра тую, якая ёсць тут і цяпер. У нас усіх ужо нічога не засталося, апроч гэтай зямлі, каб мы былі разам. Нас трымае толькі зямное прыцягненне, нельга ад яго адмаўляцца.
«Але вы ўсім гэтым жанчынам здраджваеце!» — не супакойваецца Лепарэла. На што Джавані выкладае яму ўласную тэорыю: усё дзеля кахання; хто верны адной жанчыне, крыўдзіць іншых. Ну а тыя, хто не разумее ягонай, дона Джавані, дабрыні, той называе яго здраднікам.
— Досыць, тата, ніякага зямнога прыцягнення тут не існуе. Усё ў галовах, у наладках мазгоў. Кім пачуваешся, тым і будзеш.
— А як тады растлумачыць, што ў мяне збольшага людскае жыццё пачалося, толькі калі я сюды прыехаў? Проста я веру, што мая зямля дадала мне моцы. А вы.
Тут ужо ў старэйшага сына адмовілі тармазы, і ён сказаў бацьку тое, што столькі гадоў хацеў выказаць, але трымаўся. Бо маці прасіла больш не вяртацца да гэтай тэмы, дый з бацькам нібыта замірыліся вельмі даўно.
— Угу, дадала. Тут цябе пацягнула ратаваць чалавецтва, і ты займеў інфаркт. І яшчэ незразумела з якой прычыны ты матляешся дагэтуль да кабеты ў чужую зямлю. Бач, які парадокс! І які сэнс быў спраўляць тут хату, каб на нас усіх месца хапіла? Я не буду ў гэтай хаце жыць, і Віцька таксама не будзе. І не патрэбная нам гэтая зямля, калі на ёй нічога не расце.
Як не дзіўна, бацька не зрэагаваў на словы, якія павінныя былі яго зачапіць. Калі ён лавіў пэўную хвалю, усё астатняе яго больш не цікавіла.
— А не будзе нічога расці на зямлі, калі яе не даглядаць! Калі не араць, не ўгнойваць.
— Дзякуй, тата, але ні мне, ні Віцьку не хочацца ўгнойваць гэтую зямлю сабою.
На такі выпад бацька ўжо нічога не адказаў. Проста патушыў выкураную цыгарэту. Дый не выпадала ім далей спрачацца, бо прачнулася маці, прыйшла на кухню і ўбачыла, як муж-інфарктнік курыць. Потым убачыла яшчэ і зусім п'янага малодшага кволага сына. Накінулася на старэйшага. Развяла ўсіх па пакоях. Зранку, аднак, не згадвала ў размовах нічога з падзеяў мінулага вечара. Праўда, у бацькі тады падскочыў ціск, але ён не захацеў выклікаць «хуткую». Віцька ж банальна пакутаваў на галаўны боль, і яму рабілася млосна ўжо ад самой думкі, што да самалёта застаюцца лічаныя гадзіны і там яго будзе ванітаваць. Аляксей адзін паехаў праводзіць яго ў аэрапорт. Позна ўвечары ён сам сеў на цягнік да Масквы і быў унутрана шчаслівы ад таго, што яшчэ доўга не пабачыць бацькі.
Далей Джавані выкладае лёкаю планы новых прыгодаў: яму спадабалася пакаёўка донны Эльвіры. Так, вельмі рызыкоўна лезці проста ў тыл ворага, і дай душы волю, то сам будзеш у няволі.
У першыя месяцы з Віцькам была ледзь не істэрыка, а потым ён вывез у Штаты сваю Вольку і захапіўся роляй мужа і будучага бацькі. Так і прыцёрся на новым месцы.
Праўда, менавіта на вялікай адлегласці браты сталі болей камунікаваць і даведвацца адзін пра аднаго. І чым шпарчэйшым рабіўся інтэрнэт, тым большую крэўную повязь яны адчувалі. Прынамсі, толькі праз скайп Віктар пачаў шмат згадваць дзяцінства, апавядаць, як ён баяўся засынаць адзін у пакоі і, можа, ад гэтага ў яго здараліся прыступы. А яшчэ ён, як выявілася, ганарыўся старэйшым братам і бачыў у ім нейкага казачнага героя. Нават калі старэйшы прыязджаў і рабіў не дужа прыгожыя рэчы. Аляксею зрабілася няёмка ад такой ідэалізацыі. Гэта было горш, чым з жанчынамі, якім ён не мог даць таго, чаго яны чакалі. Гэта была нейкая найвышэйшая ступень даверу, якога ён не мог спраўдзіць. Ці не хацеў.
Дзеля таго, каб заваяваць красуню, Джавані прыдумаў ваенную хітрасць — пераапрануцца ў адзенне плебея, бо простыя людзі не давяраюць шляхце.
«Што бацуку палорыш? — пацікавіўся Грынкевіч. — Мне дык флцік замлвілі. У іх яшсэ старая студкавая мыдьніца, лтчбы яну сабе не займклі ніякайю Провіць неўта без пржтэнзіяш».
«Мне замаўлялі вэб-камеру, — адказаў Віктар. — Хоча, каб унук яго жыўцом бачыў».
«Які ш нас тжхнісна прасунутв тата! Ну жы годзеб нармальныч падарункію Я ш Маскву на дзень прыкдуб якраз неўта паўука.ю па крамазБ каб ужо не зусім без пржтэнзіяш».
«Угу, — адрэагаваў брат. — А што ў цябе з клавай? Кірылічныя літаркі сцёрліся?»
«Ды не. — Грынкевіч павагаўся колькі хвілінаў і нарэшце выдаў, спрабуючы сачыць за сваёй аплікатурай: — Ты на мяне не злуешся за тую нашую сварку?»
Читать дальше