Лепарэла какетнічае і ламаецца: ну годзе, прыму гэтым разам вашыя дублоны, але не думайце, што зноў здолееце мяне купіць.
Падлеткам ціхі і ўражлівы Віктар захварэў на беларушчыну. Пачалося ўсё з школьнага рэферата па гісторыі, які брат напісаў самастойна і на сваім матэрыяле. Пісаў ён пра сталінскія паваенныя рэпрэсіі, а матэрыял назбіраў з расповедаў дзядзькі, якога праз бацьку — ворага народу не ўзялі тады ні ў сувораўскую вучэльню, ні ў інстытут. А калі дзеда рэабілітавалі, дык паступаць у інстытут было позна. Тэма рэферата захапіла Віцьку, і ён напісаў таксама пра вымушаны калабарацыянізм. Дзед па матчынай лініі яшчэ быў жывы, а год на дварэ быў дзевяноста трэці, таму можна было казаць шмат пра якія рэчы. Хлопец узяў і апісаў гісторыю Фларыяна і Казіміра Стрыжэўскіх — зрабіў такую сабе ілюстрацыю ў рэфераце. Зразумела, у школе яму паставілі тройку і назвалі працу не рэфератам, а вялікім сачыненнем на адвольную тэму. Да таго ж настаўніца сказала, што гэта не факты, а прыдумкі, такога не магло быць. Немагчымасць паступіць у сувораўскую вучэльню — гэта адно, а вось гісторыя Фларыяна і Казіміра Стрыжэўскіх. Настаўніца палічыла гэта ерассю, нават у дзевяноста трэцім годзе.
Аляксей памятаў, з якім абурэннем брат пераказваў яму гэта. І хоць старэйшы не мог зразумець яго нацыянальных сантыментаў, сама палкасць і апантанасць была заразнай. Гэта была праява фамільнага пачуцця справядлівасці, прапісанага ў іх ДНК. Старэйшы брат нават сам прачытаў тады сёе-тое з гісторыі, нешта амаль апакрыфічнае. Потым ён вельмі натуральна ўспрыняў тое, што Віцька ходзіць на розныя мітынгі і шэсці, што ён трапіў у нейкую арганізацыю. У гэтым ён зноў-ткі ўбачыў праяву фамільнага пачуцця справядлівасці і жаданне паставіць пад сумнеў рэчы, якія большасці падаюцца аксіёмай. Дайшоў нават да таго, што дзеля брата пачаў адгукацца на нязвыклае імя — Алесь.
Джавані пытаецца, ці гатовы лёкай зноў выконваць яго загады. Лепарэла гатовы, але просіць гаспадара пакінуць жанчын.
І тут раптам Віцька выйграў Green Card. Гэта здарылася якраз на пятым курсе ўніверсітэта, калі трэба было вызначацца, што рабіць далей. Здарэнне было нечаканым, бо ў латарэі Віцька паўдзельнічаў дзеля смеху, за кампанію з сябручкаміпраграмістамі, якія толькі і думалі, каб куды зваліць. А малодшы брат нібыта ж быў патрыётам, прычым сумленна-ідэйным. Усё лета дзве тысячы першага года ён вагаўся, ці ехаць яму проста на разведку — і ў першыя дні кастрычніка паляцеў у Нью-Ёрк. Не на разведку, а назусім. Аляксей тады прыехаў у Мінск на своеасаблівую «адвальную» брата. Яны швэндаліся па горадзе, прызямляючыся ў розных барах. За вечар яны набраліся да непрыстойнасці і ледзь не загрымелі ў пастарунак, бо задумалі праспяваць на вуліцы спантанна прыдуманую песню «Мы — беларусы, так нам і трэба» на матыў дзяржаўнага гімна. Віктар, які не ўмеў піць, ледзь дабраўся тады дадому і перш-наперш пайшоў высвятляць стасункі з унітазам. Больш загартаваны ў п'янках і больш здаровы Аляксей вымушаны быў завесці размову з бацькам, які сустрэў іх позняй ноччу.
Ён ужо з цяжкасцю прыгадваў, з чаго тады ўсё пачалося і як размова перайшла з чытання антыалкагольных мараляў на рэчы светапоглядныя. Але бацька тады нават узяў цыгарэту, хоць кінуў курыць яшчэ пасля першага інфаркту. Ён сутаргава зацягваўся, стрэсваў попел у сподак і ўсё казаў, што яму прыкра бачыць уласных дзяцей, якія ні ў што не вераць. Што дзеці ідуць шляхам найменшага супраціву і гэтым ствараюць сабе новыя перашкоды.
«Пакінуць жанчын?! Ды гэта глупства! Жанчыны патрэбныя мне як хлеб штодзённы, як паветра, якім я дыхаю!» — ускрыквае дон Джавані.
— Ну вось навошта ён ляціць у Амерыку? — задаў бацька амаль рытарычнае пытанне.
— Як навошта? Там ён мае шанец! — адказаў старэйшы брат.
— Шанец. Я нарадзіўся тут, але вырас за Уралам, — казаў Андрэй Аляксандравіч. — І паступіў у ленінградскі інстытут, а гэта было лепей за любы мінскі інстытут. Але там я быў ніхто, звычайны інжынер, пустадомак з інтэрната. А сюды мяне запрасілі і адразу далі дах над галавой...
— І якая мараль у тваёй прыпавесці? — запытаўся Аляксей, таксама зацягваючыся, але лянотна і без імпэту.
— Бачыш, сын, мы самі дапусцілі, што нас у сябе дома робяць нікім. І мы хочам адсюль уцячы, каб недзе ў іншым месцы быць кімсьці. А там мы таксама ніхто, хоць мы пра сябе шмат чаго можам уяўляць. Са свайго дому трэба з'язджаць часова, у вандроўку — і заўсёды па сваёй волі. А не ўцякаць, ды яшчэ і пад брэх сабак, якіх на цябе свае ж і спускаюць.
Читать дальше