— Я цябе зараз на месцы каструю! — зароў Собалеў і рвануўся да Грынкевіча. Яго стрымаў дырэктар разам з Мішам.
Алігарх кінуў дзікі позірк на Ірыну, потым на ейнага каханка. Падышоў да зламаных дзвярэй. З нечаканай сілай выдраў ручку і без словаў швыргануў яе на падлогу, пасля чаго выйшаў з класа, расштурхоўваючы стыхійна ўтвораны натоўп. Яго праводзіла ўключаная камера. Дырэктар апрытомнеў першы і вывеў у калідор журналістку з мікрафонам, актыўна паўтараючы выбачэнні.
Музыканты і лёкаі сыходзяць, сканфужаныя тым, што адбылося.
— Усё, сыходзім адсюль! Сыходзім! — камандаваў Міша. — Зараз у нас будзе рэпетыцыя! Чуеце?!
Натоўп паціху рассоўваўся і скіроўваўся ў залу. Ірына так і сядзела, упёршы вочы ў падлогу. Грынкевіч стаяў, разглядаючы сценку, бо яму не хацелася сустракацца вачыма ні з кім, асабліва з Аннай.
Мсціўцы літаральна ўзялі Джавані ў аблогу, яны хочуць расправіцца з ім проста зараз.
— Сатыр! — ашалела кінула Маша.
— Затое ты, Маша, цяпер можаш не містыфікаваць мяне і не падазраваць невядома ў чым, — флегматычна адгукнулася Анна. — І можаш не ездзіць у N з хворай нагой.
— Цікавыя метады працы, — іранічна прамовіў Гюнтар і павёў Анну ў калідор.
У Ірыны тым часам пачалася істэрыка. Калі ўсе пакінулі клас, яна зараўла. Грынкевіч моўчкі ўзняў пюпітр, падабраў з падлогі залаціста-чорны станік і падаў яго дзяўчыне. Тая ўзнялася і таксама моўчкі заляпіла яму звонкую поўху.
Раптам пачынаецца моцная навальніца. Грыміць гром. Дон Джавані карыстаецца лёгкім пярэпалахам, які нарабіла стыхія, і ўцякае. Мсціўцы бачаць у гэтым раптоўным прыходзе навальніцы амаль прароцтва: хутка нябёсы самі пакараюць свавольніка.
Заслона.
АКТ ДРУГІ
Сцэна І
Старая агароджа багатага дома, як і ў першым акце.
Дон Джавані з мандалінай у руках і Лепарэла.
№ 14: Дуэт «Eh via buff one.».
— Што было? Ды нічога не было! У нас свабодная краіна — хто з кім хоча, з тым і трахаецца! Як быццам я яе прымушаў. Сама ж і пагадзілася. Хай Собалеў спачатку з ёй ажэніцца, а потым ужо выступае, правы, блядзь, уласнасці абараняе. Ці няхай віягры сабе набудзе. Заябалі мяне ўжо са сваімі маралямі. І ты таксама! — выгукнуў Грынкевіч і ляснуў кулаком па стале так, што падскочыў і перакуліўся кілішак з гарэлкай.
Гаспадар і лёкай пасварыліся. Пасля прыгоды з сялянамі ў замку Лепарэла надумаў сыходзіць ад дона Джавані і шукаць сабе іншага наймальніка. Джавані спрабуе ператварыць гэтую сварку ў жарт.
Яны з Мішам сёння напіваліся дома ў Грынкевіча, на кухні, у найлепшых рускіх традыцыях, якія гэтым разам падаваліся гаспадару неверагодна мілымі і душэўнымі. Ён быў сучасным чалавекам і ўжо завёў модную звычку выпіваць у барах. Але прадчуваючы, што гатовы дапіцца да такога стану, калі чалавек не здольны адамкнуць дзверы ўласнай кватэры і таму засынае проста на лесвічнай пляцоўцы, ён рабіў гэта дома. Грынкевіч напіваўся, а Мішэль хіба толькі пазначаў прысутнасць, бо назаўтра мусіў працаваць спектакль дый жонка магла ўчыніць скандал. Грынкевіч назаўтра меў выходны і не меў жонкі. А ўсе яго бабы паўцякалі. Нават Маша выдаліла яго са спісу сяброў у сацыяльных сетках. Амэн.
Не ўпершыню пра Грынкевіча гудзелі ўсе грымёркі ў тэатры, але ўпершыню здарылася так, што кепская рэклама яму нашкодзіла. І цяпер нават маладзенькія аркестранткі, з якімі ён дагэтуль нязмушана і цнатліва фліртаваў, шугаліся ад яго, як ад серыйнага маньяка-забойцы. Толькі Анна паводзілася са звычайным спакоем. Пэўна ж, цяпер ёй было прасцей угаварыць сябе і на вяселле з Гюнтарам, і на агульнае з ім жа дзіця. Грынкевічу было асабліва прыкра менавіта ад гэтага нязмушанага спакою.
Ірына тым часам сышла на бальнічны і ўжо тыдзень не паказвалася на працы. Аднак у кабінет дырэктара па нейкай справе заходзіла.
— Мне што. Мне нічога. — з нясмелым абурэннем прамармытаў Міша. — А ты хоць у курсе, што Собалеў пагражаў пасадзіць цябе за згвалтаванне?
— Што?! — са здзекам перапытаўся Грынкевіч, якога ўжо пачынала хістаць ад гарэлкі. — Каго ж гэта я згвалтаваў, каб ён мяне пасадзіў?! Яго?! Ды ў мяне б на яго не ўстала, нават калі б я быў закаранелым підарам.
Грынкевічу гэта падалося дасціпным, і ён зарагатаў. Міша, наадварот, пасур'ёзнеў і нават адставіў кілішак убок.
— Я бачу, як табе пастаноўку далі, дык ты вырашыў, што табе ўсё можна. Ты ўвогуле змяніўся, панесла цябе на ўхабу. І праўду ж той казаў, што дурань не родзіцца, а сам знаходзіцца. Сёння Любачка на ўласныя вушы чула, як Собалеў у кабінеце дырэктара казаў: маўляў, задам яму перцу з імберцам, пасаджу за згвалтаванне. Няхай Ірка напіша заяву ў міліцыю, а потым зробім так, што пасля прэм'еры яго адразу ў ізалятар. І пад суд. І станеш ты, братка, закаранелым підарам на зоне.
Читать дальше