Лёкаі разносяць прахаладжальныя напоі. Дон Джавані заляцаецца да Дзэрліны, а Лепарэла, пераймаючы гаспадара, — адразу да дзвюх іншых сялянак, Джаноты і Сандрыны. Мазэта не адыходзіць ні на крок ад Дзэрліны, ён замінае дону Джавані.
— Добра выглядаеш, — сказаў ён, павітаўшыся са спявачкай.
Яна, напэўна, чакала скандалу і разборак. Можа быць, нават правакавала яго. А ён не праглынуў нажыўку. «Як шкада!» — чыталася на ейным твары.
— Я вазьму клас. Распяюся пакуль. — разгублена пралапатала яна, ідучы да дыспетчара.
Грынкевіч азірнуўся навокал і ўбачыў Собалева. Відаць, той і прывёз паненку на працу. Мужчыны парукаліся.
— Вы дазволіце мне папрысутнічаць на рэпетыцыі? — звярнуўся ён да дырыгента. — Цікава паназіраць за працэсам, а то ўсё ў зале ды ў зале. А Іра так захапляльна пра вас апавядае.
— Безумоўна, безумоўна! — вельмі ветліва адгукнуўся Грынкевіч. — Ідзіце па гэтым калідоры направа, у канцы будзе лесвіца. Падымайцеся на самы верх, там рэпетыцыйная зала. Там самі ўбачыце.
Ён пайшоў на ганак, куды за ім увязаўся Вася, які не курыў. Толькі што патэлефанаваў дырэктар і папрасіў перачакаць, бо прыехала начальства і аглядае рэпетыцыйную залу разам з тэлебачаннем. Там пішуць інтэрв'ю дзяржаўнай важнасці, бо тэбэшнікам спадабаўся фон у зале. Таму можна гуляць лішнія пятнаццаць-дваццаць хвілінаў. Пакуль Грынкевіч зацягваўся цыгарэтай, ліхаманкава абдумваючы адну імправізацыю, якую зараз хацеў учыніць, Вася за кампанію з ім проста дыхаў тытунём. Ён сёння наважыўся атруціць свайго шэфа па спектаклі вечнымі скаргамі на тое, як усе навокал не хочуць працаваць і як малады талент не можа прабіцца. Вася пляткарыў наконт уласнага кузена, сына галоўнага, якога татачка па сваіх сувязях запхнуў у нейкі знакаміты іспанскі аркестр асістэнтам.
— Вялікі гонар — быць асістэнтам! — з прыхаваным раздражненнем буркнуў Грынкевіч: самае брыдотнае было ў тым, што Вася пляткарыў пра ўласнага дзядзьку, які ўладкаваў яго ў гэты тэатр таксама па не абы-якой пратэкцыі.
— Чаму гэтак іранічна?
— Чым круцейшы табе трапіўся маэстра, тым меней у цябе шанцаў нешта зрабіць самому. Ведаю, пра што кажу, я гэтага хлеба пакаштаваў. Не любяць, Вася, вялікія маэстра праяваў індывідуальнасці ў асістэнтаў. І гэта нармальна, іначай парадку не будзе. Калі ты нешта цікавае на рэпетыцыі зробіш, ён потым усё адно выдае гэта за сваё. Таму калі ў мяне быў выбар паміж правінцыяй і асістэнцтвам у Піцеры, я выбраў правінцыю. Для дваццаціпяцігадовага пацана гэта было крута. Праўда, я тут таксама дурэў спачатку. Мяне толькі пару гадоў таму перастала турбаваць, што я пацан і не магу атрымаць усё тут і цяпер.
— А што, абавязкова самому нешта рабіць? Павінны ж быць і асістэнты. Але Іспанія, іншы свет, іншыя грошы.
— Ён ніколі не будзе дырыгентам: такіх, як ён, процьма, — упарта паўтарыў Грынкевіч.
— Не ўсе ж такія энтузіясты, як ты! — крывавата ўсміхнуўся Вася. — Я б пайшоў асістэнтам. Не хачу чакаць, пакуль мне будзе гадоў пяцьдзясят. Хачу ужо сёння грошай і нармальнага жыцця, хай сабе асістэнцкага.
— Я пра гэта чуў ад цябе. І неаднаразова, — зусім ужо агрызнуўся Грынкевіч. — А ўвогуле, калі ўжо быць асістэнтам, дык толькі паўгода-год. Стажавацца ў рэальна крутым тэатры з рэальна крутым маэстра. Я б на які сезон з'ездзіў. Хаця б у Італію. Там кожны аматар сыграе табе на скрыпцы або флейце такім гукам, які тутэйшы выпускнік кансерваторыі выдасць толькі пасля доўгай дрэсуры. А там усё натуральна, арганічна. Каб граць такім гукам, валодаць іх штрыхамі, там трэба паварыцца. Прыехаць туды, адразу зразумець, якое ты лайно, напіцца з гэтай нагоды. А потым раззлавацца і пачаць працаваць. І ўвабраць у сябе ўсё добрае, што можаш увабраць. Не, не злізваць у крутога маэстра нейкія прыёмчыкі, а навучыцца мысліць як яны, адчуваць музыку як яны.
— Ты не ў гуморы?
— Паслухай, шаноўны асістэнт. Ты чым займаўся на рэпетыцыі, якую я цябе прасіў правесці?
— А я хіба вінаваты ў тым, што там абы-хто сядзіць у аркестры, у тваім складзе? Вось у дзядзькі.
— Гэта сцэнічны аркестр. Твой аркетр! Усё, Вася, годзе. Мне на твае сваяцкія сувязі пляваць. Бо мазгі і вушы ад іх не вырастаюць.
— Смелы які.
— Ідзі на хутар. Можаш сваяку напаклёпнічаць, хай мяне здымаюць, хоць адразу пасля прэм'еры.
— Ды цябе ўжо заўтра выпруць!
— Не-е-е. Заўтра я вам усім яшчэ патрэбен.
Сцэна ХХІ
Уваходзяць донна Анна, дон Атавіа і донна Эльвіра ў масках.
Читать дальше