А яшчэ трэба было як мага хутчэй аднавіць спаленыя масты з Ірынай.
Зноў уступае галоўны аркестр. Маскі моляцца перад тым, як увайсці ў дом свавольніка і затрымаць яго. Яны просяць нябёсы дабраславіць іх, а затым уваходзяць.
Сцэна XX
Ілюмінаваная зала, прыгатаваная для вялікага свята і балю. Дон Джавані, Мазэта, Дзэрліна, Лепарэла, сяляне і сялянкі, лёкаі, музыканты.
Ранак наступнага дня быў шэрым ва ўсіх слоўнікавых сэнсах. Над горадам вісеў туман, ліпкі, як кокан гіганцкага вусеня. Грынкевіч прачнуўся а дзясятай, і першае, што яму захацелася зрабіць, гэта глытнуць кавы. Нават раней за цыгарэту. Ён прадчуваў, як на рэпетыцыі ягоныя салісты будуць войкаць з нагоды таго, што голас у такое надвор'е не гучыць дый тонусу няма, а струннікі ў аркестры будуць бясконца падладжвацца.
У замку дона Джавані балююць і весяляцца. Сялянскіх дзяўчат частуюць кавай і шакаладам, цукеркамі і крэмаўкамі. Мазэта сочыць за Дзэрлінай, якая ўжо сама не радая, што прыйшла на гэта свята.
Яшчэ ён думаў пра Ірыну, бо яе вяртанне цяпер ужо ўяўлялася найлепшым спосабам разрубіць гордзіеў вузел ягоных асабістых няўдач. Ці выстрыгчы каўтун, як выразілася Анна. Самалюбства апошняй будзе закранутае, хоць яна можа нічога і не паказаць звонку, яна ж умее кіраваць сваімі эмоцыямі. Вось і добра. Што там ні кажы, але Анніны жаночыя вабноты не могуць канкураваць з Ірынінымі. Прынамсі, у вачох навакольных людзей. І няхай Анна потым робіць дзяцей са сваёй бляклай моллю. У такога нават пры грашах і сувязях заўсёды будуць праблемы з сэксам. А тут такая нішто сабе дзяўчына ашчаслівіла. Будзе сядзець у яе пад фартухом, і ёй выгодна.
Ён выпіў кавы, паснедаў і выкурыў цыгарэту. У тэатр ён прыйшоў роўна апоўдні, на самую рэпетыцыю. Тут выявілася, што сабраліся ўсе, апроч Ірыны. Грынкевіч патэлефанаваў ёй. Ірына зусім спакойна паведаміла, што будзе праз паўгадзіны. Яна ведала, што падстаўляе яго, — гэта рабілася свядома. Абедзве іншыя Дзэрліны не маглі прыйсці на рэпетыцыю. І тое, што яна праспала, — гэта была хлусня. Так, цяжка на другі дзень пасля спектакля ды яшчэ ў такое надвор'е ўключацца ў працу, але ж. Ён падумаў, што гэта, хутчэй за ўсё, свайго кшталту помста, але сварыцца не стаў, гэта не ўпісвалася ў яго планы.
— Давайце самы пачатак, — скамандаваў ён. — Першы нумар, інтрадукцыя. Паспрабуем прайсці ўсё да донны Эльвіры і паглядзім, што ў нас выходзіць.
— Але ж у дзяўчынкі зорная хвароба. — прамовіла Тамара, тая самая, што спявала цяпер донну Анну. — Я да тэатра сем гадоў у філармоніі штодня голасам працавала — і нічога.
— Усё, увага! Пачынаем! — абарваў гэтыя размовы Грынкевіч, грукаючы палачкай па пульце. — Лічба адзін.
Гэты кавалак ён ужо рабіў, але са спыненнямі. Цяпер вырашыў прагнаць увесь. Але ж фінал яму быў важнейшы, бо яго трэба было чысціць. Там, апроч салістаў, было шмат нестыковак у сцэнічным аркестры. Ён дарма паспадзяваўся на Васю, калі даручыў яму ліквідаваць іх, хоць гэта і быў Васеў працоўны абавязак, бо ў тэатры ён быў цяпер аформлены як дырыгент сцэнічнага аркестра. А Вася сядзеў у кутку рэпетыцыйнай залы і, несумненна, быў задаволены сабой. Для выгляду нават уважліва сачыў па партытуры. Відаць, наіўна спадзяваўся, што ў гэтым сезоне яму выпадзе на халяўку адмахаць тое, чаго ён не рабіў.
— Ну, усё добра, — заспакоена адзначыў Грынкевіч і звярнуўся да донны Анны: — Тома, усё нармальна. Толькі па стылі гэта павінна быць сухавата, як на твой голас. Тут рэч у якасці гуку, а не ва ўзроўні яго падачы. Значыць, робім яго амаль інструментальным, наколькі гэта магчыма з тваім матэрыялам. Калі па штрыху нешта незразумела яшчэ, то застанься, я з табой гэта ў класе пад раяль прайду. Увогуле ж арыентуйся па аркестры.
— Пасля Тоскі складана.
— Разумею, але ж цікава. Донна Анна — твая партыя, ты яе зробіш.
Потым ён вырашыў зрабіць яшчэ адзін кавалак, да Дзэрліны і Мазэта. Потым заняўся чысткай аркестра ў фінале. Паўгадзіны даўно мінулі, але ж Ірыны не было. Давялося рабіць фінал без яе, пагатоў партыя Дзэрліны тут не была асноўнай. Грынкевіч не злаваўся, бо пачуваўся вінаватым у стварэнні такой сітуацыі.
З'явілася яна амаль праз гадзіну пасля пачатку рэпетыцыі. Дырыгент ужо абвясціў перапынак. Ён сустрэў Ірыну на шляху да службовага ўвахода. На вуліцы пакуль было яшчэ не так халодна, і таму ўсе курцы імкнуліся на ганак. Грынкевіч ішоў туды ж.
Ірына выглядала як дзяўчына з вокладкі моднага часопіса. Пэўна, яна патраціла на грымаванне якраз тую гадзіну, на якую спазнілася.
Читать дальше