— У нас, здаецца, зараз будзе фінал першага акта «Дона Джавані», а не фінал другога акта «Травіяты». — загаварыла яна глухім голасам, і, нават не бачачы ейнага твару, можна было зразумець, што дзяўчына падціскае вусны, каб не заплакаць. — Дык чаго ты прыйшоў?
— Сказаць, што я дурань і казёл. І што я болей за ўсё на свеце хачу цябе вярнуць. Я сапраўды як з глузду з'ехаў з гэтым «Донам Джавані».
— Ты з Івановай з глузду з'ехаў, а не з «Донам Джавані»!
— Няма ў мяне нічога з Івановай і быць не можа. Яна праз тры дні пасля прэм'еры выходзіць замуж і з'язджае ў Нямеччыну. А я ў канцы сезона перабіраюся ў Маскву. І я хачу, каб мы былі разам.
Ён падышоў і абняў яе ззаду за талію. Ірына не варухнулася і стала мяккай у яго руках. Яна сумавала па ім, і гэта стала яму зразумела. Але ж як прыемна ўсведамляць, што вось гэтае наравістае даўганогае стварэнне прывязалася да цябе! Ён сам адчуў узбуджэнне, і ейная просьба: «Не трэба, зараз увайсці могуць», — адно болей яго разахвоціла. Грынкевіч адпусціў дзяўчыну, толькі каб рушыць да дзвярэй і павярнуць ключ у замку.
Дон Джавані танчыць з Дзэрлінай контрданс.
— Ты што надумаў?! — гучным шэптам выгукнула яна і пачала адступаць у куток класа, пакуль не ўпёрлася ў імправізаваны грымавальны столік.
— Сама ведаеш. — сказаў ён, злавіўшы Ірыну і ўсадзіўшы на гэты столік.
— Тут жа ізяляцыя паганая. — бездапаможна прашаптала яна, дазваляючы спачатку зняць з сябе блузку, а потым абутак і калготкі. — І калготкі парвеш.
Яна яшчэ паспрабавала супраціўляцца, пакуль не адчула, што рука Аляксея ў яе за спінай спрактыкавана расшпіліла станік.
Лепарэла прымушае Мазэта танчыць. Да сцэнічнага аркестра далучаецца трэцяя група, якая грае грубаваты нямецкі танец.
Яны ўжо колькі хвілінаў самазабыўна мілаваліся. Прынамсі, прыслоўе «самазабыўна» тычылася найперш Ірыны. Грынкевіч жа пачуў, дзякуючы сапраўды няважнай ізаляцыі, што Міша і Собалеў падышлі зусім блізка да дзвярэй класа. Немагчыма было разабраць словаў, але галасы ён пазнаў. Калі ж ручка дзвярэй торгнулася, Ірына ўстрапянулася.
Дзэрліна ўпіраецца, не хоча ісці за донам Джавані, які цягне яе да бакавых дзвярэй.
— Тссс. маўчы. — прашаптаў Грынкевіч. — Няхай думае, што ты незаўважна выйшла і, напрыклад, вырашыла здаць ключы дыспетчару.
Собалеў пакінуў ручку ў спакоі. Але Ірына, якая ўсё ж паспрабавала рвануцца і саскочыць са століка, выпадкова зачапіла пюпітр, што стаяў побач. Той з грукатам паляцеў на падлогу.
Дзэрліна ўсчынае крык. Танцы спыняюцца, сярод прысутных паніка. Мазэта бяжыць на дапамогу нявесце, а Лепарэла — на дапамогу гаспадару.
— Ды што там такое?! — пачуўся голас Собалева.
Яны трапілі ў пастку. Грынкевіч зашпіліў прарэх і паправіў швэдар, прадчуваючы, што яму, цалкам верагодна, зараз зламаюць сківіцу. Праўда, алігарх з яго задышкай і двума пудамі лішняй вагі наўрад ці нагэтулькі спрытны. Але ж раўнівы раз'юшаны мужык здольны на ўсё. Сківіцу дык сківіцу, абы рукі былі цэлыя.
— У чым праблема, што там такое? — данёсся голас дырэктара, і гэта было ўжо зусім кепска.
— Іра, ты тут? — роў Собалеў.
Дзэрліна выскоквае з дзвярэй, куды яе быў зацягнуў дон Джавані. Свавольнік выскоквае следам за ёй са шпагай у руцэ. Ён трымае адной рукой Лепарэла, каб падаць сітуацыю такім чынам, быццам ён злавіў гвалтаўніка.
— Ды яна гэты клас узяла, хвілінаў дзесяць таму распявалася і дакладна не выходзіла, — падказала нейкая свалата, якую Грынкевічу вызначыць не ўдалося.
— Дагуляліся. — прамовіла Ірына, якая ліхаманкава зашпільвала блузку і спрабавала нацягнуць калготкі, вядома ж, робячы на іх стрэлку. — Дзе станік?!
Між тым стала зразумела, што алігарх вырашыў зламаць дзверы, і яго ў гэтым падтрымалі. У калідоры ўжо сабраўся натоўп, які і дапамог у гэтай справе. Хліпкі замок не вытрываў і вылецеў з першай спробы.
Аднак дон Атавіа выхоплівае пісталет і крычыць свавольніку, каб той спыніў сваю гульню. Маскі адна за адной адкрываюцца. Спачатку Джавані пазнае донну Эльвіру, потым дона Атавіа, апошняй — донну Анну, перад якой чамусьці спрабуе апраўдацца. Аднак яна кідае яму: «Злачынца!».
Знясіленая Ірына села на крэсла як была: у парваных калготках, босая і ў абы-як зашпіленай блузцы, пад якой не было станіка. Станік валяўся на падлозе, накрыты тым злашчасным пюпітрам, таму ў мітусні дзяўчына яго не заўважыла. Грынкевіч стаяў у іншым кутку класа, рыхтуючыся атрымаць тое, чаго ён, уласна, заслугоўваў. А клас вокамгненна напоўніўся народам, як склеп вадой у моцную паводку. Купка аркестрантаў, Собалеў, дырэктар, журналістка з мікрафонам і аператар з камерай, Анна з Гюнтарам, Міша, што ўчапіўся ў руку Собалева, як маленькі хлопчык у нашыйнік ратвейлера, быццам здольны быў яго стрымаць. І яшчэ там была Маша, прычым гэта была не галюцынацыя, а цалкам рэальная Маша. Поўны камплект.
Читать дальше